Tanin Jazz. Невыносная лёгкасьць быцьця (аўдыёпрэм’ера!)
Гурт Tanin Jazz прадстаўляе на Tuzin.fm новую песьню «Каханьне» з сваёй першай беларускамоўнай праграмы.
Вакалістка Тацяна Гарошка прапаноўвае слухачам не ўспрымаць яе новую кампазыцыю як песьню менавіта пра каханьне. «Насамрэч у дадзеным выпадку слова „каханьне“ ня мае лірычнай сэнсавай нагрузкі, хоць я і карыстаюся ім і нават называю песьню ў гонар яго», — кажа Таня. Словы да «Каханьня» яна напісала ў суаўтарстве з Андрусём Такіндангам, музыку цалкам прыдумала сама. У вакалісткі Tanin Jazz наогул праца над новымі беларускімі песьнямі ідзе спрытна і лёгка, што адбіваецца на іх настроі. Кампазыцыя запісаная разам з гітарыстам Аляксеем Англінскім і бубначом Аляксеем Максімавым.
«Як на мой погляд, гэты твор пра пачуцьцё эўфарыі і шчасьця, якія зьяўляюцца ад адчуваньня свабоды, хуткасьці, лёгкасьці, гармоніі, асалоды, ціхамірнасьці. Якраз тое, што робіць нас шчасьлівымі і дарыць самыя яскравыя эмоцыі і ўспаміны», — так прадстаўляе cваё «Каханьне» Таня Гарошка.
Беларускамоўную праграму гурт Tanin Jazz паказаў часткова падчас летніх выступаў. У поўны рэліз мае ўвайсьці 12 песень, выхад дыску чакаецца ўвосень. Сьпявачка кажа, што падчас працы над гэтым альбомам атрымала максымальнае задавальненьне ад творчасьці.
Tanin Jazz — Каханьне (музыка Тацяны Гарошка, словы Андруся Такінданга і Тацяны Гарошка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Tarantino
Далягляду няма, ёсьць толькі мы.
Вінаватых няма ў тым што мы…
Імкліва, што сілы шалеем у віры.
Можа мы зможам быць
Нібы адно каханьне безь мяжы,
Ты мне скажы! «Кахаю!»
Далягляду няма, ёсьць толькі мы.
У шалёным віры, ў тым што мы.
Імкліва, што сілы
Плыві да глыбіні!
Можа мы зможам быць
Нібы адно каханьне безь мяжы,
Ты мне скажы !
Няма мяжы,
Ты мне скажы.
Няма мяжы
Ты мне скажы!
Кахаю!
КАМЕНТАВАЦЬ