TonqiXod і Пукст стварылі песьню, натхнёную казкай Андэрсана (прэм’ера)
Аўтары найлепшых беларускіх рок-альбомаў двух апошніх гадоў сышліся разам, каб запісаць песьню «Марозная» для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».
Сяргей Пукст запісаў найлепшы рок-альбом 2013 году па вэрсіі Experty.by, а TonqiXod узяў перамогу ў гэтай жа намінацыі ў наступным годзе. Раней музыкі нідзе не сутыкаліся, тым цікавей было пачуць іх у дуэце. «Мы ўжо мелі пэўныя музычныя напрацоўкі, але ў закончаную песьню ўсё склалася менавіта дзякуючы праекту, давялося папрацаваць. Перадусім — напісаць тэкст, які б, з аднаго боку, адпавядаў задуме навагодняга канцэрту, а з другога, быў бы для нас саміх прымальны, а ня нейкая прынагодная тэматычная прыпеўка, за якую потым будзе сорамна. Так што Ўладзю са словамі давялося паваяваць», — распавядае клявішнік гурта Максім Субач. Аўтар песьні Ўладзь Лянкевіч кажа, што напісаў ажно тры варыянты тэксту, і толькі апошні яго задаволіў. «Песьня натхнёная казкай Андэрсана пра Сьнежную каралеву, падзеі якой адбываюцца ў сучасным горадзе. І ты ў ролі Кая, ты быў незадаволены навакольлем, магчыма, на некага крыўдаваў, і вось цябе забіраюць адсюль і спачатку гэта файна, як бы новая прыгода нейкая, але пасьля блізкага рэальнага кантакту з гэтым „іншым“ выяўляецца, што ўсё гэта не гульня і ты проста такі бяз курткі ноччу на марозе сярод нейкага пустыра стаіш і ня можаш паварушыцца», — зазначае вакаліст TonqiXod.
Для Сяргея Пукста дуэт з TonqiXod апынуўся цікавым досьведам. «Адразу зь першых хвілінаў працы між намі ўсталявалася пачуцьцё ўзаемнай непрыязнасьці, якое да канца першай рэпэтыцыі перарасло ў лютую нянавісьць, — кажа Сяргей. — Мы рагаталі як коні ўвесьчасна, падкладалі адзін аднаму пэтарды і наогул выдатна павесяліліся. Нейкім дзіўным чынам атрымаўся трэк». «Зь Сяргеем было проста і, галоўнае, весела, — пацьвярджае Ўладзь Лянкевіч. — Давялося яго яго трохі памучыць, але здаецца, што вобраз падмарожанага хлопчыка яму вельмі пасуе».
Песьня «Марозная» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». Пачатак этэру ў 23:15 (па беларускім часе).
Tonqixod і Сяргей Пукст — «Марозная» (музыка гурта «Tonqixod», словы Ўладзя Лянкевіча)
Tuzin.fm
калі яна набліжаецца
стаяць скаваныя
не заводзяцца аўто
зьледзянелыя птушкі падаюць
прабіваючы лабавое шкло
рассыпаюцца пырскамі
пад нагамі хрумсьцяць
пад коламі — пагатоў
мы з табою сьмяяліся
галасамі дзяцей
у дварах закончаных школ
не даляцеўшы да неба
сьмех застываў між галінаў
і правадоў
нават апошніх паверхаў
не дасягаў быццам холад
схапаў за хвост
а потым я дзеля жарту
па дурасьці прывязаў
да ейнага экіпажу
рукавы ўласнага паліто
і мяне пацягнула
ў невядомую поўнач
проста да самага ранку
на сьвятло поўні —
у сьнежным-сьнежным кірунку
і яна ўзяла мяне ў свае карункі
я абмарозіў рукі
аб вашае стаўленьне
ад марозу занямела шчака
але я не захутаўся падставіў другую
і толькі калі састыў амаль да нябожчыка
я зразумеў: гэта яна так цалуе
хацеў быў адмовіцца адгаварыцца
з абдоймаў вызваліцца
але замест слоў у галаве круцілася
толькі табліца
множаньня
бязглузды халодны хлопчык
скрадзены і пераможаны
я абмарозіў рукі
аб вашае стаўленьне
КАМЕНТАВАЦЬ