Дудары «Перамен» — інтэрв'ю з Irdorath
Музыкі, якія яшчэ на самым першым маршы гралі «Перамен» на дудах і выступаюць з канцэртамі ў дварах, звольненыя з працы. Мы пагаварылі з Irdorath пра пратэсты і будучыню, пра тое, якія рэчы дапамагаюць у няпростыя часы, і чаму яны не з'ехалі з Беларусі.
Читать на русском Read in English
ПЕРШЫ МАРШ І КАНЦЭРТЫ Ў ДВАРАХ
Уладзімір: — На першы марш мы выходзілі з выразным усведамленнем таго, што нам могуць паламаць інструменты, паламаць нас, пасадзіць у турму. Былі яшчэ на ўражаннях пасля 9-11 жніўня.
Надзея: — Страшна было неймаверна, але мы вырашылі, што ўсё роўна гэта зробім, і зробім гэта прыгожа. На бурдонах дуды былі прывязаныя кветкі, чырвоныя стужкі, мы прыгожыя, шмат смелых сяброў далучылася да нас. Проста гэта быў парыў, быццам мы флагманы, якія нясуць надзею, упэўненасць, энергію і баявы дух.
Гэта неверагодныя людзі, неверагодная краіна.
А мы што — верагодныя?
Мы таксама хочам быць неверагоднымі.
У: — Усё было падрыхтавана: калі Надзю забіраюць, я ведаў, куды тэлефанаваць, калі мяне забіраюць, Надзя ведала.
Н: — Ключ ад ката быў у суседзяў.
У: — Да апошняга моманту не былі ўпэўненыя: хацелася пайсці пайграць, але ўдвох — гэта занадта мала. А потым мне патэлефанаваў трэці дудар, Дзіма з "Яварыны", сказаў, што яны таксама збіраюцца. Цалкам выпадкова да нас зайшоў за шрубавёртам знаёмы гітарыст, і мы прама дома паспрабавалі пайграць. Па дарозе сустрэлі аднаго бубнача, другога, яшчэ чатырох. А на відэа потым апынулася значна больш людзей, чалавек 10 музыкаў.
Н: — Мы тады шмат прайшлі, крокамер паказаў 20 тысяч крокаў, і ў канцы нас натоўп проста вынес на помнік Леніну на плошчы Незалежнасці. Я бачу, як набліжаецца да мяне гэтая шэрая сцяна, уся ў плакатах, і я такая "Уо-о-о-оў". Мы апошні раз зайгралі там «Перамен» і ледзь не папаўзлі ад стомы. Пакланіліся і да бліжэйшага газончыка, проста селі на зямлю.
У: — Пасля з'ехалі ў кафэ паесці, і хтосьці з суседняга століка сказаў, што за музыкамі паехалі, хапун ўжо на бліжэйшай вуліцы.
Н: — Пачуццё свабоды скончылася прыкладна тады, калі мы па цемры перабежкамі спрабавалі дабрацца да дома.
У: — Пасля гэтага маршу мы атрымлівалі вельмі шмат запрашэнняў выступіць у дварах, тры-чатыры тэлефанаванні ў дзень.
Н: — На першым жа канцэрце нам трэба было прайсці 50 метраў да нашай машыны, і вось у 45 метрах ад яе стаяла патрульная. Мы самі надзелі чорныя курткі, замаскіраваліся, але гіганцкія барабаны, якія мы цягнулі... Ішлі міма яе і халадзелі.
У: — Мы зрабілі сабе такі тур па Менску, пяць выступаў за два дні. І, напэўна, нарадзіліся ў кашулі, таму што ўсё было выдатна, арганізавана добра, эмацыйна вельмі крута. Зараз зноў па 3-4 прапановы ў дзень. Наш інструмент у гэтай барацьбе — наша музыка. Калі ўжо яго выкарыстоўваць, то па максімуме. А калі сядзець дома, то сітуацыю ты не купіш.
Н: — І нас натхняюць. Мы бачым кожны маленькі подзвіг, які робяць іншыя. Гэта неймаверныя людзі, не неймаверныя краіна. А мы што — неймаверныя? Мы таксама хочам быць неймавернымі.
ЗВАЛЬНЕННЕ
У: — Мы працавалі ў цэнтры дадатковай адукацыі «Вікторыя». Здарылася так, што відэа з нашай гульнёй "Перамен" завірусілася, нам дасылалі яго з Аўстраліі, Японіі, у штатах паказвалі па Бі-Бі-Сі. Натуральна, наша кіраўніцтва пабачыла. Выклікалі на гутарку.
Н: — Агульны пасыл быў: яны не хочуць прыцягваць увагі, таму што ўсіх звольняць, усё разваліцца, вы занадта яскравыя. Я кажу: менавіта гэтым мы і карыстаемся, каб прыцягваць увагу. Таму што слова «гвалт» свету нецікава, а дзяўчаты ў белым супраць гвалту — цікавыя, пенсіянеры з кветкамі супраць гвалту — цікавыя, дудары, якія граюць «Перамен» — цікавыя. У марш Народнага ультыматуму 25-га кастрычніка мы зноў выйшлі з дудамі, на тым жа тыдні згулялі пяць дваравых канцэртаў. Прама падчас апошняга ў мяне зазваніў тэлефон: «Калі вы проста гралі — гэта было адно, калі вы гралі «Перамен» — гэта іншае, а калі вы гралі «Перамен» на плошчы Перамен… Гэта было апошняе папярэджанне, чакайце дрэнных навін!». Праз пару дзён нас папрасілі напісаць заявы па ўласным жаданні або сыдзем па артыкуле. Нас выціснулі з працоўнага калектыву, дзе мы 8 гадоў прапрацавалі.
У: — Мы першапачаткова туды прыйшлі як гурток «Ірдарат». Для нас гэта была рэп база і творчая майстэрня, а мы для іх — добрыя працаўнікі.Там вельмі круты калектыў педагогаў. Рабілі сумесныя праекты, дзяліліся памяшканнямі, заламі.
Н: — А потым пачалося дзікунства, калі праз выказванне грамадзянскай пазіцыі спачатку з табой праводзяць тлумачальныя гутаркі, а потым выстаўляюць на мароз. Вельмі многія сядзяць ціха, толькі б нічога не здарылася. Першапачаткова казалі, што хочуць застацца па-за палітыкай, таму што яны ўсё ж такі дзеткамі займаюцца. А рэпрэсіўная мера да нас — гэта што, па-за палітыкай?
(НЕ)ПЕРАЕЗД
Н: — Калі быць да канца сумленнымі, мы думалі, што калі-небудзь пераедзем у Германію. Проста таму што ведалі: няма шанцаў наогул, каб у Беларусі стала як у іх. Я пра ўпэўненасць, што калі ты будзеш нешта няправільна рабіць, усё роўна ўсё будзе добра. Тут у цябе ў любы момант могуць усё адабраць. Але калі народ паўстаў і паказаў сваю волю, мы пачалі верыць, што ўсё зменіцца.
Большасць навучылася жыць альбо па-за сістэмай, альбо ў суседстве з ёй,
тым самым даючы зразумець, што сістэма не працуе, можна без яе абыходзіцца
У: — У нас увесь час нарастала колькасць канцэртаў у Еўропе. Сёлета мы ўжо выбіралі, куды паедзем, быў цалкам гатовы сезон. У 2020-м годзе раптам усё адмянілася. Ды і ехаць туды, каб уцячы з Беларусі жадання не было.
Н: — Раней нас вельмі прыгнятала так званая стабільнасць, а на самой справе — саўковы застой. Вельмі шмат людзей спрабуе стрэсці з сябе гэта, але калі ўсе з'едуць, то хто будзе страсаць? Калі ў нашым доме адбываюцца такія глабальныя працэсы, народ адчайна змагаецца канкрэтна з гэтым застоем, з усім гвалтам, парушэннем правоў людзей — відавочна не час знаходзіцца ў камфортных умовах за межамі краіны.
У: — Фішка ў тым, што маладыя людзі, наша пакаленне ўжо ніякага дачынення да саўка не мае. Большасць навучылася жыць альбо па-за сістэмай, альбо ў суседстве з ёй, тым самым даючы зразумець, што сістэма не працуе, можна без яе абыходзіцца. Гэта свабода, якая ў нас ужо ёсць. Мы прывыклі, што трэба прымаць рашэнні самім.
Н: — Калі адной фразай, мы любім Беларусь. Летась наматалі з канцэртамі па Еўропе 40 тысяч кіламетраў на бусе, даўжыню экватара. Усюды класна, але калі вяртаемся сюды, ідзем міма прасценькай Камароўкі, міма галубоў, бабулек — разумеем, што абсалютна расслабленыя.
ЧАЛАВЕЧЫЯ РЭЧЫ, ЯКІЯ ДАПАМАГАЮЦЬ
Н: — Дапамагае «Horizon» на Sony Playstation. Бытавыя рэчы радуюць. Котка ў нас класная, Платва клічуць. Нашы еўрапейскія фаны пішуць шмат слоў падтрымкі, часта кароткія фразы: «Калі ласка, скажыце, з вамі ўсё добра?». Мы такія «так», яны такія «дзякуй». Гэта вельмі падтрымлівае. Але мы сацсеткі закінулі практычна, таму што мне складана Instagram адкрываць. Там вусны, грудзі, «вось, глядзіце, я ем авакада». А я сяджу ў краіне, у якой татальная несправядлівасць, працягваецца гвалт, кожны раз розны. Душа баліць, мне складана дабрацца да ўласнай публікацыі, таму што трэба прайсці праз авакада. У многіх атрымліваецца, у мяне не. І што посціць, пісаць — пра наш боль?
Але сыходзіць ад рэальнасці цяпер непрыгожа
У: — Вельмі не хапае чырвонай кнопкі або рубільніка, каб выключыць усё. Але ад сябе не ўцячэш. Пайграць музыкі, выехаць у лес, папаліць вогнішча — вось гэта дапамагае.
Н: — У цэлым наша творчасць абстрактная і ніколі не была сацыяльнай. Гэта быў сыход ад шэрай рэальнасці ў свет славянскага фэнтэзі, сярэднявечных легенд, народных песень. Але сыходзіць ад рэальнасці цяпер непрыгожа. У нашай творчасці ёсць «Быў. Ёсць. Буду» і «Крылы» — абедзве песні карэлююць з тым, што адбываецца. Мы ў дзіўнай сітуацыі. Тое, што рабілі — гэта сыход ад рэальнасці, а цяпер мы максімальна ў яе пагружаныя, і разумеем, як важна ў ёй заставацца. Як я магу апублікаваць цяпер песню «Русалка», «Ваўкалак»?
ПРА БУДУЧЫНЮ
У: — Думаю, што нашы бацькі яшчэ пажывуць у іншай краіне. Яны не жывуць больш мінулым, нейкімі лозунгамі і верай у тое, што ў нас усё добра.
Н: — Калі пераможам, думаю, уся краіна асушыць запас шампанскага. Яшчэ думаю, што з'явіцца новае свята, калі людзі будуць выходзіць на маршы, збірацца дворыкамі. Мы паўторым марш «Перамен» — з той жа атмасферай, таму што гэта была атмасфера свята. Але будзе іншы кантэкст.
Гутарыла Алена Варанец, для TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