15 гадоў TuzinFM — у фота, аўдыё і відэа
4245 / 0
05.12.2018

15 гадоў TuzinFM — у фота, аўдыё і відэа

12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs партал TuzinFM адзначае 15-годзьдзе. Прыгадваем, як праходзілі вечарыны «Тузіна» ў мінулыя гады. Увага! У матэрыяле схаваны прома-код са зьніжкай у 50% на квіток!

Першы тур на «Тузіне» стартаваў 12 кастрычніка 2003 году і да лета 2004-га праз гіт-парад прайшло 60 кампазыцыяў.  У тым сэзоне свае сьвежыя творы ў чарце прэзэнтавалі Ulis, N.R.M., «Крама», «Крамбамбуля», «Палац», «Троіца», Camerata, Валік Грышко, Neuro Dubel… Менавіта ў тым сэзоне «Ляпіс Трубяцкі» прэзэнтаваў фактычна сваю першую беларускамоўную песьню «Рамонкі», «J:Морс» і Сярога перасьпявалі свае гіты («Глядзі» і «Лялька» адпаведна) па-беларуску, дэбютаваў ананімны праект «UltraВожык». Перамогу ў гіт-парадзе сьвяткавалі такія песьні, як «Дзень без гарэлкі» Аляксандра Памідорава, «Устану ранкам» гурта UIis, «Я ішоў да цябе» Зьмітра Вайцюшкевіча, праект Ігара Варашкевіча ды Віктара Маўчанава «Цмок і малыш» зь песьняй «Баба Лена», а па выніках сэзону найлепшай песьня была прызнаная «Люблю» гурта «Крамбамбуля». Усе песьні першага сэзону даступныя для праслухоўваньня ў адным плэй-лісьце.

Год сваёй дзейнасьці мы адзначылі 12 сьнежня 2004 году ў Палацы рэспублікі шыкоўным канцэртам. Цяпер пра той канцэрт у сеціве засталіся рэдкія згадкі, а на той час гэта была сапраўдная падзея. Хоць бы з той прычыны, што тады дзейнічала забарона на выступ шэрагу беларускіх гуртоў, але ў нас атрымалася дамовіцца з кіраўніцтвам Палацу на правядзеньне канцэрту. У ім бралі ўдзел «Крама», Neuro Dubel, IQ48, Indiga (абвестка пра канцэрт). Вядоўцам былі Лявон і Ганна Вольскія ў вобразе «беларускіх бабцяў» Сьцяпанаўны і Маргарыты Сьцяпанаўны.

Лявон і Ганна Вольскія вядуць канцэрт да 1-й гадавіны «Тузіна», 2004 год, Палац рэспублікі

Гурт Neuro Dubel на канцэрце да 1-й гадавіны «Тузіна», 2004 год, Палац рэспублікі

«Сайт „Тузін Гітоў“ зьяўляецца адным з самых пасьпяховых сеціўных музычных праектаў у Беларусі зь сярэднесутачнай аўдыторыяй 400 чалавек. За два гады было зарэгістравана больш чым паўмільёну наведваньняў сайту, прайшлі 38 тураў гіт-параду, у якіх узялі ўдзел 138 кампазыцыяў», — пісаў у 2005 годзе Tut.by. Двухгодзьдзе парталу мы вырашылі адзначыць выхадам першага дыску «Прэм’ер Тузін-2005» і закрытай вечарынай 12 сьнежня ў кавярні «Добрыя мысьлі», у межах якой выступіў гарадзенскі гурт «Айша» і гурт Indiga. Запрашэньні распаўсюджваліся праз LiveJournal. (першае інтэрвію стваральнікаў «Тузіна»)

Галоўрэд Сяргей Будкін, мэнэджар сайту Аляксей Мінчонак, вядучы радыёвэрсіі Алег Хаменка (сьпінаю), 2-годзьдзе «Тузіна», 2004 год

Госьці імпрэзы да 2-годзьдзя «Тузіна», сярод іх Вольга Самусік, Анатоль Мяльгуй, тэхнічны рэдактар «Тузіна» RWD, Руся, 2004 год

У тыя часы вынікі гіт-параду на «Тузіне» друкаваліся на сайце «Беларускія навіны» і ў «Музыкальной газете», радыёвэрсія чарту выходзіла на хвалях «Радыё Рокс» зь вядучым Цімафеем Драздовым, а пасьля на «Радыё Менск» з Алегам Хаменкам. Пасьля забароны праграмы на менскіх FM-станцыях ужо 12 год радыёвэрсія нашага чарту выходзіць на хвалях «Радыё Рацыя».

