UltraВожык: “Гатовыя памерці за нашу ўладу!”
У новым туры на “Тузіне Гітоў” ці не самы таямнічы беларускі музычны праект UltraВожык прэзэнтуе свой новы твор “Крыніца цяпла”. “Некаторыя кажуць, што мы, нібыта, уладу ня любім. Але ж мы за нашу ўладу паміраць гатовыя! І скардзіцца мы ня любім. Наадварот, мы лічым што нашым музыкам сёньня крытычна бракуе пазытыву. Таму нашай новай песьняй мы хочам падараваць усім трохі радасьці ды цяпла”.
UltraВожык час ад часу ўскалыхвае беларускую музычную прастору сваеасаблівым палітычным авангардам, хоць і рэдка цешыць сваіх фанатаў новымі творамі. Але кожны раз гэта робіцца эфектна. Практычна ўсе песьні UltraВожыка, што бралі ўдзел у ТГ, станавіліся гітамі. Іхняя “Атлянтыда” і “Фабрыка сноў” траплялі ў лік лепшых песень сэзону і ўваходзілі на складанку “Прэм'ер Тузін”. У гэтым сэзоне “вожыкі” прэзэнтуюць свой новы твор.
“Тыя песьні, зь якімі большасьць слухачоў зараз асацыюе UltraВожыка, несправядліва напаленыя нэгатывам, - кажа вакаліст Яўген Шафа-Уругвайскі. - Можна падумаць, што мы толькі і робім, што скардзімся”. “Некаторыя нават пачалі казаць, што мы, нібыта, уладу ня любім, - дадае Пётр Адамавіч. - Але ж мы, на самой справе, за нашу ўладу паміраць гатовыя! І скардзіцца мы ня любім. Наадварот, мы лічым што нашым музыкам сёньня крытычна бракуе пазытыву. Таму нашай новай песьняй мы хочам падараваць усім трохі радасьці ды цяпла”, - працягвае Яўген.
Новая песьня “Крыніца цяпла” чымсьці нагадвае любімую шмат кім “Атлянтыду”, але замест смуты і сапраўды нясе цяпло ды пазытыў. Мэлёдыя ды кампазыцыя добра сышлі б за алімпійскі гімн. “Гэтак і задумана. Мы ўжылі шмат пампезных аркестровых інструмэнтаў каб стварыць гэты эфект”, - кажа Пётр Адамавіч. Ну а зьмест... трэба слухаць.
UltraВожык – Крыніца цяпла (муз. і сл. Я.Шафа-Уругвайскі, Пётр Адамавіч, сабачка Ібрагім). Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Тузін Гітоў, 03.04.2007
КАМЕНТАВАЦЬ