TonqiXod: «Мэдытуеш ты, а тут зьяўляюцца ўзброеныя людзі» (аўдыёпрэм’ера!)
Гурт TonqiXod выканаў у межах праекту «Re:Песьняры» твор, які лічыцца клясыкай сусьветнага прагрэсіўнага року.
Рок-опэра «Гусьляр» паводле паэмы Янкі Купалы нарадзілася акурат у той час, калі прагрэсіўны рок меў шалёную папулярнасьць у сьвеце. Kansas стварыў адзін з галоўных гітоў 70-х «Dust in the Wind», Jethro Tull распачаў сваю фольк-трылёгію, Pink Floyd запісаў новы шыкоўны альбом «Animals», пасьля перапынку ў тры гады зноў сабраліся разам Emerson, Lake & Palmer, каб паехаць у тур з сымфанічным аркестрам і выдаць другую частку сваіх «Сачыненьняў». «Песьняры» знаходзіліся якраз у гэтым сусьветным кантэксьце і стварылі ў 1978 годзе сапраўдны музычны шэдэўр, які выйшаў на кружэлцы-гіганце фірмы «Мэлёдыя» годам пазьней.
Аўтар музыкі да «Гусьляра» Ігар Лучанок распавёў Tuzin.fm, што ў аснову рок-опэры пакладзена яго дыплёмная праца «Курган» — кантата для хору салістаў і сымфанічнага аркестру. Напісаная яна была ў 1961 годзе, спадар Ігар тады сканчаў беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясе кампазыцыі. Праз 16 гадоў да яе зьвернецца Ўладзімер Мулявін. Разам з Лучанком яны напішуць твор, які ўвойдзе ў лік найлепшых прог-рок праграмаў сусьветнай музыкі.
Якраз адзін з фрагмэнтаў з «Гусьляра» вырашылі ўзяць для выкананьня ўдзельнікі праекту «Re:Песьняры» гурт TonqiXod. Вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч кажа, што на музыку яго каманды яўна паўплывалі тыя ж гурты, што і на раньніх «Песьняроў»: «Як толькі мы пачалі музыцыяваць разам, то неаднойчы пераслухоўвалі арт-рокавыя 10-хвілінныя закруты тыпу „Перапёлачкі“. Няма сумневу, што „Песьняры“ залатога складу — гэта музыка сусьветнага ўзроўню як ні паглядзі. Застаецца толькі шкадаваць, што з усіх імі ж намечаных шляхоў яны пазьней пайшлі ці не па самым непрывабным. Мажліва, што вымушана». «Гусьляром» Уладзь быў надзвычай уражаны яшчэ з школьных часоў, калі слухаў альбом на вініле.
Для сваёй вэрсіі музыкі вылучылі самыя музычна цікавыя фрагмэнты з улікам зьместу. «У нас выйшла ў пэўным сэнсе бачаньне гісторыі вачыма самога гусьляра. Вось у лірычным уступе ты дзесьці мэдытуеш на ўлоньні прыроды, ні пра што не падазраючы, а праз імгненьне ў тваю асабістую прастору ўрываюцца ўзброеныя людзі, цягнуць да палаца, садзяць на ганку, потым як з табакеркі выскоквае князь і пачынае патрабаваць ад цябе песьні, ды ня проста песьні, а нейкай такой ды гэткай — куламеса ды гармідар», — кажа Ўладзь. Першапачаткова музыкі думалі, што ў іх будзе больш брудны і гаражны саўнд з акустычнымі аздабленьнямі, але час і абставіны скарэктавалі задуманае. Нягледзячы на пэўныя кампазыцыйныя перакройкі, TonqiXod досыць ашчадна паставіўся да матэрыялу. Музыкі кажуць, што ім было за гонар на сваіх інструмэнтах выканаць тыя ноты, што ў арыгінале.
Выніковым зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Андрэй Акатаў са студыі «Осмос».
TonqiXod — фрагмэнт з «Гусьляра» (музыка Ігара Лучанка, словы Янкі Купалы). Зьмяшчаецца з асабістай згоды Ігара Лучанка.
Tuzin.fm
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
…Прывяла гусьляра зь яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.
Невыдумная сьвітка — убор на плячах,
Барада, як сьнег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гусьлі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сьцюдзёных сьцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як сьлед,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.
— Што ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай, —
Князь умее плаціць незвычайна!
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасьцям —
Поўны гусьлі насыплю дукатаў;
Не пад мысьль песьня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;
Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
І я сам, як і ты, так табе запяю.
КАМЕНТАВАЦЬ