
:B:N: стварылі «Паралельны сьвет» (аўдыё)
З свайго новага альбому «Шукай сваё» гурт :B:N: абраў для ўдзелу ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Паралельны сьвет».
Вакаліст :B:N: Алесь Лютыч называе «Паралельны сьвет» песьняй простай і добрай. Яна зьявілася ў музыкаў за дзьве рэпэтыцыі. Словы да яе напісаў штатны тэкставік каманды Сяржук Машковіч, які супрацоўнічае з :B:N: ад самага пачатку (ён вядомы таксама як лідэр гурта «Кальмары»). «Гэта твор пра нашае „другое я“, у ім гаворыцца пра тое, што нашыя „я“ змагаюцца ў нас і часам складана зрабіць выбар на карысьць аднаго зь іх, але вельмі цікава з боку бачыць гэтую спрэчку, — распавядае аўтар. — У песьні таксама вядзецца пра ўнутраны і зьнешні стан чалавека, і мы хочам зразумець, што ж першасна: наш розум альбо наша душа, і чым кіравацца ў прыняцьці рашэньняў».
:B:N: толькі што выдалі пяты нумарны альбом «Шукай сваё». З гэтай кружэлкі музыкі абралі для ўдзелу ў чарце менавіта «Паралельны сьвет». Ужывую альбом будзе прэзэнтаваны 29 сакавіка ў Менску. За навінамі гурта можна сачыць праз афіцыйную суполку.
:B:N: — Паралельны сьвет (музыка гурта, словы Сяржука Машковіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Позіркам гэтым я дасягаю
Месцаў тых
Дзе б’юцца сэрцы, сьмяюцца душы
Гучна ўслых
Там, дзе ў люстэрка кожны з нас мае
Ўваход
Нашыя думкі там сабіраюць
Карагод.
Пр.:
Наш паралельны сьвет
Ілюзорны і нябачны.
Галоўнае імпэт
Нам усё тут растлумачыў
Ты зразумей усіх
І напэўна будзе лёгчай
Ёсьць цеплыня і ў тых
У каго быў позірк воўчы
Хутка скідаем свае абалонкі
Уначы
І вось цяпер саміх сябе мы
Гледачы
Нашае я — яно рознае вельмі.
Бачыш ты
Сьвет свой шукай і сябе ў гэтым сьвеце
Ты заўжды
Зноўку крок і зноўку сьлед
За люстэрка будзе наш,
Гэты паралельны сьвет.
КАМЕНТАВАЦЬ