Апошні зонг
7178 / 0
13.10.2016

«Апошні зонг». Ili-ili дапоўнілі Брэхта (прэм’ера!)

Гурт ili-ili прадстаўляе на Tuzin.fm песьню «Апошні зонг», адмыслова напісаную да спэктакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Тэатру Ч.

Стварэньне саўндтрэку да спэктакля «Матухна Кураж і яе дзеці» музыкі з ili-ili — самі, між іншым, акторы Купалаўскага тэатру — называюць адной з самых значных працаў. Гэта адзіны аўтарскі твор у славутай п’есе нямецкага драматурга. «Па запавеце Бэртальта Брэхта ўсе зонгі, што ёсьць у гэтай п’есе, павінны гучаць на яго музыку, але спадкаемцы аўтара далі нам дазвол на стварэньне сваёй, арыгінальнай. І мы выконваем гэтую музыку жыўцом падчас спэктакля, што для Беларусі даволі рэдкая зьява», — кажа Зьміцер Есяневіч.

Удзельнік ili-ili Міхась Зуй кажа, што гэтую кампазыцыю ім прапанаваў напісаць рэжысэр пастаноўкі Міхаіл Лашыцкі: «Песьня мусіла перадаваць сэнс спэктаклю. На жаль, тэмы, якія тут уздымаюцца, надзвычай актуальныя і сёньня, праз амаль 80 гадоў пасьля напісаньня п’есы. Вайна побач і яна клікае людзей за сабою».

У запісе «Апошняга зонгу» таксама бралі ўдзел Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас) і Міхаіл Есьман (труба). Запісаў песьню гукарэжысэр Віталь Кулеўскі, а вокладка да яе належыць аўтарству Міхаіла Лашыцкага.

Спэктакль «Матухна Кураж і яе дзеці» можна пабачыць 21 лістапада на вялікай сцэне к/з «Мінск», а 26 лістапада ili-ili дае сольны канцэрт у паб-клюбе «Графіці».

Паслухаць песьню на Soundcloud

ili-ili — Апошні зонг (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Маці, куды яны клічуць мяне?

Куды яны клічуць мяне?

Я ня буду гуляць на гэтай вайне,

Не хачу забіваць у гэтай гульні.

Маці, куды яны клічуць мяне?

 

Маці, навошта ім я?

Навошта ім я?

Я бачыў, як тата сядаў на каня,

А зараз — на камні таты імя.

Маці, навошта ім я?

 

Маці, мы ня хочам быць зь імі.

Мы ня пойдзем за імі.

Мы ня будзем ляжаць у зямлі маладымі,

Ты ня ўбачыш крыжоў над дзецьмі тваімі.

Маці, мы застаемся жывымі.

 

Браце, хто зрабіў нас чужымі?

Хто зрабіў нас чужымі?

Яны хочуць нішчыць рукамі тваімі,

Але мы ніколі ня пойдзем за імі.

Браце, мы застаемся жывымі.