Выгляд сайту ў 2003 годзе

Выгляд сайту пасьля рэдызайну ў 2006 годзе

Выхад «Прэм’ер Тузіна-2006», дзень народзінаў і вынікі сэзону вырашылі спалучыць у адной імпрэзе 12 сьнежня, якая была названая «Бэніфэст Анемпадыстава». Аўтар «Народнага альбому» спрычыніўся тады да стварэньня песень, якія занялі ў выніковым галасаваньні адпаведна першае і другое месца — ён напісаў беларускі тэкст да славутага польскага рок-гіта «Аўтабіяграфія» для Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча і стаў аўтарам словаў да новага гіта IQ48 «Сьвятло ў цемры». Міхал быў названы «Чалавекам году» па вэрсіі «Тузіна» і ў ягоны гонар быў зладжаны канцэрт у клюбе «Юла» з удзелам гуртоў N.R.M., Apple Tea, IQ48, Касі Камоцкай, Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча.

Лявон Вольскі і Міхал Анемпадыстаў на канцэрце «Бэніфэст Анемпадыстава», клюб «Юла», 2006 год, фота Юліі Дарашкевіч

Болей фота — тут

«Прэм’ер Тузін-2007» выйшаў пазьней, таму падсумаваньне вынікаў і адзначэньне чарговай гадавіны парталу прайшло 30 студзеня 2008 году. «Радыё Свабода» пісала з гэтай нагоды: «Паводле рэдкалегіі парталу „Тузін Гітоў“, апошнім годам актыўна разьвіваецца айчынная цяжкая музыка, а таксама простая, папулярная музыка. Таксама часьцей зьяўляюцца імёны з так званых афіцыйных пляцовак краіны. Побач з групамі кшталту „Голая манашка“, альбо „Чырвоным па белым“ можна тут знайсьці і кампазыцыю ад Анжалікі Агурбаш, ці юнацкія гэві-мэталічныя экспэрымэнты Пятра Ялфімава ў праекце «PitBull». Але некаторыя імёны стала зьяўляюцца на складанцы. Адны з такіх — гурт IQ48, гэтым разам зь песьняй на словы М. Анемпадыстава „Схаванае сэрца“».

5-годзьдзе «Тузін» адзначыў выхадам чарговай складанкі «Прэм’ер Тузін-2008» ды імпрэзай для журналістаў у клюбе «Графіці» з удзелам аднаго з адкрыцьцяў таго году — гурта Jab Сlub (потым ён будзе звацца HandmadE).

Стваральнікі «Тузіна» Сяргей Будкін і Вецер Мэханічны на прэс-канферэнцыі з нагоды выхаду дыску «Прэм’ер Тузін-2008», клюб «Графіці»

болей фота — тут

«У гіт-парадзе і спэцпраектах парталу было прадстаўлена больш за 450 беларускіх песень, якія былі спампаваныя больш за 1,5 млн разоў», — пісаў тады партал Tut.by. Усю актыўнасьць у той час вырашана было накіраваць на маштабны рок-фэст на Баравой «Bela Music», на правядзеньне якога была атрыманая згода чыноўнікаў пасьля пяці гадоў забаронаў на вялікія канцэрту шэрагу беларускіх выканаўцаў. Больш за тое — Мінкульт, Менгарвыканкам і Менаблвыканкам ўзялі мерапрыемства пад асабістую апеку. Фэст прайшоў 23 траўня і сабраў вядучыя беларускія гурты. На аэрадроме выступілі «Крама», «Палац», Neuro Dubel, J:Морс, «Без Билета», «Дзецідзяцей» ды іншыя.

