Тацяна Заміроўская: Аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага
Экспэрт месяца на Tuzin.fm Тацяна Заміроўская ўражаная песьнямі ўдзельнікаў гіт-параду: «Магчыма, тут першапачаткова чакалася рэвалюцыя і цунамі, але адбылася аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага, як травеньскі дожджык».
Я вельмі даўно не заходзіла на сайт «Тузіна», і калі б мне не прапанавалі сачыць за мінулым турам, я б, пэўна, ніколі не пачула ледзь не траціны гэтых песень! І наўрад ці дазволіла бы сабе падумаць пра тое, што нарэшце на беларускай пішацца цяпер уражвальная колькасьць таго, што я называю нармальнымі поп-песьнямі (гучыць таксама папсова, але што рабіць, хтосьці быў павінен напісаць тут нешта банальнае, чаму б ня я?) Проста добрымі песьнямі, якія трапна глядзеліся бы ў якім заўгодна гіт-парадзе, ня толькі нават беларускім. Магчыма, гэта і ёсьць той самы эвалюцыйны зрух, які за ўсё гэтае дзесяцігодзьдзе намагаўся зрабіць «Тузін» — магчыма, тут першапачаткова чакалася рэвалюцыя і цунамі, але адбылася аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага, як травеньскі дожджык. Вось гэта і ўразіла.
Аналізаваць усю гэтую электаральную драматургію ня вельмі атрымліваецца (ня ведаю, як фармуюцца вынікі ў эпоху «Кантакціка» і сацсетак, і лепш мне і ня ведаць), таму напішу пра тое, што спадабалася.
Спадабалася, што перамог беларускамоўны дэбют. Магчыма, менавіта такія рэчы моцна зьмяняюць сьветапогляд расейскамоўных музыкаў і вымушаюць глядзець ня толькі ў бок усходніх сяброў нашых. Спадабалася, што расейскамоўныя творы Nizkiz — што ўвогуле дзіўнавата — нагадвалі, хутчэй, нейкі «Мумий Тролль» (які таксама засьпяваў па-беларуску з падачы нашага гуру Будкіна), а ў беларускай афарбоўцы яны аўтаматам параўноўваюцца ўспрыманьнем з заходнімі гуртамі кшталту Placebo. Зьмена кантэксту! Канечне, гэта вельмі асабістая справа, дый увогуле я ведаю, як гуртам і музыкам не падабаюцца параўнаньні. Але песьня пра турму выдатная, лепш за іншыя песьні гурта — на маю думку.
Спадабалася, што «Пані Хіда» выйшла зь небыцьця і цяпер яшчэ лепшая, чым была ў 90-х, якія ўсе адно ніхто не памятае.
Спадабалася, што ўсе новыя песьні Akute даўно ведаеш на памяць: слухаеш і думаеш, што гэтая песьня, напрыклад, ужо пару гадоў у тваім плэеры, а насамрэч ты проста безьліч разоў чуў яе на канцэрце. Akute працягваюць рабіць вельмі прыватную музыку, працуючы ў жанры жыцьцёвага саўндтрэку: вось выйшла новая песьня, а яна ўжо год як значыць для ўсіх нас столькі ўсяго. Пакуль яны пра нас, яны мне падабаюцца.
Спадабалася Sciana — прычым тым, што раней не любіла ў беларускіх музыках! Зноў гэты фірмовы гук прыглушаных далекіх 90-х — нібыта за сьценкай падчас запісу штохвілінна страляецца Курт Кабэйн, і ўва ўсіх музыкаў нэўроз. Падалося, што гурт Akute ў сэнсе пост-панкаўскага дэкадэнцкага гучаньня паўплываў нават на тых, на каго ён не ўплываў.
