«Долбаный Маугли». Чаму ідэолягі абвясьцілі вайну Бакею і што ён будзе рабіць (+відэа)
3220 / 0
18.04.2019

«Долбаный Маугли». Чаму ідэолягі абвясьцілі вайну Бакею і што ён будзе рабіць (+відэа)

Беларускі рэпэр вымушаны адмяніць тур па краіне, ідэолягі сарвалі заплянаваныя канцэрты ў Віцебску, Берасьці і Менску. У шчырым інтэрвію TuzinFM Бакей паразважаў пра «чорныя сьпісы», сувязь музыкі і палітыкі і распавёў пра далейшую стратэгію дзейнасьці.

«Чорныя сьпісы» непажаданых беларускіх артыстаў абноўленыя. Звыклых фігурантаў часова размарозілі, хоць пры нагодзе некаторым нагадваюць іх месца, але пакуль Вольскі, Вайцюшкевіч і нават люта ненавісныя ідэолягамі Dzieciuki зноў маюць магчымасьць афіцыйна выступаць. Затое ў сьпіс артыстаў, правядзеньне канцэртаў якіх у краіне непажаданае, трапіў 24-гадовы расейскамоўны рэпэр зь Менску Уладзіслаў Бельмач (Бакей).

Спачатку ў атрыманьні гастрольнага пасьведчаньня на ягоны канцэрт адмовілі ў Віцебску, спаслаўшыся на «нізкі мастацкі ўзровень», пасьля ідэолягі з упраўленьня культуры Берасьця зачапіліся за іранічную фармулёўку стылю артыста ў інтэрвію 34 mag «нарка-суіцыдальны-дэнсавы мікс» і не параілі арганізатарам рабіць канцэрт. Урэшце, у Менску арганізатарам канцэрту Бакея адмовілі ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня са зьдзеклівай спасылкай на п. 1.8 арт. 215 «Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры», у якой напісана, што «падставай для адмовы… зьяўляецца парушэньне іншых патрабаваньняў актаў заканадаўства». Якіх менавіта невядома. Але як стала вядома ад самога выканаўцы, хоць ён імкнуўся падаць на разгляд свае самыя бяскрыўдныя тэксты, камісіі пры Менгарвыканаме не спадабаўся выраз «долбаный Маугли» ў галоўным ягоным гіце «vi+ik», які быў падкрэсьлены чырвоным алоўкам.

У інтэрвію TuzinFM Бакей выказаў сваё стаўленьне да сытуацыі, што склалася.

ТГ: Ці чуў ты раней пра існаваньне «чорных сьпісаў»?

— Так ведаў, што забараняюць канцэрты некаторых беларускіх выканаўцаў. І гэта выклікала супярэчлівыя эмоцыі, бо з аднаго боку разумееш за што маглі зачапіцца, а з другога не разумееш навошта за гэта чапляцца. Але калі не даюць выступіць замежным артыстам, як Die Antwoord ці Ic3peak, то наогул незразумелая матывацыя. Міністар культуры нават заявіў, што гэтыя забароны кепска адбіваюцца на іміджы краіны (неўзабаве гэтую прамову міністра выдалілі з сайту Мінкульту і з сайтаў дзяржаўных СМІзаўвага ТГ).

ТГ: Чаму яны так робяць, як ты лічыш?

— Мне падаецца, што гэта перастрахоўка. Магу толькі здагадвацца, чым кіруюцца. Магчыма тут маюць месца ўласныя густы — напрыклад, паглядзелі на Фэйса, у якога тату на твары, і забаранілі, бо выглядае ня так як хочацца. Але глупа гэта.

ТГ: Што ты адчуў, калі зразумеў, што табе не дадуць выступіць?

— Крыўду і расчараваньне. Калі не даюць выконваюць у сваёй краіне сваю музыку, то разумееш некаторых артыстаў, якія зьяжджаюць рэалізоўвацца ў іншыя краіны. А сюды прыяжджаюць ужо з канцэртамі і ўсе ганарацца, што яны беларусы.

Бакей з паплечнікамі на здымках праграмы Belsat Music Live зладзілі шалёныя танцы, фота Ягора Бабія

ТГ: У цябе самога паўстала думка зьехаць?

— Мы маглі зрабіць стаўку на канцэрты ў іншых краінах. І безумоўна будзем ладзіць выступы ў той жа Расеі, але было імкненьне пракачаць нашы рэгіёны, заехаць у гарады, дзе нічога не адбываецца. Куды наведваюцца Кадышава і Лепс можа хіба, а для моладзі там нічога ня робіцца. І ад гэтага намера не адмаўляюся.