Neuro Dubel выступае на Bela Music, 2009, фота Антона Матолькі

больш фота — тут

Свой шосты дзень народзінаў 12 сьнежня 2009 году мы вырашылі адзначыць канцэртам у Віцебску, у клюбе «На Паддашку». Вечарыну, а разам з тым і прэзэнтацыю адразу двух дыскаў — «Тузін. Перазагрузка» і «Прэм’ер Тузін-2009» вырашана правесьці ў Віцебску. У канцэрце ўзялі ўдзел лідэры тагачаснага гіт-параду — мясцовы гурт Jenowa і праект удзельнікаў гурта «Глюкі»Akute, для якіх гэта быў адзін зь першых канцэртаў. Таксама выступіў IQ48 ды лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка з акустычным сэтам (рэпартаж і інтэрвію зь Сяргеем Будкіным, зробленыя на гэтай імпрэзе).

Праект «Тузін.Перазагрузка» на «Рок-Каранацыі» быў названы найлепшым у беларускай музыцы. Адзначэньняў на прэміях і цырымоніях за гэты час было нямала — увесь пералік можна знайсьці тут.

Вецер Мэханічны на ўручэньні ўзганароды на цырымоніі «Рок-Каранацыя» ў клюбе «Рэактар», 2010 год, фота Юрыя Сідуна

«Шосты Прэм’ер» выйшаў у 2011 годзе і стаў апошняй справаздачнай складанкай «Тузіна» на фізычных носьбітах. Канцэрт з гэтай нагоды і ўручэньне ўзнагародаў адбылася ў клюбе «Графіці». З жывымі сэтамі выступілі гурты ZnaRock, «Жнюв», Akute, на вечарыну адмыслова прыехаў украінскі «Фіолет», які прэзэнтаваў на TuzinFM беларускамоўны твор «Месца пакуты» (фота з канцэрту). Па выніках 2011-га, дыск «Прэм’ер Тузін» ачоліў топ-25 самых прадавальных беларускіх дыскаў.

Рэдакцыя «Тузіна» ў 2011 годзе: Сяргей Будкін, Алег Хаменка, Вецер Мэханічны, Аляксей Мінчонак

З 2012 году адзначэньне дня народзінаў «Тузіна» і падсумаваньне вынікаў сэзону адбываецца ў фармаце музычнай прэміі «Героі году». Першым ёй быў угананараваны гурт Akute на канцэрце ў клюбе Loft 12.12.2012.

З адмысловым сэтам на першых «Героях» выступіла Паліна Рэспубліка, якую «Тузін» назваў галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы на год раней, пасьля перамогі 17-гадовай сьпявачкі на фэсьце «Бардаўская восень». У межах праекту «Жывы Тузін» Паліна дасьць тры важныя канцэрты — на паўналецьце ў «Графіці», сольнік у клюбе «Мулен Руж» і канцэртную прэзэнтацыю дэбютнага альбому «Бясконцы красавік».

Паліна Рэспубліка выступае на першым канцэрце «Героі году», клюб Loft, 2012 год

У 2013 годзе, празь сем гадоў, «Тузін» справіў 10-годзьдзе новай вэрсіяй сайту і канцэртам у клюбе «Юла». У вялікім канцэрце з гэтай нагоды ўзялі ўдзел TonqiXod, Bosae Sonca, :B:N:, Sp Kava, а таксама ўласна героі году — Hurma былі названыя адкрыцьцём, а Re1ikt — найлепшым гуртом (рэпартаж і фота з канцэрту).

