Салідарнасці больш, чым затрыманняў! Як пражыла мінулы тыдзень беларуская культура (выпуск 8)
620 / 0
01.12.2020

Салідарнасці больш, чым затрыманняў! Як пражыла мінулы тыдзень беларуская культура (выпуск 8)

"Разумееш, я выходжу з Акрэсціна, і мяне сустракае процьма людзей: музыканты, сябры, знаёмыя і незнаёмыя, усе вітаюць, фоткаемся, віно п’ем… А яны куды выходзяць? Яны ўвесь час у турме. Гэта яны – вязні. Іх шкада. Іх ніхто не сустракае”, - сказаў Андрусь Такінданг, выйшаўшы пасля 15 сутак арышту, і ягоны настрой супадае з настроем гэтага выпуску.

Затрыманні і суды

Марыя Каленік, студэнтка Акадэміі мастацтваў, якую затрымалі 12 лістапада па крымінальнай справе аб арганізацыі беспарадкаў, прызнана палітзняволенай

Віталь Быль, гісторык, экскурсавод, малодшы навуковы супрацоўнік у музеі-запаведніку “Нясвіж”, аўтар шэрагу публікацый і кніг пра род Радзівілаў, быў затрыманы 22 лістапада ў Бараўлянах. 

Наталлю Бордак, мастачку і паэтку з Нясвіжу, выклікалі ў РАУС “на прафілактычную гутарку” і склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а пасля прысудзілі 7 сутак арышту. Наталля чакае вынікаў тэсту на Covid, і калі ён акажацца адмоўным, яе адразу ж забяруць адбываць пакаранне. Умовы ў нясвіжскім ізалятары жорсткія, камеры – у сутарэнні, і ў іх няма нават вады, у Наталлі ж хворыя пазваночнік і суставы. 

Алену Гіранок, выканаўцу галоўнай жаночай ролі ў фільме «Купала», затрымалі 29 лістапада падчас “Маршу суседзяў”.  

1 снежня Алену аштрафавалі на 810 рублёў за “парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”.

 


Ціск, звальненні, адлічэнні, забастоўка

Зміцер Сасноўскі, лідар гурта “Стары Ольса”, які быў затрыманы, калі стаяў у ланцугу салідарнасці ў Клецку 13 лістапада, і якога трое сутак да суда трымалі ў ІЧУ практычна без ежы, пасля таго як выйшаў са штрафам 30 базавых, вымушаны быў з’ехаць за мяжу, бо яго шукалі невядомыя і пагражалі яму. 

Андрэя Новікава, дырэктара вядучага рэгіянальнага тэатра і Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «М.@rt.контакт», які з 2006 года збірае ў Магілёве вядомыя тэатры са ўсяго свету, звальняюць без тлумачэння прычыны, але фактычна за тое, што не аказваў ціску на сваіх супрацоўнікаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту і адбывалі содні. Пра сітуацыю распавяла калега Андрэя Новікава Вольга Семчанка. 

У абласное ўпраўленне культуры быў накіраваны зварот з просьбай пакінуць Новікава на пасадзе, падпісаны 86 работнікамі тэатра, а адкрыты ліст Беларускага фонду культурнай салідарнасці падпісала больш за 300 дзеячоў, але на месца былога дырэктара ўжо прызначылі новага, ім стала Ірына Белякова. 

Ігар Кулікоў, паэт, перакладчык, выкладчык у Акадэміі мастацтваў, атрымаў вымову з занясеннем у асабістую справу за “ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у лістападзе 2020 года”. 

З Інстытута гісторыі Акадэміі навук звольнілі сямёх супрацоўнікаў, гэта Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, Алесь Жлутка, Андрэй Радаман, Таццяна Паўлоўская і Уладзмір Шыпіла –  чацвёра з іх прайшлі праз затрыманне падчас акцый пратэсту.

Яшчэ пяцёра супрацоўнікаў звольніліся на знак салідарнасці (Уладзімір Тугай, Андрэй Мацук, Вадзім Аніперкаў, Андрэй Унучак, Васіль Варонін). 

