
Анатоль Ярмоленка: «Песьня, якая была патрэбна» (гісторыя «Аve Maria» на верш Пазьняка)
На просьбу Tuzin.fm Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка прыгадаў гісторыю аднаго з самых цудоўных твораў з рэпэртуару ансамбля «Сябры» — «Аve Maria», музыку да якой напісаў Ігар Лучанок, а словы Зянон Пазьняк.
Спадар Анатоль кажа, што гэтую песьню паказаў яму кампазітар Ігар Лучанок. Спачатку нават без пазнакі аўтара верша Зянона Пазьняка. «Гэта быў пачатак 90-х гадоў, час пасля развалу Саюзу. Тады панаваў такі настрой, шмат казалася пра незалежнасьць. І гэтая песьня адпавядала таму часу. Праўда я спачатку трохі скептычна паставіўся да яе, хоць усё было выдатна з мэлёдыяй, і да вершу аніякіх прэтэнзіяў ня меў. Усё выглядала арганічна, таму і ўзялі яе ў рэпэртуар. „Малітва“ яна звалася першапачаткова».
На фота: Ігар Лучанок, фота open.by
Анатоль Ярмоленка і Ігар Лучанок у той час сустрэліся з аўтарам словаў Зянонам Пазняком. Спадар Анатоль так згадвае тую сустрэчу: «Гэта быў недзе 1991 год. Яго рэакцыя была нармальная. Так, каб „ох!“ ды „ах!“, то не. Асаблівых эмоцыяў не было. Пазьняк не лічыў сябе паэтам, а тым больш паэтам-песеньнікам. Але гэты верш у яго атрымаўся сапраўды прафэсійным». Аранжыроўку да «Аve Maria» зрабіў Мікалай Сацура, музычны кіраўнік «Сяброў», сам кампазытар і віртуозны музыкант. Анатоль Ярмоленка выканаў асноўную вакальную партыю, а голас херувіма — яго дачка Алеся, якой на той час было 15 гадоў. «Аve Maria» запісалі ў студыі і яна трапіла, як цяпер кажуць, у шчыльную ратацыю на радыё.
На фота: Анатоль Ярмоленка, фота bymedia.net
Кампазыцыя на публіку была прадстаўлена на «Славянскім базары — 1993», мастацкім кіраўніком якога быў Уладзімер Мулявін. Яму таксама прыйшлася даспадобы гэтая кампазыцыя. «Гэта песьня была вельмі патрэбная на той час. І яна пайшла ў сьвет. Яе выконвалі іншыя выканаўцы, дзіцячы хор. Дагэтуль я яе чую па радыё», — кажа спадар Анатоль.
Самі «Сябры» ня граюць «Аve Maria» досыць даўно. Кіраўнік «Сяброў» ня можа дакладна прыгадаць апошняе выкананьне, але больш за 10 гадоў дык дакладна. «Час праходзіць, артысты падрастаюць і зьмяняюцца, таму некаторыя песьні выпадаюць з рэпэртуару. Так было і з гэтым творам. Для яе выкананьня быў неабходны дзіцячы вакал. Вядома ж, голас Алесі ўжо не пасаваў. Але калі мы яе не выконваем, гэта ня значыць, што твор страціў актуальнасьць», — падсумоўвае Анатоль Ярмоленка.
Са згоды кіраўніка ансамбля «Сябры» арыгінальны запіс «Аve Maria» прадстаўляецца наведнікам парталу Tuzin.fm.
P.S. Рэдакцыя парталу Tuzin.fm віншуе аўтара словаў да гэтага цудоўнага твору Зянона Пазьняка з 70-годзьдзем!
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Дзякуй за шчыры верш i вiншую!
Тэкст верша просяць. Калі ласка:
У цішы над зямлей у эфіры начным
Голас чысты гучыць - так пяе херувім
Ave Maria gracia plena
Ave Maria gracia plena
На радзіме маёй ён як сонца прамень
Белы цьвет веснавы і крыніцы струмень
Ave Maria gracia plena
Ave Maria gracia plena
Беражы-сьцеражы нас у чорнай бядзе
Я далёка-далёка у лясной старане
Ave Maria gracia plena
Ave Maria gracia plena
Там дзе сосны шумяць, там дзе хмары бягуць
Хай гучыць над зямлей, над радзімай маёй
Ave Maria gracia plena
Ave Maria gracia plena
Рэспект Тузіну за тое. што ўмее сабраць самых розных людзей!
КАМЕНТАВАЦЬ