Botanic project пазнаёмілі Янку Купалу з Бобам Марлі (аўдыё)
Вядучая рэгі-каманда краіны Botanic project прэзэнтуе на Tuzin.fm песьню на музыку Боба Марлі і на словы Янкі Купалы «А хто там ідзе?».
«А хто там ідзе?» — фінальны нумар альбому «Сказка», які гурт толькі што прэзэнтаваў. Прэм’ера адбылася ў няпростыя для іх часы — адзін з заснавальнікаў і вакалістаў Клім Малажавы цяпер знаходзіцца ў турме ў чаканьні суду. «Мы сабралі волю ў кулак і дарабілі справу, якую пачалі разам, партыі Кліма давялося вышукваць у студыях у дэма-вэрсіях і рэстаўраваць», — кажа другі вакаліст каманды Андрэй Багамолаў.
Адна з разынак «Сказки» — беларускамоўны дэбют Botanic project. У ёй спалучылася музыка Боба Марлі і паэзія Янкі Купалы. «Гэта невыпадковасьць, за музычны ўзор мы ўзялі марлееўскую тэму „Exodus“ — „Сыход“, а за тэкст — клясычны верш „А хто там ідзе“. Абодва аўтары кажуць пра тое ж самае, па-сутнасьці — пра пакуты прыгнечанага народу і пра несправядлівасьць, якая чыніцца, ды пра гатоўнасьць гэтаму супрацьстаяць. Нам здаецца, што гэтая ідэя актуальная для нашай краіны, як ніколі», — кажа Андрэй. Менавіта ён прапанаваў зрабіць гэты твор. Клім мусіў запісаць бэк-вакал, але не пасьпеў.
У запісе кампазыцыі акром Андрэя Багамолава (вакал), узялі ўдзел Аляксей Тарасевіч (бубны), Саша Геліх (бас), Аляксей Машчэньнікаў (гітара), Цімур Рэйзіс (клявішныя), Фёдар Малікін (флейта), Мікіта Кузьмін (пэркусія). Запісаў і зьвёў Саша Геліх (Gel Rec Studio), вакал запісаў Раман Андрыянаў (Alt R Studio).
Пачуць увесь альбом можна ў афіцыйнай суполцы Botanic project ці спампаваць з афіцыйнага сайту каманды. А пачуць гурт ужывую 24 лістапада ў менскім Beer&Wine і 12 лістапада ў маскоўскім клюбе «Сады Бабилона».
Прэзэнтацыя песьні на аўдыёканале «Tuzin. Streaming Belarus»
Botanic project — А хто там ідзе (музыка Боба Марлі, словы Янкі Купалы). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крывi, на нагах у лапцях?
— Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
— На сьвет цэлы.
А хто там iдзе, а хто там iдзе
— Беларусы.
А хто гэта iх, не адзiн мiльён,
Крыўду несьць навучыў, разбудзiў іх сон?
— Бяда, гора.
А хто там iдзе, а хто там iдзе
— Беларусы.
А чаго ж, чаго захацелася iм,
Пагарджаным век, iм, сьляпым, глухiм?
— Людзьмi звацца.
А хто там iдзе, а хто там iдзе
— Беларусы.
Вельмі някепска.
КАМЕНТАВАЦЬ