 Аляксандр Памідораў, вядоўца і музыка, звольніўся з “Радыё Рокс”.

«Ёсць дысананс у тым, каб весці забаўляльныя праграмы ў той час, калі ў тваім двары невядомыя спрабуюць схапіць тваю дачку. Калі ў тваім горадзе на тваіх вуліцах невядомыя людзі без твараў са зброяй хапаюць мірных грамадзян, суседзяў, збіваюць і катуюць, беспадстаўна кідаюць у турмы. Калі ты сам схадзіў у турму і калі там знаходзяцца твае калегі і сябры», – сказаў у каментары Беларускаму фонду культурнай салідарнасці Аляксандр Памідораў. 

Вядоўца таксама зазначыў, што пасля таго, як ён адбыў суткі, яму на працы давялі, што пры паўторным затрыманні, з ім развітаюцца.

Алег Роўда сыходзіць з пасады дырэктара Брэсцкага музыкальнага каледжу, якую ён займаў цягам двух гадоў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў ён быў старшынёй участковай выбарчай камісіі. На яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская. 

Яўгена Малікава, гомельскага гісторыка, якога 19 лістапада звольнілі з БелГУТа пасля ўдзелу ў акцыі, прызвалі ў армію. Яўгену 40 гадоў.


Творчы супраціў 

Вялікі канцэрт “Музыка побач” адбыўся ў пятніцу 27 лістапада ў падтрымку ўсіх, каму складана ў гэты час, а таксама творцаў, якія з вядомых прычынаў не маюць магчымасці выйсці на сцэну зараз. 

У фэсце ўзялі ўдзел гурты РСП, Крама, Зміцер Вайцюшкевіч, Алена ЖалудОК і “Чынчынчэнел”, Святлана Бень, Алег Хаменка (Палац). Падтрымаць канцэрт і музыкаў можна тут, а таксама можна паглядзець анлайн-трансляцыю.

 

 

Піт Паўлаў даў дваравы канцэрт для жыхароў Ангарскай. Паглядзець трансляцыю і падтрымаць музыкаў можна па спасылцы

Відэаверсію канцэрта Паўла Аракеляна і яго гурта The Outsiders, якая прысвячаецца ўсім нязломным Артыстам Перамогі: музыкам, пісьменнікам, акторам, якіх звальняюць, арыштоўваюць, збіваюць, але якія ўсё адно выходзяць на Маршы і працягваюць ствараць, граць, выступаць, – паказалі 28 лістападаАхвяраваць любую суму ў Беларускі Фонд культурнай салідарнасці можна і цяпер. 

Адкрылася віртуальная выстава аб падзеях пасля 9 жніўня «Беларусь будучыні. Моц жаночай волі». Арганізатары пішуць пра сваё бачанне тых падзей:

«Выстава „Беларусь будучыні. Моц жаночай волі“ – гісторыя пра сілу чалавечнасці, якая абуджаецца, калі хлусня, гвалт ды несправядлівасць не даюць людзям спакойна жыць. Гэта расповед пра мары людзей на лепшае жыццё ў сваёй краіне і пра жаданне змагацца за гэта».

Выстава створаная ў супрацы з незалежнай платформай SHKLO, якая папулярызуе працы беларускіх фотографаў. Пабачыць галерэю можна тут.

Мастачка Аляксандра Канафальская стварыла вельмі эмацыйнае відэа на песню “Маці” гурта TOR BAND, прысвечаную памяці Рамана Бандарэнка. 

 

 


Галасы асобаў

Ігар Бараноўскі, берасцейскі краязнаўца, які спазнаў досвед 30-суткавага арышту за ўдзел у масавых мерапрыемствах, распавядае пра досвед, атрыманы за кратамі, пратэсты і рэакцыі ўлады на іх.

