Гурт ХараЧакра запісаў песню памяці Юлія Таўбіна
763 / 0
29.10.2020

Гурт ХараЧакра запісаў песню памяці Юлія Таўбіна

Песня, прысвечаная рэпрэсаванаму ў 30-я гады паэту, змяшчае ў сабе адразу некалькі яго твораў і доўжыцца 13 хвілін.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падвалах мінскай турмы НКУС былі расстраляныя і пахаваныя ў Курапатах больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку — 26 літаратараў. 

У межах праекта (Не)расстраляныя шматлікія музыкі запісалі творы на вершы рэпрэсаваных паэтаў.

Гісторыя мае працяг і па-за межамі праекта. Сёння гурт ХараЧакра прэзентуе песню, у якой сабраныя адразу некалькі твораў Юлія Таўбіна — аднаго з расстраляных у тую ноч. Атрымалаўся вялікі 13-хвілінны твор. Пра яго стварэнне распавядае саліст гурта Зміцер Гарачка:

— На этапе стварэння песні хацелася суцэльнасці, хацелася, каб, праслухаўшы твор, складалася карціна пра жыццё чалавека і ўвогуле пра няпросты час. Усё было на адным дыханні. Вельмі хутка выбраліся патрэбныя вершы і ўрыўкі, хутка нарадзілася канцэпцыя і хутка была напісана музыка. Можна казаць, што гэта была інтуітыўная імправізацыя.

Вершы, скарыстаныя ў песні:

"Вечар… У горадзе вечар… Снягі пасінелі…"

"Мой махнаты Дунай б’е хвастом ля парога…"

Урыўкі з паэмы “Таўрыда”

 

"Cмерць"

Сёлета адбудуцца традыцыйныя чытанні ў Курапатах   Ноч расстраляных паэтаў, якая таксама паўплывала на стварэнне песні.

— Я ўвесь час наведваю Курапаты, — кажа Зміцер Гарачка. — Лічу гэта мерапрыемства адным з лепшых грамадскіх праектаў, а асабліва цяпер, калі мы назіраем з'яву другой Галгофы, дзе першая — гэта Курапаты з яе падзеямі далёкага мінулага, на якія мы не звярталі ўвагі, а другая — у цэнтры Мінска, на Акрэсціна, якая нарадзілася зараз. Такія мерапрыемствы дапамагаюць гадаваць гістарычную самасвядомасць нашага народа, а таксама пераасэнсоўваць падзеі мінулага, каб не дапусціць іх у будучыні. 

Песня «Памяці Юлія Таўбіна» на ўсіх пляцоўках 

СТАРОНКА-МУЗЕЙ (НЕ)РАССТРАЛЯНЫЯ