Надзея 2015. Intelligency пяе па-беларуску (аўдыёпрэм’ера)
Унікальны гурт зь Менску, што працуе ў жанры тэхна-блюзу, запісаў свой першы беларускамоўны EP пад назвай «Восень».
Tuzin.fm пісаў ужо пра арыгінальны праект Intelligency, які стварылі Ўсевалад Доўбня і Юры Тарасевіч. «Ніхто з нашых музыкаў ня робіць такі гук, ня піша такіх забаўных і адначасова трансавых малюнкаў з наўмысна разладжанай гітарай, прамой тлустай бочкай і зьлёгку нецьвярозым вакалам. Тым больш, ніхто не сумяшчае блюз і тэхна на тутэйшай глебе. Гэта новы фальклёр для жыхароў мэгаполісаў», — гэтак акрэсьліў іх стыль журналіст Віктар Сямашка. Пры канцы году хлопцы падрыхтавалі дэбютны беларускамоўны EP, рэліз якога адбыўся 26 сьнежня 2014 году. Песьню «Восень» яны прадстаўляюць у аўдыёчарце на Tuzin.fm.
«Пасыл гэтага твору ў тым, каб абудзіць пачуцьцё прыгажосьці да ўсіх праяваў прыроды — ад нараджэньня да схілу. Сэнс якраз у пачуцьці, у прыродзе дэкадансу. У глыбокай задуме заняпаду як такога, у рамантыцы восені», — так прадстаўляе свой новы твор Усевалад Доўбня.
На меркаваньне Tuzin.fm, праект Intelligency — адна з галоўных надзеяў беларускай незалежнай сцэны ў будучым 2015 годзе. Музыкі кажуць, што хочуць справіць зімовыя сьвяты ў спакойнай абстаноўцы ды ўзяцца за далейшую рэалізацыю сваіх творчых задумаў. У прыватнасьці праект будзе імкнуцца да выступаў на фэстах электроннай музыкі ў Беларусі і за мяжой.
Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
Intelligency — Восень (музыка — Усевалад Доўбня/Юры Тарасевіч, словы — Усевалад Доўбня). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Забалела сонца i разышлiся яны ў гэту восень, гэту восень
У фантастычным выраі танцы да луны
Гэта можна. Гэта можна
У навакольным стане я стану як яна.
Гэта восень. Гэта восень
У фанатычным выраi: эмоцыя — сьцяна
Гэта можа, гэта можа
Прэзентацыя песьні сёньня на вечарыне ў «Графіці» а 23:00 :)
цікавыя хлопцы!
Паболей такіх песень стварайце, хлопцы!
Гэта мiкратонавая музыка, пабудаваная на чвэрцьтонах?) Цi проста гiтарку забылiся наладзiць перад запiсам)))))) Патлумачце.
Пачытайце інтэрвію з хлопцамі, у якім яны тлумачаць свой канцэпт
http://tuzin.fm/article/1509/out-novy-falklor-dla-zycharou-mehapolisau-audyjo-videa.html
КАМЕНТАВАЦЬ