Дыхаць
10910 / 1
11.11.2014

Дыхальныя практыкі ад Haina (аўдыёпрэм’ера!)

Гурт Haina на гадавіну сваёй дзейнасьці прадстаўляе на Tuzin.fm сынгл «Дыхаць». Музыкі прызнаюцца, што падгледзелі гісторыю, якая апавядаецца ў гэтым творы.

«Дыхаць» — бадай што самая працаёмкая песьня з рэпэртуару гурта Haina. Яна існуе ў некалькіх вэрсіях і ўвесь час перапрацоўваецца. Менавіта яе музыкі вырашылі запісаць і паказаць асобна ў выглядзе сынглу. У кампазыцыі апавядаецца канкрэтная гісторыя. Лідэр каманды Ільля Паплёўка распавядае, што яна падгледжаная ў рэальным жыцьці: «Героі гэтай песьні праводзілі багата часу разам у юнацтве і мелі шмат чаго агульнага, але абставіны іх змусілі разьвітацца. Яны ўсё адно сышліся празь некаторы час і часам іх дыханьні супадалі, нерухомымі заставаліся толькі юнацкія ўспаміны. Але не было ім наканавана быць разам…» 

Сынгл «Дыхаць» запісаны на студыі Mapletree традыцыйным складам гурта — скрыпка, бубны ды баян. Яго выхад прымеркаваны да гадавіны дзейнасьці «Хайны». 19 лістапада на сольным канцэрце ў TNT яны прэзэнтуюць сынгл ды пакажуць чаму навучыліся за гэты час. «Мы ўдзячныя нашым слухачам за фідбэк пасьля канцэртаў. Спадзяемся будзе ён і пасьля прэзэнтацыі нашага новага твору», — кажа Ільля.

Tuzin.fm

Haina — Дыхаць (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Самі сябе малявалі,

Самі сваімі рукамі,

Сусьвет падаваўся такім безнадзейна складаным — 

Свой сьціплы сюжэт з табой малявалі.

 

Дыхаць сьвежым зімовым паветрам,

Мароз, але не замерзьнем перажылі і горшыя дні.

Дыхаць нічога сабе не пакінуць,

Згубіцца без барацьбы:

А што, калі мы ў цэлым сьвеце адны.

 

Дыхаць нібыта ні ўчора ні заўтра,

Дыхаць без раўнавагі: ва ўпартых баях па кароткіх глытках.

Дыхаць і выгляд рабіць, быццам дымам прыемна дні напаўняць:

А што калі так, а што калі так.

 

На высокім даху прашаптаў ёй ціха:

Я цябе ніколі, ніколі не пакіну,

Крочым асьцярожна, проста не глядзім уніз.

На высокім даху прашаптаў ёй ціха:

Я цябе ніколі, ніколі не пакіну,

Размаўляй цішэй нас пачуюць усе.

 

Дыхаць кволымі пальцамі крэйдай маляваць на паверхах,

Як ёсьць ад пачатку і да канца,

Дыхаць, тым што даўно не належыць,

Сярод бліскавіц цішыня: бо я гэта ты, а ты гэта я.

 

Буду маліцца бясконца, буду маліцца штодзень,

Каб не сказаць, сустрэўшы цябе:

Ой, якія людзі, узгадаем нашы цуды: перарывай, давай, перарывай, давай!

Буду маліцца бясконца, буду маліцца штодзень,

Каб не сказаць, сустрэўшы цябе:

Ой, якія фарбы, іх пазнаем без падказак:

Перарывай, давай, перарывай, давай…

 

Напэўна мары таксама ўмеюць забіваць:

Рабіць з нас зомбі пасьля кожнай няўдалай спробы да іх дацягнуцца.

Не, пра тыя малюнкі ніколі ня варта шкадаваць, мы насамрэч такія:

Балюча — тужлівыя, кахаемшчасьлівыя, губляемчульлівая, знаходзімдобразычлівыя.

 

Паветра не павінна падпарадкоўвацца яно само па сабе, яно проста ёсьць,

Мы з табой таксама самі па сабе, прымаем сур’ёзныя рашэньні.

Хачу прапанаваць адно несур’ёзнае, нібыта выключэньне з правілаў,

Але пра гэта пазьней, а пакуль… Мой адрас не зьмяніўся, я цябе вельмі чакаю!

КАМЕНТАРЫ: