Дарога
3025 / 0
15.01.2015

Зьміцер Вайцюшкевіч: “Галоўнае - ня быць ідыётам”

На “Тузіне Гітоў” Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra прэзэнтуюць песьню “Дарога”. Кампазыцыя ўвайшла ў новы альбом гурта “Танга з ружай” на вершы Ўладзімера Някляева.

Здаецца, і сам Вайцюшкевіч згубіў лік выдадзеных ім альбомаў. Чарга гэтым разам дайшла да Ўладзімера Някляева, на вершы якога створаны новы альбом Вайцюшкевіча. На вершы Някляева сьпявалі Дарафеева, “Верасы” зь “Сябрамі”, Ліка (тады яшчэ Ялінская), аднак у “Танга з ружай” перад намі паэт-песеньнік паўстае іншым. У кампазытара Вайцюшкевіча, як заўсёды, атрымалася вытанчана перадаць паэзію праз абраны ім кірунак “гарадзкога шансону” – якраз той выпадак, калі з прыемнасьцю слухаеш словы ды атрымліваеш асалоду ад музыкі. Адна з самых яскравых песень з дыску – “Дарога” - удзельнічае ў 16-м туры на “Тузіне Гітоў”: “Ідэя гэтай песьні вельмі простая – кожны чалавек ідзе сваім шляхам, - кажа З.Вайцюшкевіч. - Часам пры выбары ён памыляецца, але каб абраць слушны жыцьцёвы шлях, трэба ня быць ідыётам, тады усё атрымаецца”.

Адзін з самых актыўных музыкаў Беларусі ў траўні будзе сьвяткаваць пяцігодзьдзе існаваньня праекту “WZ-orkiestra”, і ўжо рыхтуе новы альбом. “Цяпер мы працуем з Вольгай Залескай над сумеснай праграмай, некалькі песень будуць гатовы па самым бліжэйшым часе”, - апавядае сьпявак. “WZ-orkiestra” таксама працягвае працу над дыскам “Калыханкі”, на адну зь песень зь якога будзе зьняты кліп. “Акрамя ўсяго, зараз вядуцца перамовы са стваральнікамі расейскага сэрыялу пра Маякоўскага. Некалькі песень з майго альбому на вершы паэты, магчыма, увойдуць у фільм у якасьці саўндтрэку”, - дадае сьпявак.

Дарэчы, з нагоды пятых угодкаў Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra 17 траўня плянуюць зладзіць вялікі канцэрт, дзе прагучаць лепшыя песьні з усіх шасьці альбомаў праекту.

WZ-orkiestra і Вайцюшкевіч – Дарога (муз.З.Вайцюшкевіч, сл.У.Някляеў). Прэзэнтавана West Records, публікуецца са згоды выканаўцы.

SB, архіў ТГ 19.04.2006