Цудоўны вечар
4041 / 0
23.10.2019

Palina пра «Цудоўны вечар»: «Вялікі гонар перасьпяваць такі твор!» (аўдыё/відэа)

У адмысловым туры аўдыёчарту на TuzіnFM, прысьвечанаму музычнаму праекту «Нас у Маскве не зразумеюць», Palina прэзэнтуе сваю бачаньне першага гіта гурта «Новае Неба» на словы Міхала Анемпадыстава.

«Цудоўны вечар» — першая пеcьня, якую напісаў рок-паэт Міхал Анемпадыстаў для Касі Камоцкай і гурта «Новае Неба». Праз чвэрць стагодзьдзя яна атрымала другое жыцьцё — у навагоднім музычным праекце «Нас у Маскве не зразумеюць» яе выканала Palina, вядомая раней як Паліна Рэспубліка. «Я пагадзілася, таму што гэта песьня аўтарства чалавека, які шмат што зрабіў як для нашай культуры, так і для мяне асабіста. Вялікі гонар перасьпяваць такі знакавы твор і мне спадабаўся вынік!» — кажа Паліна.

На просьбу TuzinFM гэты варыянт ацаніла выканаўца арыгіналу — Кася Камоцкая. «У Паліны, на мой погляд, атрымалася больш глямурна і прыджазована. А ў Новага Неба“ песьня была натхнённа-наіўная. Пра каханьне. А ў Паліны, на мой погляд, скептычна: каханьне? Хм… Але гэта вынікае з манеры сьпеву, а сама аранжыроўка — вельмі блізкая, хацелася б і тут паболей інакшасьці. А ўвогуле спадабалася!» — зазначыла сьпявачка.

TuzinFM

Palina — Цудоўны вечар (музыка Касі Камоцкай, словы Міхала Анемпадыстава)

Цудоўны вечар. Мы палім сьвечкі,

Гуляем у спрэчкі і плавім воск.

Мы п'ем гарбату, і водар гаркавы

Паміж намі будуе мост.

 

Кахаем аднойчы то двойчы, то тройчы.

Вочы ў вочы; то недзе, то тут.

Яна пазірае ў вакно і ня рае

Ў пошуках раю лезьці ў бруд.

 

Старыя рэчы заўсёды дарэчы.

Рукі на плечы апошні баль.

Танчым аднойчы, таньчым адвечна

Можа на радасьць, а можа, на жаль.

 

Цудоўны вечар. Мы палім сьвечкі,

Гуляем у спрэчкі і плавім воск.

Мы п'ем гарбату, і водар гаркавы

Паміж намі будуе мост.