![Зайграй жа мне, дударачку](/images/2358_mp3_240x240.jpg)
Pawa. Як няма дуды, то ні туды і ні сюды (аўдыё)
Гурт Pawa прадстаўляе ў новым сэзоне аўдыёчарту песьню «Зайграй жа мне, дударачку», у якой на думку музыкаў закладзены генэтычны код беларусаў і якая была абраная на гімн «Дударскага клюбу».
Менавіта гэты сьпеў з свайго новага альбому «Жыта» музыкі абралі для ўдзелу ў гіт-парадзе. «У сваёй працы мы імкнуліся захаваць асноўны зьмест традыцыйных песень, — кажа лідэр гурта Юрась Панкевіч. — Скажам, калі песьня жартоўная, то няма сэнсу рабіць зь яе нешта штучна глыбокае. Нашы продкі сапраўды ўмелі добра бавіць час і жартаваць. Чым жа мы горшыя за іх?»
«Зайграй жа мне, дударачку» — мусіць самая вясёлая і танцавальная песьня з альбому. Музыкі перакананыя, што ў гэтай песьні закладзены генэтычны код беларусаў: «Зьмест і пасыл песьні просты. Як няма дуды, то ні туды і ні сюды. Адна сумота застаецца. А як дуду пачуюць — самі ножкі танцуюць. Відаць, гэта і ёсьць той генэтычны код, які прабуджае дуда. Беларускі код, калі ногі самі ў пляс ідуць калі родныя гукі навокал», — кажа Юрась.
Цікава, што менавіта гэтая песьня была абраная гімнам «Дударскага клюбу». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.
Pawa — Зайграй жа мне, дударачку (музыка і словы народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Зайграй жа мне, дударочку,
А я патанцую,
Курка яйка мне зьнясе —
Табе падарую.
Тум, тум, тумпа, тумпа…
Зайграй жа мне, дударочку,
Як сам разумееш,
Зайграй жа мне, дударочку,
Тое, што ўмееш.
Тум, тум, тумпа, тумпа…
Як бяз дудкі, без дуды,
Ходзяць ножкі не туды,
А як дуду пачуюць,
Самі ножкі танцуюць.
Тум, тум, тумпа, тумпа…
КАМЕНТАВАЦЬ