Рэдакцыя TuzinFM у 2014 годзе: Алег Хаменка, Сяргей Будкін, Аляксей Мінчонак, Хрысьціна Дарапей

На канцэрце «Героі году-2014» выступілі Dzieciuki, Navi, Landau, Leibonik, .K і «Аляксандра і Канстанцін». Адкрыцьцём быў названы гурт Сяргея Башлыкевіча Leibonik, а гуртом году — Dzieciuki. Вёў цырымонію даўні сябра «Тузіна», рэдактар самага першага оф-лайн праекту «Тузіна» — кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2003), культуроляг Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў вядзе канцэрт «Героі году-2014», фота budzma.by

У 2015 годзе цырымонію правёў яшчэ адзін чалавек, які адыграў важную ролю ў станаўленьні «Тузіна» — аўтар культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

Cяргей Філімонаў вядзе канцэрт «Героі году-2015», фота Аляксандра Ждановіча

Канцэрт прайшоў у тым самым будынку, што і самае першае ў гісторыі «Тузіна» адзначэньне ў 2004 годзе, толькі ў іншай залі. Тады гэтае месца ў Палацы рэспублікі звалася «Пляцоўка Хол». Узнагароды атрымалі — Pauline (цяпер Paulinn), як адкрыцьцё, і «Крамбамбуля», як гурт году (рэпартаж/фота/відэа з канцэрту), а ў канцэртнай частцы выступілі рэпэр Angst, Teleport, Naviband, Re1ikt, Paulinn i Zolki band. (інтэрвію Сяргея Будкіна «Радыё Свабодзе» з нагоды 12-годзьдзя).

Рэдакцыя TuzinFM у 2015 годзе ў Адэсе з кінапраектам «Тузін.Немаўля» на фэсьце «Нямыя ночы», 2015 год: Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, відэарэдактар Яўген Шапчыц

У 2016 годзе сьвяткаваньне дня народзінаў «Тузіна» і адзначэньне «Герояў году» перамесьцілася праз дарогу ад Палаца рэспублікі — у кавярню «Грай». Тут 12 сьнежня былі адзначаныя гурты Intelligency, як адкрыцьцё, і Vuraj як гурт году (фота і відэа з канцэрту).

Рэдакцыя TuzinFM разам з гасьцямі на канцэрце «Героі году-2016», клюб «Грай»: Алег Хаменка, Натальля Стрыжак, Вецер Мэханічны, Хрысьціна Дарапей, Павал Юрцэвіч, Сяргей Будкін, за ім — Усевалад Доўбня, гурт Intelligency

14 гадоў «Тузін» адзначыў у «Мачо-клюбе», што ў комплексе «Журавінка». Mikita быў названы адкрыцьцём году, а TonqiXod, які на той час прыпыніў ужо дзейнасьць — гуртом году. У атмасфэрным канцэрце зайгралі Re1ikt, Akute і Nizkiz (падрабязьней).

Рэдактарка TuzinFM Хрысьціна Дарапей на прэміі «Героі году-2017», фота Сяргея Гудзіліна

болей фота

У 2018 годзе партал TuzinFM спраўляе 15-годзьдзе па традыцыі арыгінальнай вечарынай у незвычайным месцы. Імпрэза пройдзе 12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs, што месьціцца ў будынку на вуліцы Кастрычніцкай, 16/3 акурат на набярэжнай ракі Сьвіслачы (зайсьці можна з боку спарткомплексу і сталоўкі БДУ праз чорную браму). У канцэрце возьме ўдзел найлепшы гурт 2018 году Nizkiz, адкрыцьцё году Nürnberg і — упершыню! — у якасьці ды-джэя сябе паспрабуе лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч. Чакаецца таксама сэт ад аўтараў найлепшага альбому cэзону 2017/2018 на TuzinFM, гурта «MorkvoЦвет» і live-сэт CherryVata, культавага беларускага электроннага праекту, які таксама адзначае сёлета 15-годзьдзе.

Набыць квіткі на канцэрт 12.12.2018

Для тых, хто чытае «Тузін» і шануе сваю музычную гісторыю прадастаўляем зьніжку ў 50% на ўваход на гэтае мерапрыемства. Яе можна атрымаць, увёўшы прома-код tuzin2018 пры набыцьці квітка он-лайн на старонцы Bezkassira. Колькасьць квіткоў са зьніжкай абмежаваная.

Дзякуй, што вы з намі!

TuzinFM,

на загалоўным фота — Вецер Мэханічны і Алег Хаменка на прэзэнтацыі дыску «Прэм’ер Тузін-2007», фота Аляксандра Ждановіча