Нямое кіно
6847 / 0
05.01.2015

Песьня, зь якой пачаўся HandmadE (аўдыё)

У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm, які стартуе 9 студзеня, гурт HandmadE прэзэнтуе сваю новую песьню «Нямое кіно», адрынутую некаторымі дзяржаўнымі радыёстанцыямі і ўпадабаную прыхільнікамі на канцэртах.

Хоць запіс і новы, але менавіта зь «Нямога кіно» пачаўся колісь HandmadE. Трэк быў напісаны яшчэ ў 2007 годзе, калі вакаліст каманды Яўген Валошын разам зь сябрам, паэтам Глебам Лабадзенкам вучыліся на журфаку. Гэта ўвогуле адна зь першых іх супольных песьняў, яна была напісана нават хутчэй за слынны ўжо гіт «Вуліца дым». «У тую юнацкую пару з кожным здараліся драматычныя і нават дэтэктыўныя амурныя гісторыі. Нямое кіно“ Глеб сам апісваў так: думай пра вечнае, усё мінецца, любоў застанецца. Разумейце як заўгодна. Лабадзенка ўмеў зь любой сітуацыі вылучыць карыснае і падзарадзіць свае батарэйкі для творчасьці», — пасьміхаецца Яўген і прыгадвае гісторыю, зьвязаную канкрэтна з гэтай песьняй.

Улетку 2009 году ён з Глебам меў шалёную вандроўку па Эўропе, на якую кожны патраціў ўсяго па 500 эўра. Усе свае прыгоды хлопцы па-хуліганску апісвалі ў газэце «Зьвязда». У пульперыі курорту Кастэль-Фузана віно каштавала таньней за ваду. І вось аднойчы пад вечар «умыўшыся», яны выправіліся на мясцовы пляж, дзе пастанавілі стварыць праект. Празь некалькі гадзінаў на гітары, якую пазычылі ў нямецкіх школьнікаў, запісалі першы варыянт «Нямога кіно». «Запіс мы запампавалі на ноўт, падключылі калёначкі і далі паслухаць свайму суседу па бунгала Прынцу Іму. Цёмнаскуры таварыш называўся сапраўдным нігерыйскім прынцам, ня піў, ёў толькі вэганскія стравы. Карацей, блажэнныя ня хлусяць, напэўна, ён і сапраўды прынц. Іма і блаславіў нас на стварэньне праекту. Пазьней Глеб падказаў для яго назву ― HandmadЕ. Мастацкім кіраўніком стаў Андрэй Маркуц, безь якога гурт немагчымы. Пазьней да нас далучыўся акардыяніст Валодзя Пыльчанка», — распавядае Яўген. Але так сталася, што ў студыі гэтую песьню ў аранжыроўцы Андрэя Маркуца запісалі толькі цяпер.

Цікава, што менавіта зь «Нямым кіно» зьвязная прыкрая гісторыя, калі дзяржаўнае радыё «Віцебск» адмовілася ўзяць яе да ратацыі без праслухоўваньня — толькі праз тое, што яна выкананая па-беларуску. Але музыкі з гэтай нагоды не пераймаюцца. Яны наогул любяць сябе называць «самым разьдзяўбайскім гуртом Беларусі». «У нас няшмат канцэртаў, але іх больш чым рэпэтыцыяў, — кажа Валошын. — Кожны музыка займаецца сваімі справамі. Маркуц падымае свой Markuts Band і раз пораз езьдзіць у Маскву ды Кіеў. Да запуску рыхтуецца нейкі новы праект з удзелам знаных беларускіх эмігрантаў.  Я працую журналістам і гойсаю з дому на працу, з працы на трэніроўку, каб ня сьпіцца. Пыльчанка вучыцца на юрыста ў БДУ і аранжуе песьні Паліны Рэспублікі, таксама ўвесь час у разьездах…» Яўген прызнаецца, што ўлетку нават высунуў ідэю HandmadE расфармаваць — у кожнага свой клопат, таму ад шмат якіх прапаноў яны адмаўляюцца ўсё часьцей. Нават ад здымак на тэлевізі. Ня бачаць сэнсу граць «за тры капейкі» ды эфэкту ад зьяўленьня на ТВ аніякага не заўважана.

Але ўдзельнікі HandmadE вырашылі, што разыходзіцца сэнсу няма, бо час ад часу здараюцца цікавыя прыгоды, якія дадаюць у жыцьцё перцу. Так, напрыклад, у кастрычніку яны мелі невялікі тур па Швэцыі, амаль тыдзень правялі ў мясцовай музычнай  мецы ― Гётэборгу. Сустракалі іх як важных паноў, кажуць. У лістападзе зьдзейсьнілася мара Валошына ― адыгралі сэт у сапраўдным тэатры ў Горадні.  Выступ запомніўся нечакана добрай рэакцыяй публікі, хоць падчас выступу ў Яўгена парваліся чатыры струны. Праграму давялося перакройваць, забываліся тэксты песень, якія не рыхтавалі. Але атмасфэра была цудоўная. «Карацей, мы палец аб палец ня бем, творчыя людзі. Куды анёлы павядуць ― так хай і будзе», — падсумоўвае франтмэн  HandmadE.

HandmadE Нямое кіно (музыка Яўгена Валошына, словы Глеба Лабадзенкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Празрыстым лісьцем

на тваіх далонях

тае сьнег

Я напішу табе

дажджом на скронях

неба сьмех

 

І гэтыя дні

І гэтыя ранкі

Будуць вечна,

недарэчна,

як зь нямога кіно

Мы прыходзім

на сустрэчу,

дзе былі мы

даўно

 

І даганяюць успаміны

пра былыя дні

Мы перавернемся з табой

на сьпіну,

сон дасьніць.

І гэтыя дні.

І гэтыя ранкі

 

Будуць вечна,

недарэчна,

як зь нямога кіно

Мы прыходзім

на сустрэчу,

дзе былі мы

даўно