Быў. Ёсьць. Буду
9122 / 1
15.09.2015

Мантра, што надае сілы (аўдыё)

Гурт Irdorath прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Быў. Ёсьць. Буду» на словы Ўладзімера Караткевіча. Музыкі называюць яе «мантрай, якая надае сілы тады, калі, падавалася б, няма наперадзе ніякай будучыні».

Кампазыцыя «Быў. Ёсьць. Буду» ўвайшла ў новы альбом гурта Irdorath, што завецца «Dreamcatcher» («Лавец сноў»). Вакалістка Надзея Ірдарат апавядае: «Мы вельмі хваляваліся, калі стваралі кампазыцыю: удасканаліць такі верш цяжка. Таму мы проста заплюшчылі вочы і гралі, не задумваючыся пра стылі і кірункі». Кожны з інструмэнтаў, скарыстаных пры запісе, мае тут свой дадатковы сэнс. Так жаласьлівае і трапяткое гучаньне колавай ліры, на задуму музыкаў, мае ўвасабляць спалоханы голас народу, што зьбіўся з дарогі дадому. А віялянчэль сымбалізуе адваротны, сучасны, ці нават эўрапейскі бок нашай мэнтальнасьці. «Нібы шлях страчаны, але яго можна знайсьці ізноў, — апавядае пра настрой твору Надзея. — Трэба толькі дачакацца званоў, якія штовечар клічуць да малітвы. І колавай ліры ў нас адказваюць сапраўдныя аркестровыя званы. Яны былі запісаны ўжывую ў Акадэміі музыкі. Іх цяжкія ўдары грукат сэрца, што працягвае біцца нават у беспрытомным целе». Падкрэсьліць атмасфэру пакліканыя літаўры, якія нібы ваярскі барабан заклікаюць да змаганьня.

Irdorath невыпадкова зьвярнуўся да гэтага вершу, бо ён натхняе на дзеяньне: «Уладзімер Караткевіч быў адным з тых рэдкіх людзей, што ведаў адказ на пытаньне куды мы ідзем і навошта. Яго сталёвая ўпэўненасьць і вера ў свой народ прымусіла абудзіцца сотні тысяч беларусаў. „Быў. Ёсьць. Буду…“ мы прымаем за мантру, якая надае сілы тады, калі, падавалася б, няма наперадзе ніякай будучыні», — кажа Ўладзімер Ірдарат і дадае, што гэты твор актуальны ня толькі для беларусаў, бо «мы жывем на адной плянэце і гэта наш агульны дом. І іншага ў нас не будзе».

Цяпер Irdorath рыхтуе новую канцэртную праграму і рыхтуецца да сэрыі канцэртаў у Беларусі і Расеі. Гурт таксама мае намер выдаць «жывы альбом», куды ўвойдуць абраныя трэкі з канцэртнай прэзэнтацыі «Dreamcatcher», выкананыя з хорам і запрошанымі музыкамі.

Irdorath — Быў. Ёсьць. Буду (музыка гурта, словы Ўладзімера Караткевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Быў. Ёсьць. Буду (2 разы)

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё расьпята

За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле мэталу,

За ўсіх, хто змагаецца зь небам і морам,

За жывых і за тых, што сканалі.

Быў. Ёсьць. Буду (2 разы)

 

За тых, хто крывёю піша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

За тых, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За тых, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

I з плахі.

Быў. Ёсьць. Буду (2 разы)

 

Хто са сьмерцю гаворыць з вока на вока,

Зь яе ўсьмешкаю ветлай,

I ўсё ж узводзіць — нясьцерпна далёкі —

Храм наш агульны і сьветлы.

Калі ён горда зазьзяе ў зэніце —

Непарушны — ўзьнясецца ў неба,

Вы з расьпятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей ня трэба.

Быў. Ёсьць. Буду (2 разы)

 

I няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей ня страшыць.

На граніце любові,

На граніце сьвітанку,

На граніце велічы вашай.

КАМЕНТАРЫ: