Le chêne d’hiver
6256 / 0
29.12.2014

Global Reload. Караткевіч загучаў па-француску

Гурт Karpatt з Парыжу працягвае праект парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», у межах якога замежныя артысты прадстаўляюць песьні на словы беларускіх паэтаў. Французы выканалі песьню «Le chêne d’hiver» на словы Ўладзімера Караткевіча.

Karpatt з непадробным інтарэсам паставіліся да прапановы пакласьці на музыку беларускі верш у перакладзе на францускую. «Гэта проста выдатная ідэя аб’яднаць людзей з розных краінаў, адкрыць ім нешта новае і падзяліцца сваім з дапамогай паэзіі, якая цудоўна гучыць на якой заўгодна мове!» — кажа аўтар песень, гітарыст і вакаліст гурта Фрэд Раля. Пераклад верша Ўладзімера Караткевіча «Зімовы дуб» на францускую мову зрабіла Ларыса Гіймэ, якая раней пераклала для выданьня ў гэтай краіне «Тутэйшыя» Янкі Купалы і п’есы сучасных беларускіх драматургаў. Францускія музыкі скарысталі з ласкавае згоды Лявона Вольскага асноўную тэму клявішных з арыгінальнай вэрсіі песьні на гэтыя словы, запісанай для нявыдадзенага праекту на вершы Караткевіча. Гармонія куплетаў, рытм ударных, басу і кантрабасу належыць аўтарству Karpatt.

«Вядома ж, цяпер для мяне дуб будзе ня толькі зялёным, але і зімовым», — усьміхаецца Фрэд Раля і дадае: «Паэзія Караткевіча — вельмі прыгожая і вобразная, яна падаецца пяшчотнай зь вельмі кранальнай натуралістычнай мэтафарай». Музыкі маюць намер выконваць гэты твор на сваіх канцэртах і мараць сыграць яе ў Беларусі. Да слова, парыжане ў нас былі ўжо тройчы і маюць надзвычай прыемныя ўспаміны: «Беларусь — краіна з раскошнай прыродай і чароўнымі лясамі. Нас тут падзівіла найперш неўтаймаваная шалёнасьць людзей, якія бясконца здольныя дзяліцца сваімі пачуцьцямі з сапраўднай глыбінёй. Беларусаў з французамі якраз аб’ядноўвае гэтая ўласьцівасьць — прыхільнасьць да пачуцьцёвасьці, музыкі ды эмацыйнасьці. А яшчэ ў вас вельмі кранальныя народныя сьпевы», — кажа Фрэд ад імя ўсяго свайго гурта. Акром яго ў Karpatt уваходзяць Гаэтан Лера (гітара) і Эрвэ Жэгусо (кантрабас). Яны разам граюць з 2002 году. Працуюць у жанры клясычнай францускай песьні, запісалі пяць студыйных альбомаў і адзін канцэртны, маюць пастаянныя гастролі па ўсёй Эўропе, Азіі ды Афрыцы.

Твор «Le chêne dhiver» у арыгінале завецца па першым радку — «Страціў лес свой зімні чуб». Уладзімер Караткевіч напісаў яго 21 лістапада 1981 году, а выйшаў верш у пасьмяротным зборніку творцы «Быў. Ёсьць. Буду» (1986).

Праект «Global Reload» ладзяць партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Ён зьяўляецца лягічным працягам праектаў «Тузін.Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».

 

Яшчэ: Global Reload. Карл Фрыерсан з De Phazz выканаў песьню на верш Сыса (аўдыёпрэм’ера!)

Сяргей Будкін

Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Іне Мацыенка і амбасадзе Францыі ў Беларусі, Ларысе Гіймэ, Аляксею Стрэльнікаву, Кацярыне Раманчык, Марыі Бунос, Лявону Вольскаму

KarpattLe chêne dhiver (poème Uladzimir Karatkievič, traduit du biélorusse par Larissa Guillemet)

La forêt perdit son toupet d’hiver,

Elle dépensa ses feuilles jusqu’à la dernière.

Il reste, il reste seul habillé,

Derrière les fenêtres le chêne rouillé.

 

Le chêne frileux, le chêne pingre,

Il réchauffe ses branches avec ses fringues.

Le vent ébouriffe, ébouriffe et remue

Le jaune chêne d’hiver.

 

Le vent hurle dans des centaines de conduits,

Il lance dans les fenêtres la neige et la pluie.

Reste avec moi, reste avec moi jusqu’au mois de mai

Mon frère, le chêne rouillé.