Так і трэба
4497 / 0
10.02.2016

Гісторыя маладосьці і вар’яцтва ад Martin S. (аўдыё)

Martin S. прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Так і трэба», якая ўвайшла ў іх новы альбом «Першы».

«Няхай песьня і вырваная з агульнага кантэксту, але ўсё адно яна дае ўяўленьне пра нашу музыку, нашага героя ды ягоныя перажываньні. У ёй расказваецца гісторыя маладосьці і вар’яцтва і дасьледуе тую мяжу, да якой можна дайсьці дзеля спраўджаньня мараў», — гэтак прадстаўляе трэк «Так і трэба» вакаліст Martin S. Уладзімер Боська. Альбом для яго каманды, дарэчы, не дэбютны, ён другі па ліку, але першы ў канцэптуальным пляне, таму так так і назвалі. Грошы на яго запіс, каля 3000 даляраў, музыкі сабралі праз прыхільнікаў.

«Мы хочам усё і адразу, таму выбіваем дзьверы, заходзім хутка і хапаем тое, што нам патрэбна проста цяпер. Такі шанец выпаў нам дваім і мы мусім выкарыстаць яго. Пляваць на наступствы! Хай разьляціцца дыммы скочым у аўто і панясемся адсюль. Зрабі музыку гучней, адчыні вокны, я націсну на газ мацней. І калі раптам нам давядзецца не дацягнуць да ранку — то так нам і трэба», — вядзецца ў анатацыі да гэтай песьні.

Найбліжэйшы жывы выступ гурта адбудзецца на «Днях роднай мовы» 19 студзеня. Сачыць за навінамі Martin S. можна праз афіцыйную суполку.

Martin S. — Так і трэба (музыка Ільлі Баська, словы Ўладзімера Боські). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

 

Давай папраўдзе — мы проста ня ўмеем чакаць.

Усё й адразу калі не атрымалі, то ўзяць.

І ў нашых жылах закіпае кроў,

Чуць не хачу больш непатрэбных слоў,

Таму заходзім хутка: «Твар у падлогу! Усім ляжаць! Маўчаць!»

 

Не выключай музыку, зрабі грамчэй,

Хай вецер у твар дуе нам, вокны адкрый.

І ты просіш не спыняць аўто,

А я не планаваў усё адно,

І калі раптам давядзецца нам

Недацягнуць да ранку, то так і трэба.

 

Усё па плане. Няхай разьляціцца ўвесь дым.

Адзіны шанец нам выпаў на пробу дваім.

Не скарыстаць яго я не магу,

На разьвітаньне стрэлы ўгару,

Таму выходзім хутка, ногі ў рукі, усё хапаць, уцякаць.

 

Зоркамі шлях высланы, цягне хайвэй.

Нешта мяняць — сэнсу нуль, зараз прасьцей.

Сустрэчным сьвятлом сьлепіць нас, не панікуй.

Цісну мацней я на газ, валім адсюль.