Спадабаліся і зьдзівілі раней мне практычна невядомыя праекты — HandmadE запісалі практычна ідэальную поп-песьню. Чаму ў нас увогуле так мала падобнай на гэта інтэлігентнай поп-музыкі? Ва ўкраінцаў такога вельмі шмат, а ў нас у гэтым лёгкім сьветлым жанры ніхто не працуе. Вельмі спадабаліся пераможцы 4-га туру зь песьняй «Ойра» (падумала на пачатку, што гэта пра эўра і такая сьмешная мэтафара, а гэта такая вытанчаная спасылка на дзевяностыя і Gods Tower!) У песьні ёсьць усё адразу — і «Ляпісы», і клясны прыпеў, і паганскае «ойра», і Беларусь, і дзед, і гэты рэвэрансны рэфрэн пра тое, што ня трэба зьяжджаць, і нашае любімае пра тое, што ня мы такія, а лёс такі — сапраўдны народны гіт, выдатная спроба разабрацца, чаму ў нас усё так сумна. Таксама ідэальная поп-песьня, нават шкада, што для беларускага тэлебачаньня зь ягонымі нацпрэміямі ўсё гэта — паралельны сусьвет.
Спадабалася, што гурт J_Морс (ужо нават ня ведаю, як правільна іх пісаць) усё імкнецца неяк зьмяніцца, але не мяняецца. Пугач мне таму і сымпатычны — ну вось хоча чалавек нейкіх зьменаў, і не баіцца гэта дэманстраваць з усей сваёй творчай апантанасьцю, і не атрымліваецца, і ўсё адное і тое ж. Але не спыняецца, усё шукае. Можна хіба толькі пазайздросьціць — ён робіць адное і тое ж, але ўсе нэрвова чакаюць нейкіх зрухаў, прычым яны ёсьць, ён сам для сябе неяк моцна мэтафізічна зьмяняецца, а нам гэта ня бачна і не заўважна, такая вось побытавая містыка. Песьня «Джала» гучыць амаль як гурт Oasis, але па гітары заўважна, што музыкі больш імкнуліся да гучаньня Muse. Але і тыя, і іншыя ўжо, канечне, нафталінчык.
Спадабаўся трэк Yellow Brick Road пра нашыя нулявыя. Але падалося, што па-ангельску яны неяк больш натуральна гучалі. Тым ня менш, у іх атрымалася вельмі далікатна і прыгожа — па-беларуску яны зусім іншыя, бо манера сьпеваў і выкананьня ў іх вельмі брытанская і дакладная, такі акуратненькі пост-панк, як у Stranglers. Думаю, што ім лепш кожную песьню запісваць адразу на ўсіх даступных мовах — і дадаваць паболей клявішаў, зь імі весялей!
Спадабаўся новы трэк «Сёньня ня мой дзень» гурта Sounduk (таксама ўжо ня ведаю, як гэта пішацца!) Абсалютна эўрапейская музыка, чымсьці падобная на Sigur Ros, мова гучыць неяк па-эльфійску. Аня Хітрык практычна наш Том Ёрк у нейкім сэнсе: нікога, акрамя сябе не баіцца, заўзята штосьці шукае, імкнецца да прасьвятленьня. Што яшчэ цікава — назіраючы за праектамі «Тузіна», адчула, што па беларускамоўных песьнях нашых музыкаў (тых, хто звычайна сьпявае на іншай мове) можна насамрэч зразумець, што адбываецца ў іх на душы і сэрцы, як бы банальна гэта таксама не гучала. Нібыта па-беларуску ня сорамна агучваць тое, што на расейскай гучыць грувастка і няшчыра да зубнога болю.
Вельмі спадабаўся альбом BosaeSonca «Адпусьці», песьня зь якога «Неба» ўдзельнічала ў гіт-парадзе. Пра тое, які ён выдатны, напісалі ўжо ўсе, таму нічога новага, канечне, не дадам. Цудоўнае гучаньне, кранальныя тэксты, надзвычай трапная манера выкананьня: такі індзі-лоўфай-поп са струннымі. Для мяне так пэўна, сапраўднае адкрыцьцё году. Канечне, ведала іх і раней, але з гэтым альбомам, які для іх саміх, думаю, адкрыцьцё, усё інакш. Гэты нечаканы посьпех «БосагаСонца» ўражвае амаль гэтак ж сама, як калісьці зносіў дах умоўна першы рэвалюцыйны рэліз «Ляпісаў» пра сьнікерс-марс.
