Tiptoe. Модна, «папсова» і па-беларуску (прэм’ера)
Індзі-поп гурту зь Віцебску Tiptoe падалося, што ў беларускай музычнай прасторы замала добрых «папсовых» песень, таму яны вырашылі стварыць сваю. На Tuzin.fm каманда Сашы Балагана і Волі Горынай прадстаўляе сваю першую беларускамоўную кампазыцыю «Бай».
Tiptoe — зусім маладая група. Яе заснавалі сёлета ў Віцебску мультыінструмэнталіст і прадусар Саша Балаган (Аляксандар Юр’еў) і сьпявачка ды аўтарка тэкстаў Вольга Горына. Яны ўжо прэзэнтавалі дэбютны ангельскамоўны міні-альбом з 5 кампазыцыяў «5ive», які трапіў у ратацыю беларускіх і замежных радыёстанцыяў. З лайв-відэа на песьню «Goodbye» музыкі перамаглі ў конкурсе, які праводзіла кампанія Sennheiser. Гэтую ж кампазыцыю Саша і Воля вырашылі выдаць асобным сынглам у перакладзе на беларускую. «Мы падумалі, што ў музычнай прасторы мала модных „папсовых“ песень менавiта на беларускай мове, таму і вырашылі паспрабаваць вось такое новае гучаньне!» — распавядае Саша. Экспэрымэнт ім самім спадабаўся — у наступным альбоме, над якiм цяпер працуе Tiptoe, мае зьявіцца яшчэ адна беларуская песьня.
Гурт зьбіраецца пашырыць склад дзеля выступаў ужывую. Да іх далучыцца таксама гітарыст Вадзім Вода, які ўзяў удзел у запісе аднаго з трэкаў міні-альбому, а таксама бубнач Максім. Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйныя суполкі Vkontakte і Facebook.
Песьня «Бай» возьме ўдзел у 4-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. На нашым канале на Soundcloud таксама даступная для праслухоўваньня і спампоўваньня радыё-вэрсія гэтай кампазыцыі.
Tiptoe — Бай (музыка Аляксандра Юр’ева словы Вольгі Горынай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Мяне цягне да цябе.
Блытаюцца думкі ў галаве.
Напэўна, пакахала я дарма,
Бо ў душы маёй толькі нуда.
Можа ты адкрыеш мне сакрэт?
Aдчуваю нейкі я прасьвет.
Ён як быццам між табой і мной —
Я ня ведаю, што рабіць з сабой.
Можа я прыдумала сабе,
Што ты так патрэбен мне.
Перад мной дзьверы не зачыняй,
Калі я скажу бай-бай!
Не дазволіў мне сябе пазнаць,
Я ня буду крыўду трымаць.
Хлопча, ты мяне не забывай,
Калі я скажу бай-бай!
Калі я скажу бай-бай!
Калі я скажу бай-бай!
Калі я скажу бай-бай!
Калі я скажу бай-бай!
КАМЕНТАВАЦЬ