Дурніца
4401 / 0
30.10.2015

Recha: «Дзяўчаты, сьцеражыцеся паэтаў, не кахайце музыкантаў!» (прэм’ера)

Андрусь Такінданг прадстаўляе песьню «Дурніца» з дэбютнага альбому гурта, якога чакалі 10 гадоў.

«Дурніца» прадстаўляецца як настраёвая балада, рэтра-стылізацыя пра спатканьні і растаньні. Яе аўтар Андрусь Такінданг кажа: «Калі перадаць зьмест песьні адной фразай, дык яна будзе гучаць так: дзяўчаты, сьцеражыцеся паэтаў, не кахайце музыкантаў!». Гэты твор увойдзе ў альбом «Перайначыць», які ўжо гатовы да выданьня. Гэта першы рэліз ад гурта за 10 гадоў існаваньня! І ў ім будзе нямала сюрпрызаў. Да клясычнага складу Recha (Андрусь Такінданг — домра, голас; Яўген Шурмей — гітара; Віктар Паўлючэня — акардэон; Кастусь Лісецкі — бас-гітара; Леанід Паўлёнак — барабаны) у некаторых кампазыцыях далучыліся сьпявачкі — Паліна Паланейчык ды Марына Вярэніч, а таксама саксафаніст Аляксандар Арашкоў.

«Наша кружэлка атрымалася мяккай, лагоднай, лірычна-карчомнай. Але на жывых канцэртах усё будзе выглядаць заліхвацка-танцавальным», — заўважае Андрусь. Увесь альбом, куды ўвайшло 13 кампазыцыяў, Recha плянуе выкласьці пасьля канцэрту-прэзэнтацыі, які заплянаваны на 24 лістапада ў менскім клюбе TNT.

Recha — Дурніца (музыка гурта, словы Андруся Такінданга). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Убок твой не глядзіць, і не шукае шчасьця,

Жыцьцё яму гульня, жыцьцё яму — канцэрт.

Паслухай, ёсьць другі, які цябе кахае,

які даўно з табой,  як непрыкметны цень…

Але, тут рады даць ня могуць і анёлы:

ляціш ты да таго, хто на ўсё плюе.

І ад бяды яго, паўмёртвага дадому,

таксі-мэтро-таксі праз горад на сабе.

Табе падорыць верш, ды не падорыць сэрца,

хто побач за сталом  яму ўсё адно.

Зьнямелая душа ніяк не схамянецца,

не адагрэеш ты яго сваім цяплом.

Паслухай, ёсьць другі, які цябе кахае,

які даўно з табой,  як непрыкметны цень…

Паэт ляціць уніз, няздатны ён да раю.

Дурніца! Не хадзі, ты не хадзі за ім!