Zatoczka. «Мова — ты мама» (аўдыё)
У новым туры аўдыёчарта гурт Zatoczka прадстаўляе трэк «#вяртаеммову» i зьвяртаецца да наведнікаў Tuzin.fm з заклікам узяць удзел у стварэньні клiпа на гэтую песьню.
«У нашым горадзе я ведаю толькi трох чалавек, якiя заўсёды размаўлялi на мове. Гэта вядомы паэт Вiталь Рыжкоў, якi цяпер больш мянчук, Янка Маўзэр, якi жыве i працуе ў Кiеве, i яшчэ адзiн хлопец, якi перастаў выкарыстоўваць мову, пасьля таго, як гопнiкi за яе ўсадзiлi яму ў бок нож», — кажа лідэр гурта Zatoczka Макс Астравухаў, які ўсур’ёз узяўся за вывучэньне сваёй мовы і прасоўваньнем яе ў масы. Трэк-хэштэг #вяртаеммову з аднайменнага сынглу — частка гэтай канцэпцыі.
«Школу я скончыў з залатым мэдалём, i мова, як i астатнiя прадметы давалася проста. Ставiўся да яе, хутчэй як да замежнай, больш чытаў i слухаў настаўнiцу. Але, на жаль, нiдзе акрамя школы мову не выкарыстоўвывалi, i я ў тым лiку. Пазьней, зь першымi рок-гуртамi i панк-рокам былi спробы пiсаць тэксты на мове, але цалкам пераходу зноў не атрымалася», — апавядае Макс. Зрух у яго сьвядомасьці адбыўся на першых замежных канцэртах тады яшчэ расейскамоўнай групы «Заточка», калі адчуў за мову і краіну гонар і адначасова сорам за тое, што беларусы шмат чаго ня ведаюць пра сябе. На беларускай захацелася пісаць і размаўляць, абудзілася рэальная цікавасьць да гісторыі.
«Цяпер кожны ўдзельнік гурта імкнецца карыстацца мовай у паўсядзённым жыцьцi. Пачыналася гэта з размоваў у сацыяльных сетках, памiж сабой у гурце, на рэпэтыцыях i зь сябрамi. Таксама на працоўных месцах. Напрыклад, наш гiтарыст Iльля Сазонаў вядзе ўсю дакумэнтацыю толькi на роднай мове, i калi спачатку гэта выклікала пытаньнi кшалту: „ты што, апазыцыянэр?“, то цяпер калегi ставяцца з павагай», — заўважае лідэр «Заточкі».
Разам з новым сынглам, прэзэнтаваным на Tuzin.fm на Дзень Волі, Zatoczka дакладна акрэсьліла свой курс — на вывучэньне i адраджэньне. Музыкі заклікаюць усіх слухачоў — не саромецца і размаўляць паўсюль па-свойму, больш вандраваць і сустракацца, больш слухаць беларускай музыкі і чытаць беларускамоўныя інтэрнэт-старонкі. З гэтага закліку нарадзілася ідэя будучага роліка на «#вяртаеммову».
«Мы заклікаем дасылаць свае відэа, у якіх вы адражаеце нашу мову. Пачнем з самага простага: кожны дзень вы сустракаеце расейскамоўныя шыльды, надпісы і назвы на будынках, офісах, крамах, кабінэтах. Зьмяняйце iх на другiя, з нашай роднай беларускай мовай. Рабiце налепкi, выкарыстоўваеце лiсты паперы i алоўкi, прынтэры i другую простую тэхнiку. Здымайце гэта i дасылайце нам. Кожны неабыякавы атрымае ад гурта прыемныя падарункi. Будзьце сапраўднымі Беларусамі! Вяртайце мову!» — заклікае Zatoczka. Сувязь з гуртом — праз афіцыйную суполку.
Zatoczka — #вяртаеммову (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
краiна, якая нiбы чорная хмара
краiна, у якой губляць радасьць i мары
краiна, дзе дзецi гуляюць у спайсы
краiна турбуе сацыяльныя клясы
краiна, дзе фабрыкi i (дзе) заводы
краiна, дзе ўсе мы чакаем свабоды,
у якую вяртаемся пры розных умовах
краiна, дзе забылiся мову
мы мову вяртаем, родную мову
родныя думкi, родныя словы
кожнае сэрца, кожная мара
я паўтараю: мова — ты мама
якую вабiць ноч i так цягне далёка
дзе хоць ненадоўна будзе палёгка
дзе сьпявае сэрца шукае словы
краiна, у якой забылiся мову
краiна, якая шукае працу
краiна, дзе прыйдзецца хвалявацца
краiна, дзе дзень пачынае вечар
краiна, якая марыць аб нечым
мы мову вяртаем, родную мову
родныя думкi, родныя словы
кожнае сэрца, кожная мара
я паўтараю: мова — ты мама
супер! працягвайце, хлопцы!
Супер! Мы вас слухаем!
А дзе тут плюсаваць?
Плюсаваць можна ў самім чарце, галасуючы за ўпадабанага выканаўцу раз на суткі (можна абіраць 1, 2 або 3 пазыцыі) http://tuzin.fm/gitparad.html
КАМЕНТАВАЦЬ