ТГ: Што ты можаш супрацьставіць забаронам. Як зьбіраешся дзейнічаць далей?

— Найперш распавядаць людзям пра праблему, якая існуе, каб пачаўся рух, каб людзі зьядналіся вакол гэтага. Але я разумею, што супраць сыстэмы не папрэш. І час на суды ня хочацца траціць марна. Будзем спрабаваць зноў і зноў зладзіць канцэрты, не апускаць рукі і верыць, што ўсё атрымаецца. Наступную спробу зладзіць канцэрты ў беларускіх гарадах зробім па восені.

ТГ: Ці зьвязаная твая творчасьць з палітыкай, як сам лічыш?

— Ніяк, гэта паралельныя прамыя. Асабіста я маю ўласнае гледжаньне наконт таго, што адбываецца, але ў песьнях яно не адлюстроўваецца. Перакананы ў тым, што сэнс творчасьці — дарыць станоўчыя эмоцыі, сьвятло і дабро.

ТГ: Што бы ты сказаў Віталіне Рудзікавай ды іншым чыноўнікам, якія не даюць табе выйсьці на сцэну?

— Паслухайце песьню «Курс», каб мяне зразумець, у ёй найлепей адлюстраваны мой сьветапогляд. А яшчэ — прыходзьце на канцэрт, каб рэальна зразумець што мы робім.

Камэнтар TuzinFM. 

Забарона канцэртаў Бакея — чарговае сьведчаньне таго, што цяпер ідэолягі пільнуюць ня толькі палітычна недабранадзейных артыстаў, але і проста маладых і дзёрзкіх. Асаблівая ўвага надаецца цяпер рэп-выканаўцам. На іх зьвярнулі пільную ўвагу ў кастрычніку 2017 году, калі ў выніку папярэджаньня ад Генпракуратуры Беларусі быў адменены канцэрт расейскага рэпэра Face. У 2018 годзе менскія ідэолягі забаранілі за некалькі гадзінаў да пачатку канцэрт гурта Ic3peak і цягам году далі вялікую колькасьць адмоваў у гастрольным пасьведчаньні іншым, пераважна рэп-выканаўцам (у большасьці выпадкаў арганізатары не афішавалі гэтую інфармацыю). Кантроль з боку ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму стаў яшчэ больш жорсткі пасьля пракурорскай праверкі. Дзеяньні ідэолягаў цяпер кантралюе Генэральная пракуратура, а дакладней аддзел з красамоўнай назвай — «аддзел па наглядзе за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусі». Начальніца гэтага аддзелу Марына Папова і яе намесьнік Павал Елесееў на прыкладзе канцэрту Face патлумачылі ў камэнтары Onliner.by cэнс сваёй дзейнасьці: за дзень да канцэрта ў Генпракуратуру «паступіў сыгнал грамадзяніна з Бабруйску», які папрасіў яе супрацоўнікаў зьвярнуць увагу на творчасьць гэтага рэпэра. Творчасьць вывучылі і прыйшлі да высновы, што ягоны выступ у Менску недапушчальны. Прыводзім выказваньне Марыны Паповай, якое напоўніцу дае зразумець цяперашні мэханізм кантролю.

«Пытаньне ня толькі ў нецэнзурнай лексыцы. Мы кажам пра недапушчальнасьць прапаганды супрацьпраўных паводзінаў. Мы зьяўляемся суб’ектам прафіляктыкі правапарушэньняў разам зь іншымі дзяржаўнымі праваахоўнымі органамі, таму калі чалавек заклікае са сцэны зьдзейсьніць злачынства, мы на гэта рэагуем. Мы разумеем, што сёньня ёсьць інтэрнэт і што таго ж Face моладзь будзе слухаць у навушніках у сябе дома. Але задача дзяржавы — абазначыць, што мы гэта не заахвочваем і не падтрымліваем. Па выніках праверкі мы правялі размову зь Менгарвыканкамам пра тое, што ўсё ж такі абавязкова неабходна цікавіцца рэпэртуарам, які будзе прапаноўвацца гледачам, вывучаць гастрольны ліст, пералік песень, якія будуць выконвацца».

Сёньня ідэолягі вывучылі творчасьць Бакея. Хто наступны?

Сяргей Будкін, TuzinFM, фота з афіцыйнай суполкі выканаўцы