Кіна!OUT: Беларускі джаз часоў «адлігі» (рарытэтны фільм!)
8535 / 5
16.05.2014

Кіна!OUT: Беларускі джаз часоў «адлігі» (рарытэтны фільм!)

На Tuzin.fm інтэрнэт-прэм’ера тэлефільму «Чаму ж нам ня пець!..» 1968 году выданьня. Праца зьнятая на ўзроўні заходнеэўрапейскіх музычных тэлеперадачаў таго часу. У ім задзейнічаны ня толькі беларускія музыкі, але і манэкеншчыцы, балярыны, блазны.

Час парушаць стэрэатыпы! Прынята лічыць, што беларускі джаз немагчыма разглядаць як асобную ўнікальную зьяву, быццам бы ён ня мае свайго твару, гісторыі ды знакавых пэрсонаў. Аспрэчыць гэткія тэзы здольны рарытэтны фільм «Чаму ж нам ня пець!..», зьняты ў 1968 годзе. Стужка дэманструе ня толькі ўзровень айчыннага джазу, але й беларускае кінэматаграфіі. Праца зьнятая на ўзроўні заходнеэўрапейскіх музычных тэлеперадачаў таго часу. Уражвае кожны дробны элемэнт — ад нотак на барытон-саксе да дызайну вопраткі. У кадры зьяўляюцца джазавы кампазытар Яўген Грышман, малады «бітнік» Юры Антонаў, сьпявак Віктар Вуячыч, удзельнікі гуртоў «Тоніка» й «Альгарытмы», манэкеншчыцы, балярыны, блазны ды многія іншыя.

На фота: на здымачнай пляцоўцы фільму

ФАЛЬКЛЁР НА 5/4

Уласна кажучы, фільм «Чаму ж нам ня пець!..» пачаўся з музыкі. Двум маладым кампазытарам прапанавалі напісаць гумарэскі на тэму беларускага фальклёру. Атрымалася вельмі сьмела, сьвежа, сьмешна й экспэрымэнтальна. Яўген Грышман, напрыклад, спалучыў народны матыў з «Take 5» квартэту Брубэка. Увогуле, Грышман — забытая велічыня, супэрталент, аўтар шматлікіх песень і музыкі да кіно, у тым ліку да м’юзыклу «Спеши строить дом». Аднак ягонае імя ня знойдзеш у летапісах. Грышман раптоўна памёр меней, чым праз два гады пасьля здымкаў фільму.

На фота: Яўген Грышман з флейтаю

Алег Янчанка ў сваю чаргу падыйшоў да апрацовак фальклёру з пэўнай доляй перадавога акадэмізму. Чаго толькі вартая кампазыцыя, сыграная выключна на чатырох флейтах. Янчанка — таксама згублены геній Беларусі, пасланы сюды нібыта як агент Рэнэсансу. Некаторы час кампазытар у літаральным сэнсе жыў унутры аргана Белдзяржфілярмоніі. Ён вёў у Менску курсы арганнае імправізацыі ды, увогуле, меў статус галоўнага арганіста СССР. На рахунку Янчанкі шмат музыкі для кіно з акадэмічна-джазавым ухілам, балет «Кастусь Каліноўскі», сымфоніі ды опэры.

На фота: Алег Янчанка за арганам

У фільме «Чаму ж нам ня пець!..» фрагмэнтарна гучыць фольк-джазавая музыка яшчэ аднаго культавага кампазытара — Яўгена Глебава. Праўда, у тытрах яго імя не пазначанае. Інструмэнтальныя кампазыцыі разбаўленыя песьнямі ў выкананьні заслужанага артыста БССР Віктара Вуячыча. Прычым, дзьве з прадстаўленых песень належаць Уладзімеру Высоцкаму. Рэдактар фільму сьмяяўся з выразу «скрип сапогов» у песьні Высоцкага «Аисты» (па-расейску слушна казаць «скрип сапог»).

ЭСТРАДНА-ЦЫРКАВОЕ КІНАШОЎ

Рэжысэрам наватарскага пэрформансу стаў Уладзімер Арлоў. Сам майстар вызначае «Чаму ж нам ня пець!..» як «першае беларускае эстрадна-цыркавое кінашоў». Уладзімер Аляксандравіч узгадвае: «Мы былі піянэрамі ў гэтай справе. Здымалі на кінастужку ў студыі „Беларусьфільму“ па начох, бо ўдзень усе былі занятыя. Вярталіся са здымкаў а пятай гадзіне раніцы». Таксама паводле ягоных словаў, уключэньне ў сюжэт Вуячыча было абавязковай умовай цэнзараў.

На фота: Уладзімер Арлоў з манэкеншчыцай

Між іншым, на той момант спадар Арлоў ужо меў досьвед граньня ў неафіцыйных джаз-бэндах Горадні й Менску, колісь стыляжнічаў. У 60-х гг. акром кіна- й тэлерэжысуры, Уладзімер займаўся таксама напісаньнем тэкстаў да эстрадна-джазавых нумароў Грышмана й Глебава. Дзякуючы менавіта рэжысэру, фільм захаваўся да нашага часу (шмат чаго з запісаў 1960-х было вынішчана). Некаторыя нумары з «кінашоў» патрапілі на вінілавыя кружэлкі.

