Вандроўка на фантастычную Новую Зямлю
Гурт «Красные звёзды» прадстаўляе сваю новую беларускамоўную песьню «Зорачка», якую лідэр каманды Ўладзімер Селіванаў засьпяваў дуэтам разам з Кацярынай Пытлевай. Аўтар называе свой трэк вандроўкай на фантастычную Новую Зямлю, дзе ўжо ніколі не давядзецца перажыць растаньне.
Уладзімер Селіванаў кажа, што «Зорачку» напісаў пад уражаньнем ад «Александрыны» аднаго з сваіх самых улюбёных гуртоў «Песьняры». «Я хацеў паказаць Любоў, якая вынесеная за межы чалавечага існаваньня і адначасова зразумелую, зямную і трагічную. Гэта і разьвітаньне і надзея адначасова. Гэта вандроўка на фантастычную Новую Зямлю, дзе ўжо ніколі не давядзецца перажыць растаньне». Спачатку лідэр «Красных звёзд» выконваў яе адзін, а потым вырашыў перазапісаць яе дуэтам з Кацярынай Пытлевай.
«З гэтым гуртом зьвязана большая частка майго жыцьця!», - прызнаецца сьпявачка. Яна пазнаёмілася зь Селіванавым калі ёй было ўсяго 16 год. Каця была прыхільніцай «Красных звёзд» і пірацкім чынам перапісвала альбомы гурта. «Мы пасябравалі і доўгі час Вова ў пэўнай ступені апекаваўся мной – быў першым крытыкам маіх вершаў, падтрымліваў па жыцьці. Ясна, што калі ён мне прапанаваў запісаць сумесную песьню ды яшчэ на беларускай мове я ўсьцешылася неймаверна». Каця кажа, што «Зорачка» прабрала яе да дрыжыкаў і лічыць, што дуэт атрымаўся выдатным. Аранжыроўку песьні стварыў Яўген Бялоў.
SB, «Тузін Гітоў»
Красные звёзды і Кацярына Пытлева – Зорачка (музыка і словы Ўладзімер Селіванаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
КАМЕНТАВАЦЬ