2020
2902 / 0
30.10.2020

Гурт Sciana аднавіўся, каб спець пра падзеі 2020-га

У новым туры аўдыёчарта TuzinFM гурт «Sciana» прэзентуе песню «2020» — гэта іх першы сінгл пасля доўгага маўчання.

Берасцейскі гурт Sciana, які некалькі гадоў таму спыніў існаванне, сёлета аднавіўся, каб спець пра падзеі 2020-га. Склад гурта крыху змяніўся — далучыўся басіст Стас Сюзеў. 

Песня створаная паводле верша Алеся Плоткі. Зміцер Назараў распавёў пра яе пасыл:

— Мы кажам пра тыранію, якая прыйшла пасля выбараў. Кажам, што ад улады ніхто не адмовіцца па сваёй волі. Што будзе каласальная плыня ілжывай інфармацыі. Мы кажам пра эміграцыю. І кажам, што для пэўнай часткі нашага грамадства гэта проста бізнес. Усе гэтыя падзеі былі прадказальнымі. Але людзі павінны паверыць і ўсвядоміць, што на іх усё трымаецца.

Песня выйшла адразу з кліпам — на тэлевізары з БЧБ, закрэсленая дата 9 жніўня і яшчэ багата якіх сімвалаў.

Музыкі абяцаюць, што працяг будзе:

— Праца ідзе. Самі разумееце, што атмасферка зараз не надта спрыяе творчасці, але… ёсць ідэі і праца рухаецца. Абавязкова яшчэ пачуемся. 


Sciana — 2020 (паводле верша Алеся Плоткі) 


Гэта календар без старонкі 'заўтра',

На шурпатых сценах мінулых дзён

Ты простым алоўкам запісваеш адрас.

Мажа пальцы фарба. Маўчыць раён.


У крывым люстэрку вошкаюцца цені,

Здымаеш пальчаткі, сціраеш рот.

Пульс арытмічны нібы курс абменніка:

Бадхісатва наадварот.


Наразай салаты і сумуй аб нечым,

Сумны Шчодры Вечар, сумны новы год,

Чорны Дзед Мароз задувае свечкі

І выносіць з хаты сала і джэкпот.


Гэта календар без старонкі 'заўтра',

На шурпатых сценах мінулых дзён

Ты простым алоўкам запісваеш дату.

Мажа пальцы фарба. Маўчыць раён.


Усё як у людзей. Не чакай сюрпрызаў.

Пашпарты і пальцы. Гарады і візы.

На БАСах, на хвалях, на мурах вакзальных

Сцёртыя надзеі, сцёртыя лады.

Усё як у людзей. Танцы на карнізах —

Не перажывай — гэта проста бізнэс.

І пунсовы надпіс яе памадай

На календары, на календары.