Спадабалася, што ili-ili (трэк «Сэрцы») гучаць бліжэй не да Red Hot Chili Peppers, а да днепрапятроўскага гурта «…И друг мой грузовик», які распаўся і раскрышыў мне сэрца. Вось цяпер у нас ёсьць штосьці падобнае: фанкавае, ваяўнічае, наіўнае і добразычлівае. Так, гэта яшчэ адна ідэальная поп-песьня.
Спадабалася, што Паліна Рэспубліка нарэшце цяпер і праўда сталася нашай Алінай Арловай і Рэгінай Спэктар. У музычна-прафэсійным сэнсе. Раней іх таксама параўноўвалі, але хіба толькі па прынцыпе «разумнае дзяўчо сьпявае нетрывіяльныя песьні пад уласнае суправаджэньне». Вельмі хацелася б пачуць яе ангельскамоўныя песні — ня ведаю, чаму.
Спадабаўся альбом Ірэны Катвіцкай. Гэта чалавек, які амаль лепш за ўсіх сьпявае фольк і вучыць гэтаму іншых. Пры тым, што чамусьці тут у нас склалася так, што гэтая спрадвечная архаіка нібыта заўжды вымагае калейдаскапічных колераў, карнавальных аздабленьняў, маляўнічых строяў і інструмэнтальнага шаленства, выдаць такі падкрэсьлена мінімалістычны рэліз — гэта сапраўдная духоўная моц! Нічога залішняга, проста вакал і фартэпіяна з экспрэсіўнымі, кантрастнымі пералівамі на манер японскага кампазытара Джо Хісаішы, прычым канцэнтраваная эмацыйнасьць гэтага рэлізу нават палохае — з прафэсіяналізмам Ірэны немагчыма, здавалася б, гучаць натуральна, не выглядаючы ўзорнай старонкай з уяўнай фольк-энцыкляпэдыі. Вакал тут выступае як інструмэнт (ня дзіўна, што Ірэна супрацоўнічае ў тым ліку з Port Mone — ідэалагічна яны падобныя) — у ім і пераапрацоўка, і аранжыроўка, і рытм. Фартэпіяна жа выконвае ролю дадатковага вакалу — такая ў ім невыразная словамі выразнасьць пачуцьця і экспрэсія. Разам яны зьліваюцца так, што нават няма з чым параўнаць (а я гэта так люблю, параўноўваць!) Гэты рэліз выдатна пасаваў бы лэйблу ЕСМ, там любяць такі эмбіент-фольк з элемэнтамі джазу ды мінімалізму.
Спадабалася, што за N.R.M. галасуюць — насамрэч, гэта не такі дрэнны альбом, як яго апісвалі ўражаныя гучаньнем «экспэрты». Я думаю, што гэта самы незвычайны альбом году. Мне спадабаўся кампазытарскі падыход да складаньня песень, ён няпросты, нечаканы ў сэнсе зьменаў гармоніяў і мэлядычнага наратыву, у адрозьненьне ад таго, што звычайна робіць Вольскі. Так, вакал не ідэальны, насамрэч — але гук відавочна адсылае да нейкага клясычнага індзі-року і небанальнай клясыкі: Pixies? Red Hot Chili Peppers? MGMT? David Bowie. Я дакладна бачу і адчуваю ўсе гэтыя першакрыніцы і першапачатковы намер, матывацыю, вытокі гэтага гучаньня, і таму не знаходжу нэгатыўных словаў пра гэты альбом. Магчыма, Піт вырашыў граць модны незалежны індзі-рок і неяк актывізаваў у сабе навязьлівую інфантыльнасьць і адвагу — інакш такі рэліз не адбыўся бы. Мне ў ім падабаецца менавіта што інфантылізм і бясстрашнасьць. Але ня ведаю ўсё ж такі, хто аўдыторыя гэтых песень, няўжо гэта я? Не, наўрад ці. «Ну напрыклад, — пісала я месяц таму Зьмітру Безкаравайнаму. — Проста паслухай пару першых трэкаў, уяўляючы, што там на вакале Дэвід Боуі! Канечне, гэта не Маёр Том, але нейкі Logder дакладна атрымаецца!» — але, пэўна, я мела на ўвазе толькі тое, што крытыкі калісьці жудасна лаялі «Lodger», каб праз пару дзесяцігодзьдзяў вырашыць, што гэта быў адзін з найлепшых альбомаў Боўі. Цяпер плытка N.R.M. падаецца ўсім шаленаватай — але праз 10 гадоў зь ёй будзе ўсе нармальна, абяцаю.
