Гурт Haina выправіўся ў далёкае плаваньне (аўдыёпрэм’ера)
Новы гурт Haina, які заснаваў былы лідэр гурта «Абшар» Ільля Паплёўка, прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm, песьню «Ціхі акіян», якая распавядае пра своечасовы выбар, пра рашучасьць і сьмеласьць.
Гурт Haina паўстаў летась. Як заявіў тады лідэр каманды Ільля Паплёўка ў параўнаньні з камандай, якая звалася «Абшар» зьмянілася ня толькі назва, але і падыход. Гэты рок-гурт вырашыў прынцыпова не выкарыстоўваюць электрагітары, а драйв перадаваць з дапамогай баяну, скрыпкі ды бубнаў. «Ціхі акіян» — першая песьня новай каманды з прэтэнзіяй на гіт. Яна напісаная для дэбютнага міні-альбому, які пабачыць сьвет пры канцы сакавіка. Трэк быў запісаны на менскай студыі Mapletree.
«Бывае, што песьня прыходзіць сама, прыходзіць лёгка і проста: адна падзея, адна рэпэтыцыя. З гэтай песьняй усё было якраз наадварот, — распавядае Ільля. — Мы адразу ведалі, што хочам сказаць, але думак было зашмат, яны блыталіся, іх было складана аб’яднаць у адно цэлае. Пасьлядоўнасьць прыйшла сама і раптам. Мы цалкам засяродзіліся на тым моманце, напэўна таму нечакана для сябе яго згубілі. Так, мы насамрэч дакладна не памятаем, калі ўсё атрымалася».
Песьня «Ціхі акіян» распавядае найперш пра своечасовы выбар, пра рашучасьць і сьмеласьць. «У ёй можна адчуць адначасова і прагу новага, і страх перад ім. Жаданьне нешта зьмяніць без дакладнага пляну дзеяньняў. Інтуітыўная гатоўнасьць рызыкаваць без уяўленьня, чым менавіта давядзецца рызыкаваць», — кажа лідэр Haina.
Пачуць «Ціхі акіян» ды іншыя песьні з новага міні-альбому каманды можна будзе 2 красавіка ў клюбе «Салтайм».
Tuzin.fm
Haina — Ціхі акіян (музыка гурта, словы Ільлі Паплёўкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Стой, пачакай, не бяжы: нам памарыць ёсьць аб чым,
Ёсьць куды паляцець, дзе схавацца ад людзей.
Палічы, палічы, палічы да дзесяці,
Уяві, уяві, уяві, што ты прамень:
Асьвятляй, сагравай, час ад часу асьляпляй.
Добры дзень, капітан, хлопчык верыць толькі вам!
Ветразь тут, ветразь там — што захочаш выбірай:
Проста быць, засынаць, ні пра што не размаўляць.
Пр.:
Дома пакідай страчаныя дні —
Іх ніколі не знайсьці.
Ціхі акіян, Ціхі акіян,
Ціхі акіян — плыві!
Час прымусіў разлюбіць, прымусіў разлюбіць межы вуліц,
Тых, дзе месца не для ўсіх, дзе вораг — гэта ты: пашанцуе.
Што, калі усіх забіць, калі усіх забіць — стане сумна
Жыць, затое не баліць, нічога не баліць, не турбуе.
Праз ураган, землятрус, праз пустыню і тайфун,
Кантынэнт нумар два — ілюзорная зямля.
Можа быць, можа быць, шлях ня мусіў быць такім,
Але дзень, будзе дзень, падарункі прынясе.
КАМЕНТАВАЦЬ