Толькі сьнег
6480 / 0
26.12.2015

Гэта сьнег, толькі сьнег. Re1ikt і Аракелян запісалі песьню на чароўны верш Купалы (прэм’ера)

Уладальнікі тытулу «Героі году — 2013» у дуэце з найлепшым саксафаністам Беларусі паклалі на музыку верш Купалы, які сучасьнікі паэта назвалі цудам.

Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка лічыць верш «Толькі сьнег» ці ня самым прыгожым і музычным у творчасьці Янкі Купалы. Паэт напісаў яго на пачатку зімы 1909 году. Ён запрасіў сваю будучую жонку Ўладку Станкавічанку ў віленскі тэатар на п’есу Пшэбышэўскага пад назвай «Сьнег». У той жа вечар у Вільні пайшоў першы сьнег. Купала правёў Уладку дадому, пэўна што зайшоў у кавярню, па дарозе склаў верш і зайшоў у рэдакцыю газэты «Наша Ніва». Па ўзгадках Вацлава Ластоўскага, паэт завітаў «пад знакам бахуса». Там ўпершыню і прачытаў верш пра сьнег. Ластоўскі па праслухоўваньні сказаў, што Купала стварыў цуд, так закрануў «Толькі сьнег» усіх прысутных. На наступны дзень 27-гадовы паэт падараваў свой твор разам з кветкамі Ўладцы.

Гэтыя радкі кранулі праз стагодзьдзе новае пакаленьне музыкаў — гурт Re1ikt у дуэце з Паўлам Аракелянам запісалі песьню «Толькі сьнег» для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». «Гэта наш першы твор на словы клясыка, — распавядае лідэр і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка. — Таму было нязвыкла і цікава. Музыка напісалася вельмі лёгка. І вельмі радыя, што атрымалася супраца з Паўлам Аракелянам, нам заўжды карцела зрабіць хоць бы адзін твор з саксафонам, таму ў гэтай песьні ёсьць лёгкі джазавы прысмак».

Праца сапраўды прайшла надзвычай лёгка і музыкам было камфортна разам, хоць дагэтуль яны і не былі знаёмыя. Дзякуючы такому душэўнаму ўздыму, кампазыцыя фактычна была даведзеная да ладу за тры гадзіны. «Музыкі з Re1ikt усё зрабілі самі. Дарэчы, яны  выдатныя дзядзькі, — кажа Павал Аракелян. — Пасьля першай і адзінай рэпэтыцыі мы цалкам паразумеліся і клёва правялі час. Падчас запісу кампазыцыі мне трэба было толькі сыграць сваю частку, засьпяваць разам з вакалістам Вовам Казловым і зьлёгку паімправізаваць. Усё атрымалася як мае быць!»

Песьня «Толькі сьнег» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Re1ikt і Павел Аракелян — «Толькі сьнег» (музыка гурта «Re1ikt», словы Янкі Купалы)

Tuzin.fm, фота Сяргея Балая

Залягла, як пасьцель,

Лебядзіная бель

На загон, на курган,

І кажан, і груган

Занямеў не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег…

 

За старухай-зямлёй

Ты пасьцель, дружа мой,

Узваліў на душу,

Як бы крыж на мяжу,

I ўжо рад не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег…

 

Думкі, сэрца, паглёд

Абліў лёд, скаваў лёд.

Так спавіў, спавіў сам,

Каб лягчэй было там,

Дзе жыцьцё не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег…

 

Ты і жыў, і любіў,

Ты ня ўмёр — і забыў,

Каб нічога ня дбаць,

Сьмела ўдаль паглядаць,

Быць самым не на сьмех…

Гэта сьнег, толькі сьнег…

 

Хтось сваяк, не сваяк —

Як жыў, скончыўся так.

Прагудзеў поп і звон,

Ідзі з памяці вон:

Бой за хлеб не на сьмех!

Гэта сьнег, толькі сьнег…

 

Мо' і лёгкія дні…

Не зачэпяць ані

Ні бяда, ні нуда,

Ні агонь, ні вада…

Само шчасьце, сам сьмех!

Гэта сьнег, толькі сьнег…