Пажар-піяр
6507 / 1
06.02.2014

Супэргурт «Нафта»: «Каму пажар, каму піяр» (аўдыё)

Праект «Нафта» прадстаўляе ў новым туры аўдыёчарту песьню «Пажар-піяр» з свайго дэбютнага сынглу. Якраз з гэтага твору і пачалася гісторыя супэргурта Пугача, Трацяка, Мышкевіча і Старажука.

Менавіта так. «Нафта» праект чатырох музыкантаў: лідэра «J:морс» Уладзімера Пугача, лідэра Chiefs Band Алеся-Францішка Мышкевіча, экс-бубнача «Ляпіса Трубяцкога» Аляксандра Старажука ды гітарыста Паўла Трацяка. У гэтым і палягае галоўнае адрозьненьне «Нафты» ад «J:морс», бо на самой справе адрозьніць іх стылістычна практычна немагчыма. «Для мяне ў „Нафце“ прынцыпова па-іншаму ўсё адбываецца, бо зусім іншы падыход да стварэньня песень. У „морсе“ ёсьць мая генэральная лінія, а тут у песень не адзін аўтар, а чатыры», — тлумачыць Уладзімер Пугач.

Якраз зь песьні «Пажар-піяр» і пачалася гісторыя новага праекту. На першай рэпэтыцыі ў музыкаў зьявіўся гітарны рыф, на які Пугач напісаў тэкст (у «J:морс» працэс стварэньня песень адбываецца з дакладнасьцю наадварот — спачатку тэкст, на які прыдумваецца музыка). «Словы зьявіліся проста і лёгка, гэта сьпеў навеяны тым, што ў сучасным сьвеце цяжка разабрацца калі цябе выкарыстоўваюць, а калі кажуць шчыра. Ён пра адсутнасьць мяжы паміж дабром і злом», — кажа выканаўца.

Цікава, што прэзэнтуючы дэбютны сынгл «Нафта» вырашыла трэк «Пажар-піяр» зрабіць нябачным: яго няма на афіцыйным акаўнце праекту ў Soundcloud. Пугач кажа, што гэта зусім ня значыць, што песьня лічыцца прахадной ці менш вартай увагі, чым астатнія. Такі крок быў прадыктаваны «тэхналягічнымі патрэбамі». Наогул жа Ўладзімер кажа, што прома гэтага праекту як такога яшчэ і не было, усё пакуль робіцца практычна ўціхую. Больш гучна пра «Нафту» музыкі зьбіраюцца заявіць, калі падрыхтуюць поўнафарматны альбом. Ня выключана, што адбудзецца гэта ўжо сёлета.

SB, Tuzin.fm

Нафта — Пажар-піяр (музыка У. Пугача, А. Старажука, А. Мышкевіча, П. Трацяка, словы Ўладзімера Пугача). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Паспрабуй зрабiцца ў сьне

Супэрмэнам на промавайне

Зь неба не вiдаць шалёныя вочы

З-пад чужых сьцягоў… Дзе хочаш

 

Лётай, не чапай нiкога

Бо межы не растуць да Бога

I ўсе за добрае супраць злога

I кожны за сваё. Але…

 

Але

Каму пажар, каму пiяр

Этэр на доўгiх хвалях

Каму някепскi ганарар

За груз шкляных караляў

 

Самае цудоўнае

Бачыць сонца ў кожным вакне

Самыя сапраўдныя рэчы ў сьвеце

Тыя, што малююць дзецi

 

Вiтаем вас у цёплай ваньне

Чакаем зь неба ратаваньня

Мы ўсе тут супраць катаваньня

І кожны за сваё

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.02.2014 / 18:10

    Годная песьня! Цікава, што Пугач, пішучы па-беларуску, карыстаецца правіламі клясычнага правапісу.

  • КАМЕНТАВАЦЬ