Žorny
19930 / 0
17.12.2017

«У горадзе з назвай Прамзона». Жывыя «Жорны» ад Вольскага (аўдыё+відэа)

Лявон Вольскі прэзэнтуе ў зімовым чарце на TuzinFM жывую вэрсію песьні «Žorny», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live.

Выканаўца распавядае, што песьню «Жорны» напісаў узімку 2015 году ў Швайцарыі. У той жа час і ў тым жа месцы, дарэчы, паўстала большасьць кампазыцыяў з «гарадзкой» часткі альбому «Псыхасаматыка» праекту Volski. Але задума самога тэксту паўстала значна раней. «Сэнс песьні просты і зразумелы. Неяк даўно я напісаў кароткі верш: „Круціць дзяржава жорны/Будзе мукою зерне/Калісьці і мы з табою/Мой сябар, будзем мукою“. З гэтага колішняга вершу й нарадзілася песьня. Рок-музыкі часта зьвяртаюцца да тэмы стасункаў асобы і дзяржавы. Я не выключэньне», — распавядае Лявон. «Žorny» ўвайшлі ў жывы сэт, які быў сыграны ў праграме Belsat Music Live.

Глядзець цалкам выданьне Belsat Music Live зь Лявонам Вольскім

Цяпер у актыўным стане існуе некалькі праектаў Лявона. З «Крамбамбуляю» музыка дае вялікі канцэрт у Prime Hall 21 cьнежня. Напярэдадні гэтай падзеі была прэзэнтаваная новая песьня «Партызаны каляднага лесу» і кліп на яе. Працягваецца сатырычны праект Вольскага «Саўка ды Грышка» на «Радыё Свабода». Неўзабаве на TuzinFM будзе таксама прэзэнтаваны зусім новы музычна-паэтычны праект, зроблены пры ўдзеле Вольскага. Што да рок-гурту Volski, то яны таксама рыхтуюць сюрпрыз, пра што паведамляецца ў афіцыйнай суполцы.

Volski — Žorny (словы і музыка Лявона Вольскага)

TuzinFM, фота alexmuzyka.com

Pošuki śviežaha vietru

U horadzie z nazvaj Pramzona.

Ranak biazzorny.

Kruciacca, kruciacca žorny.

 

Novyja ludzi staryja,

Prychodziać na ciopłyja miejscy.

Usio biezdakorna.

Kruciacca, kruciacca žorny.

 

Refren:

Kruciacca žorny

Mir i spakoj.

Truščycca ziernie i

Budzie mukoj.

Kruciacca žorny

Mir i spakoj.

Truščycca ziernie i

Budzie mukoj.

 

Zichotkija teleprahramy,

Zorki piajuć pra luboščy.

Abjomnyja formy,

Kruciacca, kruciacca žorny.

 

Chtości pakinuŭ šerah,

Łancuh nie zaŭvažyŭ straty.

Usio iluzorna.

Kruciacca, kruciacca žorny.

 

Refren.

 

Chočacca niešta źmianić tut,

Vypić jakoj-niebudź koły.

Źjeści papkornu.

Kruciacca, kruciacca žorny.

 

Refren.