«Уверсе назаўжды». Эйсід-калыханка ад Ані Жданавай (аўдыё)
Сьпявачка Аня Жданава прэзэнтуе ў першым туры новага сэзону аўдыёчарту на TuzinFM свой дэбютны аўтарскі трэк на беларускай мове «Зьнічка».
Да сваёй першай беларускамоўнай песьні Аня сасьпявала доўгі час. Хоць і вучылася ў беларускамоўнай гімназіі ды сьпявала ў дзяцінстве ў фольк-хоры. У інтэрвію TuzinFM у 2011 годзе Аня, якая на той час была вакалісткай ангельскамоўнага гурта Lilac, тлумачыла, што мэлёдыка песень для яе не сугучная з расейскай ці беларускай мовай. Распачаўшы сольную творчасьць, у этэры праграмы Belsat Music Live cьпявачка зазначыла, што ведае, як можна цікава падаць беларускую мову ў электроннай музыцы, але не адчувае пакуль унутранай пэўнасьці, каб гэта зрабіць. І вось гэтым летам Аня прэзэнтавала свой першы беларускамоўны самотнік «Зьнічка» пад шыльдай свайго сольнага праекту Ana Zhadanova.
«Зь беларускамоўнай кампазыцыяй атрымалася крыху нечакана, але сапраўды думкі стварыць нешта такое былі раней, проста пазл цяжка зьбіраўся. Увесь час паўставалі пытаньні: навошта мне гэта рабіць і як, якія сродкі выкарыстоўваць», — распавядае Аня пра гісторыю стварэньня песьні. Яна паказала напрацоўкі лідэру фармацыі CherryVata Зьмітру Літвіновічу, які ўпадабаў трэк і прапанаваў супрацу ды выданьне на сваім лэйбле Ezhevika. Рэдкі выпадак, калі адну песьню выдаюць адразу два лэйблы. Рэліз таксама быў прэзэнтаваны на «Першаку». Акром арыгінальнага трэку ў яго ўваходзіць тры рэміксы.
«Гэтая песьня пра тое, што ніхто не памірае, а зьзяе зьверху ці ва ўспамінах пра лепшы час», — кажа сьпявачка пра сэнс сваёй кампазыцыі і не выключае, што працягне беларускамоўную лінію ў сваёй творчасьці. Сачыць за навінамі Ані можна праз афіцыйную суполку.
Песьня даступная таксама на плятформах Bandcamp / iTunes / Yandex.Music / Deezer
Аня Жданава — Зьнічка (музыка і словы Ані Жданавай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