“Пра тое, што я вынес з гэтага: канешне ж, я даведаўся, што людзі, якія са мной сядзелі, – гэта будучыня Беларусі. Гэта важны досвед. І я зразумеў, што ўсё, на чым трымаецца гэта сістэма – гэта сіла, гвалт і часам няпраўда, якую яны самі паміж супрацоўнікаў пашыраюць і спрабуюць на наіўных людзей яе закінуць. Але мае погляды, яны толькі ўмацаваліся”.

Алесь Дзянісаў, музыка, журналіст, лідар гарадзенскага гурта “Dzieciuki”, распавёў пра сваё затрыманне і творчасць у цяперашніх умовах.

“Дарэчы, у апошнім сваім альбоме, трэцім па ліку, мы не ўтрымаліся. У некаторых песнях наўпрост выказаліся пра сітуацыю ў краіне. Гэта ізноў жа не была палітыка. Гэта была нашая грамадзянская пазіцыя. Хаця і яе ў нас лічаць за палітыку. Я хачу, каб мяне дакладна зразумелі. Бо ў нас ідзе нейкая падмена паняццяў. Гэтыя баязліўцы, якія чхнуць у сваёй кватэры баяцца, усіх называюць палітыканамі. Насамрэч, у нашай краіне па-за палітыкай быць немагчыма. Яна сама да вас пагрукаецца”.

Павел Аракелян, джазмэн, рэкардсмен па колькасці праведзеных вулічных канцэртаў, якога затрымалі пасля дваравога канцэрта 7 лістапада і асудзілі на 15 сутак арышту, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад зняволення

Андрусь Такінданг, якога затрымалі 7 лістапада пасля канцэрта гурта “Рэха” ў Мінску, адседзеў 15 сутак і распавёў, як гэта было

“Мы ўсе даўно ў гурце разумелі, што гэта здарыцца. І калі быў прысуд, то ўсе выдыхнулі. Разумелі ж, чым дваровыя канцэрты для нас скончацца. Стала лягчэй. У нас жа было такое пачуццё — не тое каб віны, але нашыя шматлікія калегі ўжо перасядзелі ўсе. І мы ўсё чакалі, калі ж мы таксама. Агулам гэта вельмі мізэрная плата за тую радасць, якую атрымліваеш на дваровых канцэртах. Галоўнае, што наш апошні канцэрт быў шматлюдным, і нас схапілі ўжо пасля таго, як мы яго адыгралі”. 

А ў гэтым відэа Андрусь цікава, бы казку, распавядае гісторыю цалкам.

 

 Сяргей Сматрычэнка, перакладчык і філолаг, амбасадар незалежнай беларускай культуры ў Чэхіі

“Мы займаемся выключна культурай. Пры гэтым, натуральна, трэба ўлічваць, што культура можа і павінна нейкім чынам рэфлексаваць палітычна-грамадзкія падзеі. У нас тры асноўныя сферы дзейнасці. Па-першае, гэта інфармаванне. Другая сфера — гэта нашы ўласныя праекты, якія спрабуем рэалізаваць. Гэта выставы, сустрэчы, дыскусіі. Трэцяя сфера нашай дзейнасці — быць пасярэднікамі ў ажыццяўленні розных ідэй”.

Чытайце больш у матэрыяле “Радыё Свабода”


Міжнародная салідарнасць 

Новая п’еса Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Беларусь (сія)», якая апісвае драматычныя падзеі ў Мінску пасля выбараў 9 жніўня, выдадзеная на шведскай мове. Раней яна была прадстаўленая ў рамках міжнароднага праекта тэатральнай салідарнасці Шведскім Каралеўскім тэатрам у Стакгольме, а чыткі прайшлі ў тузіне гарадоў па ўсім свеце. 

Сродкі ад продажаў друкаванага варыянту п’есы на шведскай мове будуць накіраваныя на падтрымку беларускай культурнай супольнасці ў рамках кампаніі Save Our Songs, якая праводзіцца пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра. Набыць папяровую копію можна, перайшоўшы па спасылцы

Больш за 50 польскіх пісьменнікаў падпісалі ліст салідарнасці з беларускімі калегамі. Сярод падпісантаў – Нобелеўская лаўрэтка Вольга Такарчук.

