Бег па канатах
8850 / 2
28.11.2013

Песьня-хук ад HandmadE і Віталя Гуркова (аўдыё)

Гурт HandmadE прадстаўляе ў трэцім туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm сваю новую песьню «Бег па канатах», запісаную дуэтам зь Віталём Гурковым, шчырым беларусам і дзевяціразовым чэмпіёнам сьвету па тайскім боксе.

Вакаліст гурта Яўген Валошын апавядае, што музыка да гэтай песьні ў яго зьявілася падчас знаходжаньня ў Лацінскай Амэрыцы. А словы ўзяў у свайго сябры — паэта Глеба Лабадзенкі. «Мне падалося, што да маёй музыкі будзе пасаваць якраз такі тэкст, які спачатку быў ня проста тэкстам, а вершам пра сумяшчэньні немагчымых і магчымых станаў, пра сьвядомыя і падсьвядомыя ўзроўні ўсьведамленьня чалавечай існасьці».

Сам аўтар прызнаецца, што неаднойчы ўжо Валошын робіць такую песьню на яго словы, якую ён бы ніколі не ўявіў. «Тут Яўген ускладніў сабе задачу: уціснуў верш ў вельмі шчыльны музычны памер. Ад чаго староньні слухач ня зь першага разу разумее некаторыя словы. На гэтую заўвагу Валошын адказаў: „Я сьпяваю на марсіянскай мове, таму ня дзіва, што нехта нечага не разумее“. Шчыра радуюся за сябра, бо гэтая песьня — сапраўдная ўдача, якая чапляе і западае ў душу», — кажа Глеб Лабадзенка. 

Калі справа дайшла да запісу, то выявілася, што два куплеты «Бегу па канатах» трэба было зачытваць, а не сьпяваць. Таму запрасілі знакамітага тайбаксэра Віталя Гуркова, які зьяўляецца вялікім аматарам музыкі і нават граў у гурце Валошына, калі той яшчэ зваўся «Jab Club». У выніку Віталь сам зачытаў другі куплет.

Трэк запісвалі ў Мінску. Зводзіць кампазыцыю ўзяліся на вінтажнай GFI Studios у ЗША. Саўнд-прадусарам выступіў беларус Вадзім Шыфрын. Майстарынг рабіў Брэд Блэквуд з Мэмфісу, між іншым, двойчы ляўрэат «Грэмі». У чарце на Tuzin.fm прадстаўлена дапрацаваная вэрсія песьні.

Якраз «Бег па канатах» HandmadE вырашылі прыкласьці да сваёй заявы на «Эўравізію». Музыкі тлумачаць такі крок вельмі проста — яны хочуць атрымаць дадатковы досьвед. 

SB, Tuzin.fm

HandmadE — Бег па канатах (музыка Яўгена Валошына, словы Глеба Лабадзенкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

КАМЕНТАРЫ: