«Пані Хіда». Уся справа ў капелюшы
Гурт «Пані Хіда» з сваёй першай беларускамоўнай песьняй «Вецер» у перакладзе Віталя Рыжкова стаў пераможцам 5-га туру аўдыё-чарту на Tuzin.fm.
Калі ў мінулым дэбютным для сябе туры «Пані Хіда» змагалася за першае месца зь Nizkiz, то ў наступным туры песьня «Вецер» зь першага ж дня галасаваньня ачоліла чарт ды пратрымалася ў ім усе два тыдні галасаваньня. Музыкі перамозе цешацца: «Сапраўды, яна нам была патрэбная. Найперш для таго, каб трэк праслухала як мага большая колькасьць людзей, бо ад месца, якое займае песьня ў пэўнай ступені залежыць колькі людзей яго пачуе», — кажа ўдзельнік гурта Леанід Турок.
Самі музыкі часам таксама галасавалі ў чарце. З калегаў-удзельнікаў аддавалі свае галасы песьні «Сёньня ня мой дзень» гурта S°unduk. Надта яна спадабалася аршанцам: «Добрая песьня і добра зроблена».
Што да далейшых экспэрымэнтаў з роднай мовай, то «Пані Хіда» разглядае магчымасьць запісаць яшчэ адну песьню. Толькі музыкі хочуць падыйсьці яшчэ болей грунтоўна да працэса яе стварэньня, таму хуткай прэзэнтацыі не абяцаюць.
Цяпер «Пані Хіда» здымае адразу два відэакліпы на новыя песьні і рыхтуецца ў лютым даць два канцэрты (адзін зь іх у Менску). Акром таго гурт ужо скончыў працу над сваім новым альбомам, але пакуль ня вызначыўся ані з датай рэлізу, ані зь яго фарматам. Музыкі разважаюць ці прадстаўляць сваю працу па частках у выглядзе EP або адразу прэзэнтаваць поўнафарматнік.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