NGe. «Зіма», якая захапляе (аўдыё)
У сёмым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт NGe прэзэнтуе песьню «Зіма», у якой музыкі імкнуцца закрануць увесь дыяпазон эмоцыяў.
«Хацелася зрабіць так, каб наша „Зіма“ захапіла слухача, таму мы збудавалі песьню на рэзкім кантрасьце паміж часткамі. Яна жорсткая і адначасова мэлядычная. Нам здаецца яна зачэпіць сваёй энэргетыкаю, бо кранае ўвесь дыяпазон эмоцыяў», — кажа аўтарка кампазыцыі, вакалістка NGe Вольга Баразна.
«Зіма» ўвайшла ў дэбютны альбом «Мы», які пабачыў сьвет у 2016 годзе. Гэты дыск атрымаўся стылістычна разнастайным, дзякуючы сумесі жывой эмацыйнай музыкі і рытмічнай электроннай, нават экспэрымэнтальнай. На днях музыкі прэзэнтавалі таксама на Tuzin.fm кліп на песьню «Толькі мы». Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.
NGe — Зіма (музыка і словы Вольгі Баразны). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Сухі пацалунак ветру
Непрыемна хвалюе,
Робіць маленькай мяне.
Ён лічыў кілямэтры,
Каб у час апынуцца
Холадам па маёй сьпіне.
Я толькі заўважыла —
У горад прыйшла зіма.
І раптам навокал усё разбураецца.
І ноч ужо болей на дзень не зьмяняецца.
Самазваныя белыя кветкі
Прарастаюць скрозь шыбу,
Колюць далоні мае.
Выпадковыя сьведкі —
Назіраем за імі,
Нібыта іх не існуе.
Мы толькі заўважылі —
У горад прыйшла зіма.
І раптам навокал усё разбураецца.
І ноч ужо болей на дзень не зьмяняецца.
КАМЕНТАВАЦЬ