Пагоня
9558 / 1
12.01.2015

Песьні жывуць, пакуль іх выконваюць (прэм’ера «Пагоні» ад хору «Унія»)

З нагоды дня народзінаў Уладзімера Мулявіна на партале Tuzin.fm прэм’ера песьні, якая была запісаная для праекту «Re:Песьняры». «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча загучала ў выкананьні хору «Унія».

«Пагоня» — адзін з шэдэўраў, створаны «Песьнярамі» ў 90-х. Уладзімер Мулявін напісаў музыку ды клясычнага вершу Максіма Багдановіча для цыклю «Вянок» (1991). Тады якраз вяліся размовы пра тое, каб «Пагоня» стала новым гімнам Беларусі.

Менавіта гэты сьпеў выканаў мужчынскі хор «Унія» для праекту «Re:Песьняры». Акурат гэты хор рэанімаваў нашы маршы і гімны. Іх альбом «Беларускія маршы і песьні» (1998) натхніў беларускіх рокераў на стварэньне супольнага музычнага праекту «Я нарадзіўся тут». Верш Максіма Багдановіча, пакладзены на музыку Ўладзімерам Мулявіным, зроблены ў зьмяшаным ансамблева-харавым стылі, раскладзены на шматлікія галасы і выкананы акапэла. «Мой настаўнік з кансэрваторыі зазначаў, што ў сучаснай музыцы павінны прысутнічаць традыцыі і наватарства. І гэта адбылося ў „Песьняроў“. Другі, маскоўскі настаўнік, казаў: „Ёсьць рускі партэс, пабудаваны беларусамі“. Ёсьць сучасная балёнская школа сымбіёзу стылю і жанру, і гэты сымбіёз стылю і жанру на глебе беларускага фальклёру змог пабудаваць не беларус Мулявін разам з ансамблем „Песьняры“. Брава!» — распавядае кіраўнік хору Кірыла Насаеў.

«Пагоня» ў выкананьні хору «Унія» мелася стацца ўпрыгожаньнем праекту «Re:Песьняры», яго фінальным трэкам. На вялікі жаль, паразумецца з асобамі, якім належаць правы на творчую спадчыну Ўладзімера Мулявіна, у нас ня выйшла, таму песьня не была прэзэнтавана ў межах праекту. Мы вырашылі яе прадставіць асобна, на дзень народзінаў Уладзімера Мулявіна. 12 студзеня 2015 году Нашаму Музыку споўнілася б 74 гады. На нашае перакананьне, гэты сьпеў мусіць гучаць на ўвесь абсяг. А яшчэ песьні жывуць, пакуль іх выконваюць.

! Запіс песьні «Пагоня» хору «Унія» зьдзейсьнены на асабістыя сродкі стваральнікаў праекту «Re:Песьняры», публікуецца не ў камэрцыйных мэтах і прызначаны для прыватнага праслухоўваньня.

Tuzin.fm

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах,

Успомню Вострую Браму сьвятую

І ваякаў на грозных канях.

 

У белай пене праносяцца коні,

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць.

Старадаўняй крывіцкай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

 

Маці, родная Мацi-Краiна,

Ня ўсьцішыцца гэтакі боль!

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!

 

У бязьмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі — гады.

Вы за кім у пагоню сьпяшыце,

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

 

Мо яны, Беларусь, панясьліся

За тваімі дзяцьмі ўздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

 

Маці, родная Мацi-Краіна,

Ня ўсьцішыцца гэтакі боль!

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!

 

Бійце ў сэрца іх, бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць!

 

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць!

Старадаўняй крывіцкай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

 

Маці, родная Мацi-Краіна,

Ня ўсьцішыцца гэтакі боль!

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!

 

КАМЕНТАРЫ: