BarRokka. У чаканьні беларускае Вясны (прэм’ера)
Гурт BarRokka прэзэнтуе на TuzinFM самотнік «Зімовая», у якім заклікае беларусаў абудзіцца, каб адчуць сілу і моц Вясны.
У гэтай песьні Лізавета Леўчык імкнецца перадаць гэты стан застыласьці, які можа напаткаць кожнага чалавека. Ды што чалавека — усю краіну. «У такія моманты здаецца, што ўсё нібы сьнегам замяло, і што ты сама застынеш і вясна ўжо ніколі ня прыйдзе. Рукі апускаюцца ад хоць якой думкі пра барацьбу, бо было ўжо столькі спробаў і ўсё безвынікова, — кажа Лізавета. — Застаецца толькі трываць і чакаць ды спадзявацца, што калісьці стане лепей і сьнег растане. А ведаеце што? Лепей ня стане, калі проста сядзець і чакаць, калі проста трываць. Кажуць, што сьмерць ад пераахалоджваньня самая бязбольная, але ж гэта ўсё адно сьмерць. Таму час нарэшце прачнуцца!»
Упершыню BarRokka сыгралі «Зімовую» летась, на канцэрце 26 сакавіка ў «Графіці» і вось толькі што запісалі яе ў студыі ды вырашылі прэзэнтаваць асобным самотнікам. Да гэтага гурт ляўрэаткі конкурсу «Засьпявай.by-2014» выдаў міні-альбом «Мяжа» ды зьняў кліп на загалоўны трэк. Сёлета музыкі маюць намер запісаць свой першы паўнавартасны альбом. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.
Песьня «Зімовая» гурту BarRokka возьме ўдзел у 13-м туры аўдыёчарту на TuzinFM, які будзе апошнім у сэзоне 2016—2017.
BarRokka — Зімовая (словы Андрэя Леўчыка, музыка Лізаветы Леўчык). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
Ноч, упоцемку ўзмах,
Над намі белы сьцяг.
І нібы шэры прах —
Сьнега крылы.
Крык, не прагучаўшы змоўк,
Спыніць ніяк ня змог.
На самы дробны крок,
Вецер стылы
Зноў зь небасхілу,
Зноў няма сілы,
Зноў атулілі
Не ўздыхнуць.
Мы сьпім глыбока, бачым сны.
Нам як да бога — да вясны.
Прайшлі над намі халады,
А мы наўрад ці жывы.
Мы тут, мажліва, назаўжды.
Сьвет, там дзесьці ў гарады.
У зялёныя сады,
На плошчы і масты,
Ходзяць шчыра.
Сьмех ад добрых цёплых слоў.
Каханьне і любоў,
А тут у нас ізноў,
Вецер стылы.
Зноў зь небасхілу,
Зноў няма сілы,
Зноў атулілі
Не ўздыхнуць.
Нам абяцалі шчасьце і волю,
Чарку і скварку, мір і застольле.
Проста маўчыце, ціха сядзіце —
Усё вельмі добра, сьпіце, усьніце.
Мары парвалі, зьнялі і зьлілі,
Нас ашукалі, нас усыпілі.
Каб не памерці, не задыхнуцца
Трэба прачнуцца, трэба прачнуцца.
Ноч, упоцемку ўзмах,
Над намі белы сьцяг.
І нібы шэры прах —
Вецер стылы
Мы сьпім глыбока, бачым сны.
Нам як да бога — да вясны.
Прайшлі над намі халады,
А мы наўрад ці жывы.
Мы тут, мажліва, назаўжды.
КАМЕНТАВАЦЬ