Pet Nihil зьвінавацілі ў экстрэмізьме (+афіцыйная заява гурту і камэнтар рэдакцыі)
Гарадзенскія ўлады забаранілі канцэрт з нагоды прэзэнтацыі новага альбому Pet Nihil, які меўся прайсьці 11 траўня пры ўдзеле гуртоў Re1ikt і Sciana.
Вялікі канцэрт з нагоды выхаду альбому «Spit» гурту Pet Nihil плянавалася правесьці 11 траўня ў Моладзевым цэнтры Горадні. Гэтая каманда — знакавая на беларускай панк/гардкор сцэне, летась музыкі вярнуліся з новым матэрыялам пасьля васьмігадовага маўчаньня. На прэзэнтацыю паклікалі выступіць калегаў зь Менску Re1ikt і берасьцейцаў зь Sciana. Але канцэрт быў забаронены мясцовым упраўленьнем ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі. Як стала вядома «Тузіну», ідэолягам прыйшлася не даспадобы вокладка альбому «Spit», якая і дала падставу зьвінаваціць гурт у экстрэмізьме, у тым ліку ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Гурт быў вымушаны заявіць сваім прыхільнікам аб пераносе мерапрыемства на няпэўны тэрмін.
Лідэр Pet Nihil Юры Лакціёнаў з гэтай нагоды праз Tuzin.fm зьвярнуўся з адкрытай заявай, дзе патлумачыў пазыцыю на гэты конт.
«Я, вакаліст і лідэр гурту Pet Nihil, Юры Лакціёнаў, заяўляю, што:
1. Наш гурт у аніякім разе не заклікае нікога да гвалту ды экстрэмізму, што лёгка становіцца зразумелым нават пры павярховым вывучэньні тэкстаў альбому.
2. Карцінка для вокладкі была выкарыстана як творчы элемэнт экспрэсіі і падрыхтаваная куды раней за тыя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне і аніякім чынам з гэтымі падзеямі не зьвязана. Больш за тое, у дадзеную ілюстрацыю ўкладаўся выключна філязофскі сэнс, а менавіта: чалавек у змаганьні за сваю асобасную свабоду кідае запальную сумесь у сваё мінулае. Дэталі і фон карцінкі адмыслова для гэтага былі скажоныя з дапамогай адпаведных эфэктаў. Мяркую, што прага асобы да самаразьвіцьця аніяк ня можа клясыфікавацца як заклік да экстрымізму.
3. Калі ўжо існуюць аддзелы ідэалёгіі, то яны абавязаны ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць прафэсійна, а не на падставе сваіх асабістых здагадак і перакананьняў, з разуменьнем асаблівасьцяў творчага працэсу».
Сваю пазыцыю Юры Лакціёнаў зьбіраецца выкласьці ў афіцыйным звароце да чыноўнікаў. Музыка выказвае спадзеў, што ў далейшым ідэолягі ня будуць чыніць перашкоды ў канцэртнай дзейнасьці гурту.
З тэкстамі песень альбому «Spit» (па-расейску) можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце гурту. Тамсама даступная і ангельскамоўная вэрсія рэлізу.
Камэнтар Tuzin.fm: Падзеі апошніх месяцаў сьведчаць пра адкрытасьць «чорных сьпісаў» беларускіх музыкаў. Як такога сьпіса з дакладным пералікам выканаўцаў, якім ня можна граць легальна, ужо няма. Дакладней ён вельмі кароткі — у ім толькі «Ляпіс Трубяцкі» і Зьміцер Вайцюшкевіч. У астатнім жа ёсьць проста пэўныя ўстаноўкі і перасьцярогі, а таму кожная заява на гастрольнае пасьведчаньне, пададзеная ў мясцовыя органы ўлады, разглядаецца вельмі пільна. Гурт ня толькі гугліцца, праводзяцца таксама кансультацыі з КДБ. Калі хоць нешта насьцярожвае — канцэрт забараняюць. А насьцярожыць можа той факт, што выступалі на Майдане. Ці правакацыйная карцінка на вокладцы. Ці рэзкае выказваньне ў інтэрвію. Дайшло да таго, што нават музычны кірунак насьцярожвае — панк-рок. Да панкаў увага асаблівая, бо ў іх асяродзьдзі прынята шанаваць «Ляпісаў». Самае гадкае, што канцэрты забараняюць цішком, шляхам ціску не на музыкаў і арганізатараў, а выключна на ўладальнікаў пляцовак. У вуснай форме, як правіла па тэлефоне, імкнучыся не пакідаць аніякіх дакумэнтальных сьведчаньняў. Тое, што можна зрабіць у дадзены момант — спрабаваць трымаць сытуацыю ў законнай плыні: запісвацца на прыём да адказных чыноўнікаў, патрабаваць ад іх пісьмовага адказу на свае звароты, а ў выпадку такога абвінавачваньня, як экстрэмізм — патрабаваць афіцыйнай экспэртызы на гэты конт. Толькі пры пастаянным агучваньні праблемы ў публічнай прасторы можна нечага дамагчыся.
Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm
Сегодня выслал обращение в горисполком, чтобы разъяснили причину отказа. Запасаюсь поп-корном, дабы как следует насладиться полетом мысвли в ответе ;)
Можна яшчэ зьвярнуцца па заключэньне ў камісію па прадухіленьню парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, каб яны адказалі на пытаньне ці зьмяшчаецца ў творчасьці гурта заклікі да экстрымісцкіх дзеяньняў.
КАМЕНТАВАЦЬ