M.G.: Геніюш у мэтале (аўдыё)
Гурт M.G. прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm кампазыцыю «Дзяцюкі». Верш Ларысы Геніюш загучаў у брутальнай цяжкарокавай апрацоўцы, але з флейтаю.
Задума гэтай песьні ў гурта M.G. зьявілася яшчэ ў 2011 годзе. Музыкі хацелі зрабіць павольную і цягучую кампазыцыю, якая б вызначалася яскравай мэлёдыяй і вабіла бы сваім энэргічным пасылам. Пры гэтым M.G. хацеў захаваць сваю брутальнасьць. У якасьці тэксту хлопцы вырашылі ўзяць верш Ларысы Геніюш «Ня сумуйце». У час працы над трэкам вырашана было надаць фальклёрную нотку. «Нам здалося, што для больш цікавага гучаньня ў беларускай манеры не стае пявучага інструмэнту, таму мы скарысталі флейту, з дапамогай якой першая частка песьні атрымалася танцавальнай», — кажа гітарыст каманды Герман Кулік.
M.G. самі з Наваградку, цяпер стала жывуць і працуюць у Менску. Раней гэты гурт зваўся Metalgues, ён у 2011 годзе перамог у полацкім фэсьце Live in Rock ды адзначыўся на «Басовішчы». Менавіта там, дарэчы, «Дзяцюкі» (менавіта такое напісаньне слова ў арыгінале вершу) і прагучалі ўпершыню. Сёлета гурт выдаў дэбютны альбом, які назваў «Бульбатрэш». Гэтак жа музыкі вызначаюць і стыль, у якім працуюць. Найбліжэйшы выступ каманды — 18 сьнежня ў TNT Rock Club.
Cачыць за навінамі M.G. можна празь іх афіцыйную суполку.
M.G. — Дзяцюкі (музыка гурта, словы Ларысы Геніюш). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Ня сумуйце дзяцюкi вясною
На магiлы гледзячы сяброў
Жалем нашых ранаў не загоiш
І цяжкiх ня скiнеш кайданоў.
Ня сумуйце дзяцюкi па сёлах
І па вочах кiнутых дзяўчат —
Барацьба ўжо пеньнiца як солад,
Маладыя воклiкi гучаць.
Ня сумуйце дзяцюкi па долi,
Ня хiлеце гордай галавы,
Бо ня з жалю, толькi з ранаў, болю,
Воля толькi родзiцца з крывi.
Ня сумуйце дзяцюкi начамi —
Ужо ня дасца спутаць вольны дух!
Мы былi i будзем Крывiчамi
Ад хваль Угры аж па сiнi Буг!
КАМЕНТАВАЦЬ