UltraВожык выходзіць на арбіту
Пасьля зьнікненьня амаль на два гады містычны беларускі праект-інкогніта вяртаецца ў «Тузін Гітоў» з новай песьняй, якая ўжо мае скандальную гісторыю. Са словаў заснавальнікаў праекту, твор ім замовіў тэлеканал «Белсат», але пасьля ня здолеў за яго разьлічыцца. Музыкі, якія называюць сябе Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Ўругвайскі, кажуць, што пасьля гэтага сталіся лукашыстамі.
Пасьля зьнікненьня амаль на два гады містычны беларускі праект-інкогніта UltraВожык ізноў нечакана заявіў пра сябе, прапанаваўшы эксклюзыўна для «Тузіна Гітоў» свой новы трэк. Як заўсёды, песьня поўная цікавых нечаканасьцяў, як і гісторыя яе стварэньня.
«Чамусьці прынята лічыць, што UltraВожык — гэта нейкія патаемныя рэвалюцыянэры. А мы ўжо колькі гадоў кажам, што мы такія ж лукашысты, як і ўсе астатнія. Проста мы вельмі любім амэрыканскія даляры. Мы за іх маму родную прададзім», — кажа Пётар Адамавіч.
Песьня «Спадарожнік» спачатку была заказаная тэлеканалам «Белсат» у якасьці тытульнай мэлёдыі. Але потым ЗША ахапіў эканамічны крызіс, а Эўразьвяз спужаўся расейскіх паходаў на Каўказ. Абодва фактары, відавочна, нядобра паўплывалі на дабрабыт спадарожнікавага анты-БТ, які ў выніку ня здолеў разьлічыцца з UltraВожыкам за пастаўленую прадукцыю. Таму містычнае трыё Адамавіч, Шафа-Ўругвайскі ды сабачка Ібрагім, засталіся без штаноў і вырашылі перарабіць песьню на свой лад.
«Мы вырашылі замяніць слова „Белсат“ на адзіны спадарожнікавы канал, які лепей за ўсё глядзець без штаноў — „Плэйбой“», — кажа Яўген.
«Спадарожнік» уражвае разнастайнасьцю стылістычнай афарбоўкі. Гэта неадназначны мотаўн 50-х, перамешаны з сынт-попам 90-х, гукамі космасу ды вясковых жывёлаў. Да таго ж, сустракаюцца духавая сэкцыя, аркестар, а таксама элемэнты фанку і панку.
«Не, гэта не адмыслова. Проста мы ніяк не маглі дамовіцца, што мы робім — рок-н-рол ці поп-шлягер. Кожны рабіў сваё. А потым яшчэ гэты сабака прыйшоў ды ўсё сапсаваў, як заўсёды…» — бурчыць Пётар Адамавіч.
«Сабачка Ібрагім патрабаваў для сабе асобнай вакальнай партыі. Але ж ён — сабака, сьпяваць ня ўмее. Вось таму ад „Спадарожніка“ месцамі трохі жудасна», — патлумачыў Яўген.
У тэксьце «Спадарожніка», як і заўсёды, вымалёўваецца палітычны падтэкст, у якім можна ўгледзець крытыку дзяржаўнай манаполіі на СМІ.
«Гэта лухта ўсё. Нам вельмі падабаецца манаполія. Трэба яшчэ манаполію на музыку ўвесьці — каб можна была толькі UltraВожыка па радыё слухаць. Адразу б стала менш жульля ў краіне», — спрачаецца Пётар Адамавіч. «Апазыцыі там усялякай, прадпрымальнікаў ды пэдафілаў», — дадае сабачка Ібрагім.
Для тых, хто думае, што пасьля «Спадарожніка» прыйдзецца зноў чакаць два гады да наступнага руху UltraВожыка — добрая навіна: вялікія кансьпіратары ўжо працуюць над наступным трэкам. «Ён таксама будзе пра космас. Гэта ўсё, што я магу пакуль паведаміць», — з позіркам сапраўднага злачынцы кажа Шафа-Ўругвайскі.
UltraВожык — Спадарожнік (музыка — Пётар Адамавіч, словы — Пётар Адамавіч, Яўген Шафа-Ўругвайскі, сабачка Ібрагім). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Тузін Гітоў, 26.05.2009
КАМЕНТАВАЦЬ