
U.G.Oslavia: «Не прасьпі маладосьць!» (прэм’ера)
На беларускай мове загучала самая знакавая і важная песьня гурта U.G.Oslavia — «Маладосьць». Музыкі прадстаўляюць свой беларускамоўны дэбют на Tuzin.fm.
«Для нас гэтая песьня надзвычай важная, бо яна нясе вельмі простую, але ў той жа час істотную думку для нашага пакаленьня: не прасьпі маладосьць! Уласна гэтая думка чырвонай ніткаю праходзіць праз усю нашу творчасьць. А пра каханьне мы не пяем прынцыпова», — распавядае Юлька Багаслаўская. Яе гурт U.G.Oslavia за пяць гадоў існаваньня багата паезьдзіў па Беларусі, Украіне і Расеі, а сёлета намінаваўся на прэміі Rock Profi ў намінацыі «Дэбют году». Музыкі летась выдалі дэбютны альбом «Странные люди», пасьля выдалі самотнік з новай песьняй «Молодость», на якую зьнялі кліп і падарылі яго людзям, што ня маюць магчымасьці чуць. Гэты ж твор вырашана было перакласьці на беларускую мову. «Мы атрымалі дужа шмат станоўчых водгукаў пра гэтую песьню і зразумелі, што мы павінны зрабіць для яе як мага больш. Цяпер мы хочам, каб „Маладосьць“ стала гімнам для ўсяго беларускага народу», — кажа Юля.
Беларускую вэрсію «Маладосьці» стварыла Надзея Падрэз. Яна працуе ў галіне аўтарскай рэклямы і супрацоўнічае зь беларускімі артыстамі. Сярод іх і гурт U.G.Oslavia. «Юлін арыгінальны тэкст адразу меў ідэю і быў лёгкі для простага перакладу. У такіх выпадках я засмучаюся яшчэ на этапе чытаньня і папярэджваю, што не люблю „тэхнічных“ перакладаў, прапаную папрацаваць разам над дэталямі паводле тэмы. Юля хутка зразумела ў чым справа і згадзілася паспрабаваць, пераадолець свае сумненьні. Мы працавалі да таго моманту, пакуль усе словы і гукі песьні ня сталі на свае месцы і не зьявілася натуральнае ўспрыманьне адзінства музыкі з тэкстам», — распавядае Надзея. А потым дадае: «Дзіўна пакуль, што нам, беларусам, трэба даказваць прыгажосьць нашай роднай мовы, але калі атрымліваецца стварыць і адкрыць для іх уласнае мэлядычнае спалучэньне прыгожых гукаў і моўных сэнсаў — я шчасьлівая».
Цяпер U.G.Oslavia рыхтуе да выданьня новы альбом, сродкі на які зьбірае з дапамогай краўдфандынгу. Музыкі кажуць, што ў рэлізе знойдзецца месца яшчэ для адной песьні на роднай мове. Прэзэнтацыя дыску заплянавана на восень 2015 году.
Прэм’ера песьні на канале Tuzin. Streaming-Belarus на Soundcloud.
U.G.Oslavia — Маладосьць (музыка і словы Юліі Багуслаўскай, беларускі тэкст Надзеі Падрэз). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Мікіты Марчанкі
Кожны дзень мы прачынаемся ў цёплых ложках,
Кожны дзень мы расплываемся ў сваiх турботах.
Хочам мы, ды ня можам засьпяваць, бо ня чуем нот.
Кожны дзень мы высыпаем са сваiх пад’ездаў,
У iмгненьне рассыпаемся на сто кавалкаў.
Хочам мы, ды ня можам
I крычым мы праз закрыты рот.
А што мы скажам дзецям,
Пажыўшы ў сьвеце
Пра маладосьць шалёную сваю.
У апошнiм куплеце пра сваю вясну.
Кожны дзень наш паўтараецца, мы неахвотна
У люстэрках заўважаем толькi недахопы.
Мы жывем паасобку, аддаем не пасьпеўшы ўзяць.
Шчасьце мiма нас…
Сваiх дзён не шкадуем,
Прачынаемся з жаданьнем спаць.
А што мы скажам дзецям,
Пажыўшы ў сьвеце
Пра маладосьць шалёную сваю.
У апошнiм куплеце пра сваю вясну.
Якiмi былi мы?
Якiмi мы станем?
Якiя мы ёсьць?
зачотна! малайцы югаслаўцы!
КАМЕНТАВАЦЬ