ДЭТАЛІ Ў КАДРЫ

00:04 — Варта зазначыць, што музыканты ў кадры й па-за кадрам часам не адпавядаюць адно аднаму. Возьмем, напрыклад, дзявочы квартэт. Насамрэч мы чуем галасы дзьвюх дачок артыста філярмоніі Эдуарда Міцулі, Марыі Стурніцкай і яшчэ адной салісткі. А ў кадры бачым (зь левага на правы бок): Ларыса (манэкеншчыца, прозьвішча сьцерлася з памяці), Сьвятлана Цітовіч (балярына, дачка фальклярыста й харавога дырыгента Генадзя Цітовіча); Ларыса Храбтова (балярына, другая жонка архітэктара Алега Стаховіча, аднаго з аўтараў «Кургана Славы»), Лілія (манэкеншчыца).

00:48 — Гэта блазны-масквічы, што працавалі пэўны час у менскім цырку, Генрых Ротман і Генадзь Макоўскі (апошні таксама заняты ў ролі канфэрансье).

10:29 — Віктару Вуячычу ў кадры акампануе ўнікальны склад (зь левага на правы бок): Марк Шмелькін (бубнач ВІА «Тоніка», будучы ўдзельнік «Песьняроў»), Юры Антонаў (гітара, будучая зорка савецкае эстрады), Пятро Вярлыга (рытм-гітара неафіцыйнага біт-ансамблю «Альгарытмы»), Алег Жукаў (басіст ВІА «Тоніка», будучы паэт-песеньнік).

12:13 — У ніжнім шэрагу скрыпачоў па цэнтры — Яўген Мазгавы (скрыпач з аркестры Барыса Райскага, пасьля доўгі час выступаў у дуэце з гітарай па рэстарацыях), з правага боку ад яго — Данат Яканюк (тады студэнт кансэрваторыі, а цяпер дацэнт Інстытуту журналістыкі БДУ).

17:30 — Першыя й апошнія здымкі Яўгена Грышмана. Тэрмінова дастаўлены з начнога застольля кампазытар дырыжуе народным ансамблем і шумавым дуэтам. Плянаваўся ўдзел у здымках і Алега Янчанкі, але ў таго зусім ніяк не атрымалася.

29:01 — Самы сапраўдны барытон-саксафаніст Аляксандар Азаронак (доўга працаваў у аркестры Райскага, потым граў у цырку, а на пэнсіі ў пахавальнай аркестры).

Напрыканцы варта заўважыць, што гісторыя беларускага джазу вартая падрабязнага вывучэньня. І рабіць тое трэба як мага хутчэй, пакуль жывыя сьведкі. Наш джаз з самага пачатку вылучаўся вялікай сувязьзю з фальклёрам — тое ягоны асноўны плюс і асаблівасьць. Для тутэйшага джазу таксама ўласьцівая сумесь розных мэнтальнасьцяў — беларускай, габрэйскай, польскай і, канечне, афраамэрыканскай. Прытым, што многія ўраджэнцы Беларусі яшчэ да вайны сталі вядучымі аўтарамі джазу ў ЗША. У храналёгіі джазу часоў БССР можна вылучыць таксама шанхайскі ды аргентынскі сьляды, дэтэктыўныя сувязі музыкаў са шпіёнамі, рэпрэсіі Саветаў супроць самых яскравых джазмэнаў… Няма нічога тайнага, што ня стала б яўным!

Фільм «Чаму ж нам ня пець!..» разьмяшчаецца са згоды рэжысэра Ўладзімера Арлова. Фотаздымкі ўзятыя зь яго ж архіву. Дзякуем усім, хто паўдзельнічаў у стварэньні гэтага фільму. А таксама энтузіясту Андрэю Скуратовічу за натхненьне :)

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • WM / адказаць
    16.05.2014 / 19:15

    цуд. Дзякуй.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    20.05.2014 / 13:24

    Выпраўце: "Take 5" -- гэта тэма Пола Дэзманда, а ня Брубэка. І гэты барытон-саксафаніст. Ня надта добра відаць, але, здаецца, у ягоных руках -- усё ж тэнар, а не барытон.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    20.05.2014 / 17:44

    Дзякуй за пільнасьць, хоць тут памылкі не было. "Take 5" Брубэка, бо ягоны квартэт зрабіў першы запіс гэтае тэмы. Аўтар, вядома ж, Дэзманд. Пра саксафаніста спраўдзім лішні раз.

  • Віктар Сямашка / адказаць
    20.05.2014 / 17:58

    У сольным нумары Азаронка (з 29 хв.) гучыць менавіта барытон-саксафон - тое й відаць, і чуваць.
    Наконт "Take 5": так, аўтар - Пол Дэзманд, удзельнік квартэту Брубэка. Папросту, у музыканцкім асяродку гэты стандарт так і называюць "Take 5 Брубэка". А карані матыву, кажуць, у вугорскім чардашы.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    21.05.2014 / 14:00

    Памылкі ня будзе, калі пісаць "Тэйк 5" у выкананьні квартэту Брубэка. А так -- памылка, прабачце

  • КАМЕНТАВАЦЬ