Ну, а ўвогуле я з усім згодная і ні на што не скарджуся. Хаця, шчыра скажу — я не глядзела відэаролікі, бо ў мяне на кампутары няма флэш-плэера. І ўвогуле галасаваньне — небясьпечная рэч (посьпех гурта Martin S гэта выдатна пацьвярджае). Беларусам непажадана галасаваць — бо часта атрымліваецца невядома што. Я за ідэю не рабіць гіт-парадаў, але прыдумаць нейкі ідэальны спосаб і магчымасьць містычным чынам аддаваць свой голас тым, чые галасы сьпяваюць пра тое, што насамрэч у нашых сэрцах адбываецца. І прабачце, каго я пакрыўдзіла няўмысным замоўчваньнем, гэта не спэцыяльна, проста самі паспрабуйце другога студзеня накатаць 10 тысячаў знакаў!
Тацяна Заміроўская — журналістка, пісьменьніца
Нарадзілася ў 11.04.1980 у Барысаве. З 1997 жыве ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (2002) і асьпірантуру (2006). У музычнай журналістыцы з 1997. Стала супрацоўнічала з выданьнямі: «Музыкальная газета» (1997—2007), «Молодёжный проспект» (1998—2001), часопіс «Наш» (Украіна, 2002—2007), часопіс «Развлечения и отдых» (2004—2006), вядучая аўтарскай перадачы «Ад джаза да Баха» на Радыё Рацыя (Беласток). Рэдагавала часопісы «Джаз-квадрат» (2002—2003) і «Доберман» (2008—2009), з 2005 — музычная аглядальніца «Белгазеты». Як пісьменьніца намінавалася на галоўную прэмію расейскага LiveJourmal «Пісьменьнік году» (2006). Аўтарка кнігі «Жизнь без шума и боли» (Масква, выдавецтва АСТ, 2010).
Хацелася б спытаць у сп. Заміроўскай? што мелася на ўвазе вось гэтым - " ўвогуле галасаваньне – небясьпечная рэч (посьпех гурта Martin S гэта выдатна пацьвярджае)"? Без наездаў, проста па-чалавечы цікава, бо здаецца ні ў якіх галасаваннях моцна не ўдзельнічалі, дый не перамагалі ніколі? Незразумела неяк.
На Вашу просьбу Тацяна адказвае. Яна пакуль не мае дасягу да кампутара, таму цытуем яе словы:
"Гэты гурт імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны са сваими прыхільнікамі укантакце і стварыць масіўную сяброўскую фанацкую базу, таму мне здалося што калі яны там у сабе пісалі: наша песьня удзельнічае у чартах, з кантакта прыходзіла шмат людзей і галасавала. Я лічу, што гэта небясьпечна, бо любы эфэкт сацсетак небясьпечная рэч, а яшчэ таму што шмат нашых сталых музыкаў яшчэ ня умеюць гэтак жа сама добра камунікаваць з фанатами у сацсетках і таму посьпех у галасаваньнях чартау можа быць у тых у каго больш сяброў - але гэта ж вельмі старая штука, не? Калі гурту здаецца што я памылілася - тады я памылілася, ім лепей відаць".
