Vinsent і Shuma: «Мы вітаем Каляды, надзея гары!» (прэм'ера!)
Рэпэр прадстаўляе трэк «Каляда», які запісаў сумесна з вакальнай часткаю гурта Shuma для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».
У кампазыцыі спалучыліся рэп-музыка і фольк-сьпевы. Вінсэнт напісаў тэкст для куплетаў, а Šuma Voices у складзе Русі, Надзеі Чугуновай і Юліі Гібкоўскай уплялі ў твор традыцыйны калядны напеў. «Мы даўно хацелі зрабіць зь дзяўчатамі нешта супольнае, — распавядае рэпэр. — А тут якраз нам прапанавалі разам падрыхтаваць трэк да навагодняга тэлешоў. Відаць, прадусары адчулі, што мы пасуем адно да аднаго. Не імкнуліся да моднасьці, але атрымалася актуальна. Думаю, якраз у гэтым і сэнс, каб паказваць народныя матывы праз сучасную музыку, сумяшчаць гіп-гоп, фольк і электроніку — гэта цікава гучыць і гэта можа слухаць моладзь, асабліва напярэдадні Калядаў». Музыка прызнаецца, што гэтае сьвята яму бліжэйшае ды важнейшае, чым уласна Новы год. І ён намагаецца яго адзначаць у коле сям’і. У гэтым уласна і дадатковы сэнс трэку: «Было такое, што я ня мог адзначыць Каляды з роднымі й нават сустракаў у самоце далёка за мяжой. І ў гэтай песьні якраз апавядаю тое, што багата дзе пабываў і вось цяпер я дома».
Удзельніцы Šuma Voices хутка спрацаваліся зь Вінсэнтам. «Для прафэсіяналаў гэта нескладана, — кажа сьпявачка Руся. — Правялі час мы з узаемнай карысьцю: Вінсэнт нам расказаў колькі сакрэтаў чыткі, а мы яму правялі кароткую майстар-клясу па народных сьпевах. Наогул праца прайшла камфортна, прыемна, бязь цяжкасьцяў. Адна асалода!»
Акрамя вакалістак «Шумы» ў трэку Вінсэнта таксама паўдзельнічаў Павал Сьцепанцоў (DJ Andy Roc). Песьня «Каляда» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».
Vinsent і Šuma Voices — Каляда (музыка PSBeats, словы Vinsent/народныя)
Tuzin.fm, фота Вольгі Куваевай
Ішла Каляда пасярод двара,
Добрым людзям на ўвесь сьвет.
Пасярод двара залата гара,
Радуйцесь людзі, Каляда.
Буг і Дзьвіна, Дняпро ды Нёман, вітаем усіх!
Сёстры, браты, скажыце, колькі маеце сіл?
Гэта вядома, што нічога ў сьвеце ня вечна
Але мы тут надоўга, безумоўна, бясспрэчна.
Я быў на самым экватары братка, я быў на акіянах
Ішоў як мог, плыў чым мог, караблі, аэрапляны.
Марскія вакзалы, чыгунка, лётнішчы, аўтастрады,
І вось я дома, мы вітаем Каляды!
Мы вітаем Каляды, надзея гары!
Мы вітаем Каляды, цяпло падары!
Мы вітаем Каляды, надзея гары!
Мы вітаем Каляды, усе разам сябры!
Ішла Каляда пасярод двара,
Добрым людзям на ўвесь сьвет.
Пасярод двара залата гара,
Радуйцесь людзі, Каляда.
Навокал сям’я і сябры, навокал чароўны настрой,
Калядоўшчык на парозе, Новы Год не за гарой.
Шчасьце гэта проста, ты дыхай на поўныя грудзі,
Куцьця на стале — а гэта значыць усё будзе!
Мы ішлі па пустыні, мы ішлі празь лясы ды палі
Уздымаліся ўгору, высока на самы, на пік
І, безумоўна, нам там таксама ўсе былі рады,
Але дома найлепей, мы вітаем Каляды!
І вось я дома, мы вітаем Каляды!
Мы вітаем Каляды, надзея гары!
Мы вітаем Каляды, цяпло падары!
Мы вітаем Каляды, надзея гары!
Мы вітаем Каляды, усе разам сябры!
Добры вечар тому,
Хто ў етаму дому.
Добры вечар тому,
Хто ў етаму дому.
Ішла Каляда,
Ішла Каляда…
КАМЕНТАВАЦЬ