Беларускія мужчыны
9823 / 0
15.01.2015

Вайцюшкевіч&Хадановіч. Мужчыны вырашаюць

Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў жартаўлівую песьню пра беларускіх мужчын на верш Андрэя Хадановіча.

"Песьня пра беларускіх мужчын" - адзін з самых яскравых канцэртных нумароў Зьмітра. У 2011 яна была запісаная ў студыі для альбому "Чара". Перад рэлізам дыску адбывалася яе інтэрнэт-прэм'ера на "Тузіне". Верш напісаў Андрэй Хадановіч. 

Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет у камарыных укусах замест радзімак

і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы.

Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,

што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.

Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў

і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы, бо мае шмат іншых справаў.

Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе:

ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе.

Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.

Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.

Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.

Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.

Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы,

і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы.

Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы,

шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.

Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі

і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю.

Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці

разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер.

Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.

Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.

Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.

Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю. 

Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак, 

і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!

Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.

Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы. Дзе быў, невядома.

Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў, прачынаецца ў незнаёмым трамваі…

І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае,

выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне?

Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня.

Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.

Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.

Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.

Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.