
«Зорапад» ад сям’і Вайцюшкевічаў
На ТГ — песьня з супольнага музычнага праекту «Анёлак», запісанага WZ-Orkiestra разам з шэрагам беларускіх выканаўцаў. Аўтар праекту Зьміцер Вайцюшкевіч ставіць на песьню «Зорапад», якую выконвае яго жонка — Галіна Казіміроўская, кіраўнічка хору Concordia.
Слова «Зорапад» цалкам бы падыйшло ў якасьці новага праекту WZ-Orkiestra. Вайцюшкевіч кажа, што ён узяўся аб’яднаць неаб’яднальнае, таму запрасіў пасьпяваць песьні пра анёлкаў абсалютна розных выканаўцаў — Ганну Хітрык, Яна Маўзэра, Сьвятлану Бень, Яўгенію Лятун, Алеся Зайцава, Насту Някрасаву. Маглі бы ўзяць удзел у праекце Піт Паўлаў і Ганна Шаркунова. Але першы быў надта заняты ў час запісу, а з Шаркуновай Вайцюшкевіч так і не сыйшоўся: «Мы размаўлялі пра ўдзел Ганны зь яе прадусарам Уладзімерам Кубышкіным, які якраз казаў, што ім надта трэба беларуская песьня, але перамовы спыніліся, калі ён праз паўгадзіны размовы спытаў: „Дык што такое анёлкі?“, — апавядае лідэр WZ-Orkiestra. — Ня тое, каб гэта пакрыўдзіла мяне, але вырашыў часова адмовіцца ад сваёй ідэі».
Менавіта «Зорапад» Вайцюшкевіч палічыў годнай удзелу ў гіт-парадзе на ТГ, а выканаць яе прапанаваў сваёй жонцы — Галіне Казіміроўскай, якая кіруе хорам Concordia: «Гэта прывітаньне ўсім эстраднікам і сьведчаньне таго, як можна зрабіць па-беларуску якасную поп-баляду», — кажуць Зьміцер і Галіна. Між сабой яны называлі «Зорапад» песьняй у стылі Дзімы Білана, адпаведнай плянавалася і аранжыроўка, праўда ў канчатковым варыянце яна гучыць яшчэ больш лагодна. «У музычным пляне вырашыў трымацца ўласнай кансэрватыўнасьці, таму выйшла нармальная эўрапейская папсовая баляда, — кажа Зьміцер. — У Беларусі мала пішацца такіх песень, якія бы аднолькава пасавалі бы і для дзетак, і для бацькоў».
Галіна Казіміроўская ўзяла ўдзел у запісе яшчэ некалькіх трэкаў для дыску «Анёлак» і не выключае таго, што яе голас будзе гучаць і ў наступных праектах WZ-Orkiestra.
Праект у сеціве — anelak.todar.net
WZ-Orkiestra і Галіна Казіміроўская — Зорапад (музыка — Зьміцер Вайцюшкевіч, словы — Арцём Кавалеўскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
З архіву ТГ, 06.01.2010
КАМЕНТАВАЦЬ