
Паліна Рэспубліка: «Знакавыя падзеі ў маім жыцьці маскіруюцца пад банальнасьці» (аўдыё, відэа)
Напярэдадні вялікага канцэрту ў клюбе «Мулен Руж» з нагоды ўласнага 20-годзьдзя, Паліна Рэспубліка распавяла, як яна зьмянілася ад часу першага сольнага выступу, ці выкідае старыя песьні на сьметнік і якія падзеі ў сваім жыцьці лічыць знакавымі.
— Твой першы сур’ёзны сольны выступ прыпаў на 18-годзьдзе. Можаш параўнаць свае адчуваньні перад тым канцэртам і цяперашнім?
Перад цяперашнім канцэртам я хвалююся крыху менш, бо два гады таму я сустрэла сваіх музыкаў літаральна за тыдзень да 8 красавіка, ня ведаючы, што рабіць з канцэртам яшчэ зь лютага. Сёньня менш панікі, больш асэнсаваная падрыхтоўка, а да таго ж ёсьць адчуваньне сваёй аўдыторыі. Таго, што яна наогул у мяне ёсьць. Тады, я памятаю, мне было вельмі цяжка зразумець, што гэта зусім «мой» канцэрт і што людзі прыйшлі менавіта на «мяне».
— Як сама адчуваеш, моцна ты зьмянілася за гэтыя два гады?
Я сталею, для мяне гэта заўважна. Да таго ж, дзякуючы СМІ, усялякім інтэрвію, я магу вярнуцца ў мінулае і параўнаць тое, што было раней, з тым, што я адчуваю, што я думаю на той ці іншы конт цяпер. Усё ж такі я перад тым канцэртам і цяперашнім — дзьве розныя Паліны Рэспублікі. Зьмянілася маё ўнутранае стаўленьне да музыкі, яе адчуваньне, зьявілася больш досьведу, нават сьпяваю ўжо іншым голасам, як мне падаецца. Цікава, ці заўважна гэта слухачу.
— Ты наогул хвалюесься моцна перад выступамі?
Моцна перад выступамі я хвалявалася толькі некалькі разоў і было гэта на вялікіх фэстах. Звычайна мне няўтульна на першых песьнях, альбо на выступах з дрэнным гукам.
— Можаш назваць знакавыя падзеі ў сваім жыцьці?
Цяжка назваць знакавыя падзеі ў жыцьці. Яны безумоўна ёсьць, але замаскіраваныя пад штосьці зусім банальнае. Калі знакавае — гэта тое, што пэўным чынам уплывае на зьмены ў сьветапоглядзе, сьветаадчуваньні, то ў маім выпадку яно выцякае з дробязяў, іх спалучэньні і звычайна доўгім асэнсаваньні тых ці іншых падзеяў. А так, дзіця пакуль не нарадзіла, фэстывальны фільм не зьняла, нават альбом ня выпусьціла, пра што тут можна казаць.
— Песьні пішуцца часта? Якім чынам ты вырашаеш варта ўключаць той ці іншы твор у праграму выступу ці не?
Песьні пішуцца, але ня часта. Плэйліст звычайна залежыць ад фармату мерапрыемства, працягласьці канцэрту, публікі. Але я магу яго зьмяніць падчас выступу і зайграць зусім незаплянаваныя песьні, за што на мяне злуюцца музыкі.
— Ці ёсьць у цябе песьні, выкінутыя на сьметнік, якія страцілі актуальнасьць з пэўных прычынаў?
Не паважліва выкідаць песьні на сметнік, чаго я ў прынцыпе і не раблю. Проста штосьці больш не сьпяваю, а можа яшчэ не сьпяваю і калі-небудзь да гэтага вярнуся. Тут шмат што залежыць і ад музычнай апрацоўкі, наяўнасьці аранжыроўкі. Калі яна добрая і правільна зробленая, то песьня не надакучвае, адпаведна доўга выконваецца ў праграме.
— Кажуць, на тваім нядаўнім канцэрце ў Вільні некаторыя слухачы сышлі, бо ты сьпявала колькі песень па-расейску. Для цябе мова наколькі істотная?
У маім жыцьці ёсьць некалькі моваў, якія выконваюць розныя функцыі і маюць для мяне асаблівыя значэньні. Мова як музычны інструмэнт і, быццам, адны і тыя ж ноты, але зусім рознае гучаньне, скажам, як на фартэпіяна і гітары, так і на расейскай і беларускай мове. Мне аднолькава цікава ствараць штосьці на ўсіх мовах, якімі я валодаю, больш за тое, вельмі б хацелася пашырыць свае веды і магчымасьці да 4—6 моваў.
Наконт таго, што хтосьці сышоў, шчыра кажучы, я не заўважыла. У мяне дрэнны зрок, але я спэцыяльна сьпяваю без акуляраў, бо музыка — гэта не візуальны кантакт, а перш за ўсё паветрана-пачуцьцёвы, слухачоў я бачу сэрцам і толькі. Калі хтосьці і сышоў, то, думаю, справа была ня толькі ў расейскамоўных песьнях. На шчасьце, зь цягам часу становіцца прасьцей разумець і ўспрымаць, што я ня грошы і ўсім падабацца не магу.
— Можа так стацца, што ты станеш цалкам беларускамоўнай сьпявачкай?
Мова — гэта мая творчая свабода і абмяжоўваць сябе такім чынам я не хачу, пры ўсім маім цёплым і пяшчотным стаўленьні да беларускай мовы.
— У цябе зьмяніўся музычны склад. Задавальняюць цябе музыкі?
Цяпер у нас добры працоўны калектыў. Музыкі дарослыя, тэхнічныя, працавітыя, таленавітыя. За тое, як «Паліна Рэспубліка» гучыць сёньня я абавязана перш за ўсё Вову Пыльчанку, таму што ён галоўны мастак і чараўнік, які нейкім цудам дакладна мяне адчувае і ўвасабляе ў жыцьцё ўсе мае немузычныя эпітэты і мэтафары ў бачаньні песьні і яе аранжыроўкі.
— На якой стадыі твой дэбютны альбом?
Ён амаль гатовы, засталося толькі запісаць. Думаю, што мы пачнем адразу пасьля канцэрту. Плянавалі зрабіць гэта крыху раней, але падумалі, што будзе карысна перачакаць 8 красавіка. Спадзяюся, што з другім альбомам (калі ён будзе) у нас атрымаецца значна прасьцей, бо, калі робіш штосьці ўпершыню, сутыкаесься на сваім шляху з мноствам падводных камянёў, пра існаваньне якіх ты ня ведаў і з-за якіх, хочаш-ня хочаш, прыходзіцца адкладаць справу.
Tuzin.fm/Budzma.org, фота Аляксандар Tarantino Ждановіч
КАМЕНТАВАЦЬ