
«Рокаш»: як вырвацца на волю
Гурт «Рокаш» прэзэнтуе ў гіт-парадзе ТГ сваю новую кампазыцыю «Дзеці паўночнага ветру». «Гэта нейкае своеасаблівае памкненьне вырвацца з кола штодзённай мітусьні і паспрабаваць адшукаць свой ідэальны край свабоды і мудрасьці», — так прэзэнтуюць свой твор аўтары Лявон Казакоў і Паліна Дулінец.
«Дзеці паўночнага ветру» мае ўвайсьці ў наш дэбютны альбом, праца над якім пакрысе набліжаецца да доўгачаканага завяршэньня. Кампазыцыя досыць нетыповая для нашай творчасьці, бо падчас яе стварэньня нам было цікава паэкспэрымэнтаваць з фолькам, хардам ды электронікай. Вынік атрымаўся трохі нечаканым, але прыемным. Досыць цяжка дакладна ахарактарызаваць стыль гэтай песні. Калі мы гралі летась на ўкраінскім фэсьце «Трыпільскае кола», адзін са слухачоў акрэсьліў стылістыку гэтай песні як «нэафольк-дыска-панк». Што ж, можа ў гэтых словах і была рэшта праўды. Зрэшты няхай наконт стылю песьні лепей разважаюць шаноўныя крытыкі.
Што ж тычыцца зьместу песьні… Пэўна ўсе ж гэта нейкае своеасаблівае памкненьне вырвацца з кола штодзеннай мітусьні і паспрабаваць адшукаць свой ідэальны край свабоды і мудрасьці. Каб дасягнуць яго, трэба расправіць плечы, праламіць сьцены ўмоўнасьцяў ды вырвацца на волю, але жыцьцё сьведчыць, што ня так ужо і проста дзецям паўночнага ветру адшукаць сваю Гіпэрбарэю.
Усё гэта толькі словы — спадзяемся, што кожны з вас знойдзе ў гэтай песеньцы свой адзіны непаўторны схаваны сэнс.
Гурт Рокаш (з архіву ТГ, 2010)
Рокаш — Дзеці паўночнага ветру (словы — Лявон Казакоў, музыка — Паліна Дулінец).
КАМЕНТАВАЦЬ