
«Здань»: «Мы сьпяваем на мове-прывідзе»
Гарадзенцы з гурта «Здань» прадстаўляюць баляду «Ты зь Менску, я – з Гародні». Аўтар песьні Ўладзімер Крумін прадстаўляе яе, як гісторыю каханьня простага музыкі-хлопца з Горадні, то бок яго самога, і прыгажуні зь Менску.
Гурт «Здань» узьнік у асяродку гарадзенскіх студэнтаў яшчэ ў 2000 годзе. Тады і зьявіліся першыя песні. Нядаўна хлопцы запісалі ўжо другі свой альбом на хатняй студыі ў Горадні. ТГ неаднойчы паведамляў пра стан у галіне гуказапісу ў гэтым горадзе, таму хлопцы вырашылі перапрацаваць старыя і дарабіць новыя песьні ў Менску. Давесьці да розуму матэрыял ім дапамог Андрэй Плясанаў, які ўласнымі высілкамі зрабіў студыю.
Песьня гурта - «Ты зь Менску, я – з Гародні» – стала першай у шэрагу тых, якія музыкі аддалі на дапрацоўку. Аўтар твору Ўладзімер Крумін кажа: «Гэта гісторыя каханьня простага музыкі-хлопца з Горадні, то бок мяне, і прыгажуні зь Менску, асноўнай перашкодай якому зьяўляецца адлегласьць і спосаб жыцьця, які яны вядуць».
«Здань» выконвае песьні ня толькі на свае тэксты, яны бяруць да ўвагі таксама клясычную беларускую паэзію – у тым жа другім альбоме можна знайсьці іх песенныя інтэрпрэтацыі вершаў Максіма Танка, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Музыкі кажуць: «Мы назваліся „Здань“, бо сьпяваем на мове-прывідзе, якая быццам бы і ёсьць, але яе нідзе не чуваць. Асноўная ідэя нашай творчасьці – зрабіць так, каб наша мова была пачутая».
Здань – Ты зь Менску, я – з Гародні (музыка і словы - Уладзімер Крумін). Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
SB, з архіву ТГ 18.02.2008
КАМЕНТАВАЦЬ