Зараз зразумела, і хацелася б крыху патлумачыць. Як раз такі наш гурт вельмі з недаверам ставіцца да рознага кшталту інтэрнэт галасаванняў, зыходзячы менавіта з невялікай лакалізацыі беларускамоўнай музыкі. Таму ў падаўляючай большасці такіх галасаванняў мы не маем шчырых вынікаў (ну акрмя сталых музыкаў, бо тыя і сапраўды гэтыя сацыяльныя камунікацыі не асвоілі(большасць, але не ўсе), тут, Таццяна, Вы маеце рацыю на 100 адсоткаў, і галасы за іх самыя што ні на ёсць сапраўдныя). Што тычыцца маладых музыкаў то тут праўда пануе нейкая дураватая істэрыя. Я маю шмат сяброў з гуртоў рознага ўзроўню (не буду называць канкрэтна, але ёсць сярод іх і асобы з саліднай рок-гісторыей і узнагародамі) і сам рабіўся не аднойчы сведкам, калі яны што дурныя спамяць па некалькі разоў на дзень з рознымі просьбамі прагаласаваць то тут то там. І мяне гэта вельмі і вельмі раздражняе. Не буду хаваць граха, калі быў маладзейшы дый гарачэйшы ў сваім мінулым гурце я і сам прыбягаў да такіх мер, але зараз прыйшло свядомае, што зрабіўшы сабе штучную перамогу - ты ніколі не даведаешься пра рэальны водкуг на творчасць, а нам гэта не патрэбна. Martin S. - вельмі шчыры праэкт. Мы ўсімі спосабамі змагаемся за чысціню нашых перамог ці пройгрышаў. Мы перараслі юнацкі максімалізм, калі самае галоўнае гэта перамагчы любым чынам і ўхваліць свае, часам нічым не падтрыманыя, амбіцыі. Не, гэта не пра нас. Так, мы падтрымліваем добрыя стасункі з слухачом. Мы да кожнага з іх ставімся як да лепшага сябра. І кожны з іх успрымае нас не як нейкі там музычны гурт, а як "ну гэта ж той самы Марцін, сябрук мой". Мы гутарым са слухачом на адной мове. Мне падаецца адсюль і расце корань нашага ўмоўнага "поспеху". Многія крытыкі не разумеюць гэтага, таму і лічаць, что мы то "круцім галасы", то "за вамі стаяць валасатыя рукі". Шчырасць - вось што робіць нас адметным. А кажу я, што поспех умоўны, бо гэта й не поспіх яшчэ зусім. Яшчэ занадта мала мы паспелі зрабіць, каб прэтындаваць на нешта важкае. Таму і не прэтэндуем, а проста працуем ў поце, каб зрабіць нешта такое, каб людзям было цікава і хацелася слухаць усё больш і больш беларускага. А тое, што ў сац.сетках мы паведамлаем, што ўдзельнічаем у нейкім там чарце, то можна заўважыць, як мы гэта робім. Мы не спамім, слёзна не просім, не надакучваем, не дастаем сваіх слухачоў - мы проста кажам "а вось тут мы ўдзельнічаем, калі не лянотна дык галасуй", бо мы моцна гэтага свайго слухача паважаем - і вось тут я ніякай крамолы не бачу. Не ведю, колькі там заходаў ідзе з сац.сетак галасаваць за нас, тут Сяргей мае больш інфы, але вось для мяне, напрыклад, зразумела, што тыя галасы, што аддаюць за нас - аддаюць таму, што самі захацелі гэта зрабіць, а значыцца карціна больш-меньш аб'ектыўная. Можна любіць нашыя песні, ці не - гэта справа глыбока асабістая, усім мілы не будзеш, але вось у адсутнаці шчырасці нас ну ніяк не папракнеш.
Спадзяюся, што нашая пазіцыя зразумелая і нікога не пакрыўдзіла. А Вам, Таццяна, скажу дзякуй, што цікавіцеся нашым гуртом. Мне нават казалі, што Вы прысутнічалі на канцэрце-прэзентацыі альбома - асабіста мне гэта льстівіць, бо калі я яшчэ толькі задумывўся стварыць свой першы гурт - ужо чытаў ва ўсю музычную газету. І вельмі буду рады бачыць Вас на нашым наступным вялікім сольным канцэрце, які ўжо не за гарамі.
КАМЕНТАВАЦЬ