![Я, да жалю, ня пан](/images/3308_mp3_240x240.jpg)
SnopSnoǔ з трып-гоп прывітаньнем «Народнаму альбому» (аўдыё)
У аўдыёчарце на Tuzin.fm менскі гурт прадстаўляе сваё прачытаньне песьні «Я, да жалю, ня пан». Пярліна праекту «Народны альбом» зроблена імі пад уплывам трып-гопу і дабу.
Маладыя музыкі зусім невыпадкова абралі песьню Міхала Анемпадыстава і Лявона Вольскага. «Я пачуў „Народны альбом“ яшчэ калі вучыўся ў школе, — распавядае гітарыст гурта Раман Жарабцоў. — Гэтыя песьні часта гучалі дома, іх любілі мае бацькі, мы хадзілі на канцэрты гэтага праекту». Зрабіць адзін з улюбёных сваіх твораў з «Народнага» музыкі вырашылі ў зусім іншым стылі. Раман кажа, што яму падабаецца трып-гоп, даб, музыка Дэйвіда Лінча і гэта адбілася на іхняй вэрсіі «ЯДЖНП» (так яе назву пазначае ў сваіх трэк-лістах SnopSnoǔ). Музыкі былі неймаверна шчасьлівы, калі дазналіся, што іх экспэрымэнтальны кавэр прыйшоўся даспадобы Лявону Вольскаму. «Вялікі стымул, калі цябе хваліць чалавек, на музыцы якога ты вырас», — зазначае Раман.
SnopSnoǔ нядаўна прэзэнтавалі на Tuzin.fm свой дэбютны альбом «Танцпляц», а на канцэрце-прэзэнтацыі ў «Графіці» акром песень з гэтага дыску паказалі ўжо і новыя творы з наступнага рэлізу. Яны маюць намер і надалей трымацца беларускай мовы ў сваёй творчасьці. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Паслухаць песьню на Soundcloud
SnopSnoǔ — Я, да жалю, ня пан (музыка Лявона Вольскага, словы Міхала Анемпадыстава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Алісы Ахрамовіч
Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там
Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам
Я твайго не вазьму
Я свайго не аддам
Вось замкнёны мой дом
Вось ля дома паркан
Ад нуды ды бяды
Уратуюся сам
Час зьбiраць камянi
Час расьцi камяням
Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам
Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там
Неакрэсьлены стан
Незавершаны лад
Я стаю на мяжы
Памiж дрэваў i хат
Вось дарога туды
Вось дарога назад
Там дубы ля вады
Тут шыпшынавы сад
Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там
Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам
Я стаю на мяжы
Я iду па нажы
Божа, дапамажы
Захаваць раўнавагу
КАМЕНТАВАЦЬ