“У гадзіну выпрабавання будзьце ўпэўненыя ў нашай салідарнасці. Правы чалавека аднолькавыя для ўсіх – і, баронячы іх, мы заўжды будзем змагацца за вашу і нашу свабоду”.

#freewordsbelarus: 36 прэзідэнтаў, старшыняў і сяброў рады 33 пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый з 22 краін, якія прадстаўляюць 120 000 аўтараў, аб’ядноўваюць свае галасы ў падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі. 

“Еўропа сочыць і не будзе адводзіць позірку: мы бачым гвалт і прыгнёт рэжымам, мы бачым напады на свабоду слова, але мы таксама чуем адважныя галасы Беларусі, якія адмаўляюцца маўчаць. Мы стаім побач з вамі і ўздымаем голас за беларускі дэмакратычны рух”.

Падрабязней – на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра

Адкрыты ліст украінскіх пісьменнікаў у падтрымку беларускіх калег. 

“Як мала хто, мы разумеем, якой ёсць цана свабоды. І разам з вамі звяртаемся да сусветнай грамадскасці: падтрымайце свабодных беларусаў! Дапамажыце спыніць гвалт у еўрапейскай краіне! Не паўтарайце памылак appeasement-у, не маўчыце!”

Расійскі гурт Каста стварыў кліп на сваю песню “Выходи гулять”, у якой адлюстраваныя здзекі і катаванні беларускімі сілавікамі мірных грамадзян. 

 

 

Дакументальную драму “Дыхаем разам. Дышим вместе” ставяць у Рускім драматычным тэатры Літвы. У спектаклі занятыя, у тым ліку, беларускія акторы і рэжысёры, якія прымалі ўдзел у падзеях апошніх месяцаў у Беларусі. Прэм’ера запланаваная на снежань. 


Аўкцыён

Кацярына Іванчыкава, салістка гурта IOWA, выставіла на аўкцыён сваю ўнікальную карціну, каб падтрымаць рэпрэсаваных у Беларусі калег.

«Я намалявала гэтую птушку…, нават, напэўна, гэта я. Для мяне гэта нешта цудоўнае. Птушка спявае. У яе ёсць голас, упэўненасць. І па яе настрою, яе позе я адчуваю, што гэта птушка шукае баланс. І яна на верным шляху», – кажа Каця.

Зрабіць стаўку на аўкцыёне і падтрымаць беларускіх культурных дзеячаў. 


 

Рознае

Віктар Бабарыка, які ад 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, сутыкнуўся з парушэннем свайго права набываць кнігі. Зняволены можа браць кнігі ў турэмнай бібліятэцы або купляць паводле спісу ў кнігарні, аднак кнігі, на якія Віктар афармляе заявы, не купляюць і не выдаюць яму. Апрач гэтага, палітвязень не атрымаў лістоў і паштовак, якія яму дасылалі на дзень народзінаў 9 лістапада. 

У Марыі Калеснікавай, якая знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА, з камеры забралі кнігі: Стывена Хокінга “Сусвет Стывена Хокінга”, Юваля Ноя Хары – “21 урок для 21 стагоддзя” і Homo Deus. Кароткія гісторыі будучыні”. 

Марыну Глазаву, падазраваную па “Справе карагодаў”, перавялі пад хатні арышт 24 лістапада.

13 верасня ў Брэсце, калі пратэстоўцы на Маршы герояў спявалі і танчылі ў карагодах, быў выкарыстаны вадамёт. Супраць пратэстоўцаў была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Гэтая справа атрымала назву “Справа карагодаў”. На дадзены момант падазраванымі па гэтай справе з’яўляюцца дзясяткі чалавек, але Марына была адзінай, каго змясцілі пад варту. 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы Беларускім ПЭН-цэнтрам

і Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

 

Інфармацыйны партнёр - партал TuzinFM.by

Тэгi:
за тыдзень
за тры месяцы